14.12.2022 8:48

Васілій Таркан: «Толькі наперад, толькі з людзьмі!»

Кожны дзень праходжу каля дзіцячай мастацкай школы мастацтваў па вуліцы Язэпа Драздовіча. Адкрыта яна была яшчэ ў канцы сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Яе першым дырэктарам быў Васілій Таркан, які ўзначальваў установу больш за трыццаць гадоў.

Васілій Таркан у рэдакцыі «Маладзечанскай газеты». Васілій Таркан у рэдакцыі «Маладзечанскай газеты».

Колькі таленавітых вучняў выйшлі са сцен школы, сталі мастакамі, архітэктарамі, дызайнерамі! Колькі выхавана творчых людзей, якія ўмеюць заўважаць і ствараць прыгажосць вакол сябе! Навучальны працэс ладзіўся так, каб дзецям было найперш цікава, каб яны з задавальненнем прыходзілі ў школу, ведалі, што ад-крыюць для сябе таямніцы творчасці, сустрэнуцца з любімымі настаўнікамі.

Ніколі не забывалі тут пра высокае прызначэнне мастацтва, пра духоўныя каштоўнасці. Прыхаджане храма святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца, настаяцелем якога з’яўляецца айцец Віталій Мацюлька, памятаюць, што жыццё прыходу пачыналася… з мастацкай школы. Перад богаслужэннямі ў школьным фае на сценах замест карцін размяшчалі праваслаўныя іконы. Не ўсе адразу зразумелі такую неабходнасць, а вернікі ішлі сюды, маліліся за сябе і сваіх блізкіх. Васілій Таркан два з паловай года быў старшынёй царкоўнага савета храма.

Неўзабаве ў скверы ля брацкай магілы ўстанавілі прыстасаваны вагончык. А больш за дзесяць гадоў таму мітрапаліт Філарэт залажыў капсулу ў фундамент будучага Свята-Георгіеўскага храма. Гэта толькі здаецца, што падзеі разгортваюцца самі сабой, з’яўляюцца новыя радкі ў летапісе жыцця. На самай справе ўсё адбываецца з Божай дапамогай, дзякуючы людзям, якія жывуць з верай у сэрцы.

Многія ведаюць Васілія Аляксеевіча як арганізатара аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў мастацкай школе, якое потым было пераведзена ў Маладзечанскае музычнае вучылішча, стваральніка раённай мастацкай галерэі ў Плябані і музея ў Гарадку. Усё гэта было да яго выхаду на заслужаны адпачынак. Але і на пенсіі ён не сядзіць без справы.

Працяглы час Васілій Таркан узначальвае раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў». Стараецца жыць клопатам аб людзях. Асабліва тых, каму лёсам наканавана прайсці праз жыццёвыя цяжкасці і выпрабаванні. Аднаму чалавеку патрэбна матэрыяльная падтрымка, іншаму — добрае слова, магчымасць пераканацца ў тым, што ён не адзін. Значыць, трэба патэлефанаваць, пацікавіцца справамі, станам здароўя. Не забыць павіншаваць юбіляраў, адрасаваць ім шчырыя пажаданні.
— Стараемся напоўніць жыццё добрымі ўражаннямі. Да пандэміі ездзілі ў Санкт-Пецярбург, па святых месцах Беларусі, пабывалі ў некалькіх вядомых манастырах, у тым ліку Жыровіцкім, — успамінае субяседнік.

Сёлета Васілій Таркан разам з аднадумцамі, такімі ж творчымі людзьмі, выступаў на Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў імя Ігара Лучанка «Віцебск-2022». Фестываль сабраў больш за 200 удзельнікаў з Беларусі і Расіі. Салісты народнага клубнага аб’яднання «Адпачынак» Палаца культуры прадставілі песню «Вёска-вёсачка» і былі ўзнагароджаны за арыгінальнасць спецыяльным дыпломам у намінацыі «выканальніцкае майстэрства».

Дарэчы, удзел у народным клубным аб’яднанні — неад’емная частка жыцця нашага земляка. Ён добра спявае. Нямала апладысментаў адрасавалі гледачы вакальнаму трыа ў складзе Васілія Таркана, Аляксандра Хазяніна, Уладзіміра Маркелава. Удзячны «адпачынкаўцы» кіраўніку калектыву Ядвізе Чаеўскай, хормайстру Людміле Пагарэлавай. Не так даўно самадзейныя артысты пабывалі з выступленнямі ў Смалявічах, Стоўбцах. Яны заўсёды жаданыя госці ў санаторыі «Вяжуці».

З Уладзімірам Маркелавым.

Пагаварылі мы і пра спартыўныя спаборніцтвы, што праходзяць пры падтрымцы аддзела спорту і турызму райвыканкама. Людзі з інваліднасцю прымаюць у іх актыўны ўдзел. Гэта спаборніцтвы па дартсе, лёгкай атлетыцы, настольным тэнісе, шашках і шахматах.
— Цесна супрацоўнічаем з Маладзечанскай раённай арганізацыяй Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, установамі культуры і адукацыі, — працягвае Васілій Аляксеевіч. — Удзячныя за матэрыяльную падтрымку Мінскаму мэблеваму цэнтру, мэблевай фабрыцы, электрамеханічнаму заводу, прадпрыемствам «Энэф» і «Струм»…
У некаторых з іх ёсць работы гэтага мастака. Дарэчы, ён і цяпер застаецца верным выяўленчаму мастацтву. Піша карціны, на якіх занатоўвае самыя разнастайныя сюжэты. Асобнае месца займае рэлігійная тэма.

15 снежня Васілію Аляксеевічу спаўняецца 75 гадоў. Да адметнай даты ў офісе раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў прадстаўлена невялікая экспазіцыя яго работ. Пяць гадоў таму персанальная выстава Васілія Таркана ладзілася ў Палацы культуры. Фотаздымкі захаваліся ў рэдакцыйным архіве. Хутка знайшлі мы і кадры, зробленыя ў Мінскім абласным драматычным тэатры.
Дарэчы, Васілій Аляксеевіч — верны сябар «Маладзечанскай газеты». Неабыякавы чалавек цікавіцца жыццём горада і раёна, некаторых герояў публікацый ведае асабіста.

Вольны час наш зямляк любіць бавіць на прыродзе. Ёсць за горадам дача, дзе садзіць агарод. Больш за чвэрць стагоддзя таму прыжыліся ў садзе яблыні, слівы, вішні. Адорваюць дрэвы гаспадара сваімі пладамі. Яны быццам нагадваюць пра тое, што кожны чалавек таксама павінен прынесці свае плады. Няхай гэты ўраджай будзе шчодрым, паслужыць на радасць людзям, з якімі ён сустракаецца па жыцці. Мы жадаем Васілію Аляксеевічу моцнага здароўя, радасці, дабрабыту, поспеху ў справах. Ніколі не страчваць пачуцця гумару, пазітыву і аптымізму. Заставацца верным сваёй філасофіі, тым больш што па адукацыі і па жыцці ён філосаф. Няхай застаецца нязменным правераны часам дэвіз: «Толькі наперад, толькі з людзьмі!».

Людміла ЦАР.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 354 раз
Людміла Цар

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.