Ірына Міхайлаўна ў адукацыі больш за 30 гадоў. Старое Места (былая плошча Свабоды) – любімы куток дзяцінства маладзечанкі. А сярэдняя школа №5, якую яна закончыла, – альмаматар.
— У старэйшых класах, памятаю, пісалі сачыненне на тэму: «Кім я хачу стаць?». Я напісала, што хачу стаць актрысай. «Ты любіш мову, літаратуру, раю вывучыцца на настаўніка», – сказала тады мой класны кіраўнік Раіса Аляксандраўна Праскуранка, — успамінае субяседніца. – З выбару прафесіі і пачаўся, можна сказаць, адлік часу маёй працоўнай біяграфіі. Тым больш што ў дзяцінстве часцяком ездзіла да бабулі на Валожыншчыну. А там у вёсцы свая гісторыя, мова, песні, абрады. Было вельмі цікава…
У Ірыны і Алега Рыбаковых дзве дачкі — Анжаліка і Алёна. Яны жывуць са сваімі сем’ямі асобна. Старэйшы ўнук Мацвей пойдзе ў сёмы клас, Андрэю пяць гадоў, Івану – два. Усе яны любяць збірацца ў вёсцы Белае, на Смаргоншчыне, у бацькоўскім доме Алега, дзе прыемна і папрацаваць, і адпачыць.
Ірына Міхайлаўна з захапленнем чытае «Маладзечанскую газету». Гаворыць, што адны публікацыі яе хвалююць, іншыя – адкрываюць нешта новае. А старыя фотаздымкі пад рубрыкай «Старое фота» – нібыта падарожжа ў мінулае. А яшчэ настаўніца з’яўляецца рэдактарам гімназічнай газеты «ПАchatАК». Таму наведванне нашай рэдакцыі для яе асабліва цікавае.
— Якую літаратуру на беларускай мове чытаюць гімназісты? – цікаўлюся ў субяседніцы.
— Школьную праграму абавязкова. А ўвогуле, падлеткі любяць творы Івана Шамякіна, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча. З задавальненнем удзельнічаюць у творчых праектах, звязаных з камп’ютарамі, новымі тэхналогіямі.
Ірына Міхайлаўна пажадала чытачам «МГ» здароўя і поспехаў. А нашай газеце — пашыраць рады яе прыхільнікаў.
Тэкст і фота: Анатолій ФЯДУЛАЎ.