14.10.2022 11:31

Сямейны педагагічны стаж — 150 гадоў

Вельмі сімвалічна, што адным з пераможцаў нашага конкурсу «Дапішы словы па вертыкалі» на тэму «Школьнае жыццё» стаў былы настаўнік матэматыкі Аляхновіцкай сярэдняй школы Пётр Станкевіч.

46 гадоў аддаў Пётр Антонавіч педагагічнай працы. 46 гадоў аддаў Пётр Антонавіч педагагічнай працы.

46 гадоў аддаў ён педагагічнай працы. Нават цяжка ўявіць, колькі вучняў за амаль паўвека навучыў складаць, множыць і дзяліць. Пётр Антонавіч меў вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, кіраваў раённай «Школай маладых матэматыкаў», два гады быў дырэктарам лагера юных матэматыкаў. Магчыма, праз гады яго вучні не памятаюць усіх матэматычных формул, аднак свайго настаўніка не забылі — наведваюць, тэлефануюць, віншуюць з прафесійным святам, якое было зусім нядаўна — у першую нядзелю кастрычніка.

Нельга не сказаць аб тым, што жонка Пятра Антонавіча Рэгіна Рыгораўна працавала настаўніцай фізікі. На жаль, яе пяць гадоў як няма на гэтым свеце. Па слядах бацькоў пайшла і дачка Ганна, якая выкладае інфарматыку і матэматыку ў Аляхновіцкай СШ, а яе муж Юрый Капцюг — настаўнік пачатковых класаў Дубраўскай СШ. Акрамя таго, нявестка Пятра Станкевіча Ганна — дырэктар адной са школ на Гомельшчыне. Калі скласці разам педагагічны стаж сям’і Станкевічаў-Капцюгоў, атрымаецца больш за 150 гадоў.

Прыемна, што шмат дзесяцігоддзяў Пётр Антонавіч выпісвае нашу газету.

— Не расстаюся з «раёнкай», прывык да яе, — гаворыць ветэран працы. — У мяне захавалася выразка са «Святла камунізму» 1974 года, на якой я сфатаграфаваны ля агітацыйнага стэнда. А наогул, у мяне сем альбомаў з фотаздымкамі, у якіх маё жыццё, пачынаючы з першага класа, жыццё нашай сям’і…

Пётр Антонавіч расказвае, што і раней выконваў заданні нашага конкурсу, але рабіў гэта для сябе, не дасылаў у рэдакцыю. А на гэты раз вырашыў паўдзельнічаць. І не прагадаў — стаў пераможцам. «Алгарытм», «лабарант», «астраном», «анатомія», «сталовая» — кожнае з напісаных ім слоў асацыіруецца са школай. І ў кожнага з нас выклікае свае ўспаміны…

Віншуем нашага даўняга чытача з перамогай, жадаем яму яшчэ многа-многа гадоў чытаць нашу газету і знаходзіць у кожным нумары нешта цікавае для сябе.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Пятра СТАНКЕВІЧА.

Прочитано 412 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.