19.07.2022 9:23

Камін з кардону, ружы, «вышытыя» на шафе, і камяні з… вачыма

Усё гэта і шмат чаго іншага можна ўбачыць у доме жыхароў Насілава Любові і Мікалая Благавешчанскіх. Іх сям’я — удзельніца раённага конкурсу «Ветэранскае падвор’е-2022» у намінацыі «Ад прыроды матэрыял, ад майстра талент».

Мікалай і Любоў Благавешчанскія і іх унукі Ваня, Аня і Максіміліян. Мікалай і Любоў Благавешчанскія і іх унукі Ваня, Аня і Максіміліян.

У гаспадара залатыя рукі

Мікалай Платонавіч – інжынер-будаўнік. Усё, што знаходзіцца на падворку, узвёў сваімі рукамі: невялікі домік, з якога ўсё пачыналася, лазню, хляўчук, басейн на дзевяць кубоў і, нарэшце, прасторны двухпавярховы дом, у які муж і жонка два гады таму перабраліся з Маладзечна. Яны гавораць, што не змаглі б асіліць будоўлю без дапамогі зяця Юрыя, дачкі Анастасіі, сына Дзяніса, нявесткі Таццяны. Цяпер у доме любіць збірацца ўся сям’я, унукам Ані, Ваню, Максіміліяну тут раздолле.

Любоў Мікалаеўна на пенсіі. 30 гадоў адпрацавала на піўзаводзе мікрабіёлагам, загадчыцай лабараторыі, намеснікам дырэктара, інжынерам па якасці. Апошняе дзесяцігоддзе ўзначальвае ветэранскую арганізацыю гэтага прадпрыемства, якое рэканструявана ў ТАА «Завод напитков «Роял-фрут». Дарэчы, у Насілаве жывуць многія яе былыя калегі: Антаніна Бягун, Сняжана Туровіч, Мікалай і Алена Пашкоўскія, Яўгенія Шыловіч, Мікалай Радына, Рыгор і Наталля Пятроўскія, Наталля Станулевіч. Любоў Мікалаеўна збірае матэрыялы пра піўзавод, сярод іх шмат выразак з нашай газеты, якую Благавешчанскія пастаянна выпісваюць.

«З кожнай прагулкі нясу каменьчык»

— Асабліва мяне натхняюць круглыя камяні. Бачыце, гэты нібыта нарадзіўся з выемкамі-вочкамі, мне заставалася іх толькі фарбай падкрэсліць, — трымае на далоні адну са сваіх работ Любоў Мікалаеўна.

Рукадзельніца ўмее разгледзець вочкі ў камянёў.

З камянёў, вялікіх і малых, яна стварае пано, аб’ёмныя фігуркі. Сімпатычныя чарапаха, сабачка, качка пасяліліся на падаконніку ва ўтульнай кухні. Чародка соў размясцілася на арыгінальным пано ў верандзе. Многія работы аформлены ў тэхніцы кропкавага роспісу спецыяльнай фарбай пад назвай «контур». Глядзяцца яны вельмі незвычайна, нагадваюць яркія ўсходнія ўзоры.

Совы на пано з каменьчыкаў.

Выраб сувеніраў з камянёў – толькі адзін кірунак творчасці гэтай таленавітай жанчыны. Не пройдзе яна і міма мудрагелістага кораня дрэва ў лесе. Калі адпачывала ў Сочы, не паленавалася адтуль прывезці корань, які ператварыла ў бабу-ягу. Побач з ім лесавік, ужо беларускага паходжання… З карэньчыкаў стварыла пано, на якім размясціла старыя наручныя гадзіннікі: хоць і не ідуць ужо, але нагадваюць пра той час, калі гаспадары іх насілі.

У верандзе за канапай усіх вітае пашытая майстрыхай вялізная, у чалавечы рост, лялька па імені Марта. Ёй выдатна падышоў стары світар дачкі.

Лялька Марта.

 
На другім паверсе дома – белы камін. Толькі калі падыдзеш бліжэй, разумееш, што ён бутафорскі, з кардону, пенапласту.

— Трэба было неяк схаваць разводку электраправодкі ў сцяне, вось я і прыдумала такі элемент дэкору, — гаворыць рукадзельніца.

Кардонны камін нібыта сапраўдны.

У старадаўніх рэчах асаблівая энергетыка

Яшчэ адно захапленне маёй субяседніцы – рэстаўрацыя старадаўніх рэчаў. Іх у доме нямала, і яны надаюць пакоям асаблівую ўтульнасць, каларыт. Побач з камінам – старое крэсла-качалка, якое дасталася рукадзельніцы ў вельмі дрэнным стане. Яна яго поўнасцю разабрала, пачысціла ўсе дэталі, а затым па-новаму сабрала. Адрэстаўравала і люстэрка сваёй бабулі Усцінні, якому без малога сто гадоў. Старую паліраваную секцыю савецкіх часоў перафарбавала ў белы колер. Яна дзеліць вялікую гасціную на зоны, на яе задняй сценцы гаспадыня намалявала ружы, якія здалёк глядзяцца, нібыта вышытыя. Побач паставіла арыгінальны таршэр з вязанымі элементамі. Канапу ўпрыгожвае адноўлены дыванок з дамай — такія ў даўніну вешалі ля ложкаў. На лесвічнай пляцоўцы невялічкі калаўрот, куплены на «блышыным» рынку ў Германіі, як і многія іншыя старадаўнія рэчы. У кухні арыгінальныя чахлы на крэслах, якія пашыла Любоў Мікалаеўна. Яна расказвае, што шыць навучылася яшчэ ў школе, нажная машынка «Чайка» — верная спадарожніца яе жыцця. Майстравала на ёй уборы сабе, мужу, дзецям. Цяпер стварае арыгінальныя рэчы для ўпрыгожвання інтэр’ера.

Калі глядзіш на ўсю гэту прыгажосць, застаецца толькі здзіўляцца, як у гаспадыні на ўсё хапае часу. На сядзібе нямала градак, кветак, якія таксама патрабуюць клопату. Аднак калі гэта прыносіць задавальненне і радуе вока, то і сілы знаходзяцца. А вясковы прастор і свежае паветра, зеляніна іх вуліцы Зялёнай і, галоўнае, дарагія сэрцу людзі натхняюць на новыя шэдэўры, кулінарныя эксперыменты і нават на вершы…

Радуюць гаспадыню кветкі на сядзібе.

Любоў БЛАГАВЕШЧАНСКАЯ

Осень льется в окошко,
В душу льется мою.
Осень жизни прекрасна,
И я осень люблю.
Притомились все страсти,
Поумерился пыл.
Позитива, спокойствия
Миг наступил.
Когда утром проснешься,
Никуда не спешишь.
С благодарностью в сердце
Молитву творишь.
***
Не магу пражыць імгнення,
Каб табой не даражыць.
Сэрцу побач прасцей стукаць,
І жыццё паўней любіць.
Бог даруе нам спатканні,
І падтрымку, і цяпло,
Аднаго прашу ў Бога:
Каб здароўе нам было.

 

РЭЦЭПТ АД ГАСПАДЫНІ

Салата з кабачкоў

700 г кабачкоў нарэзаць тонкімі колцамі (слайсамі). Тонка парэзаць 1 цыбуліну, здрабніць 2 зубкі часнаку, кроп. Дадаць чайную лыжку солі, палову чайнай лыжкі цукру (можна крыху больш), па 2 сталовыя лыжкі воцату і алею, сталовую лыжку французскай гарчыцы, востры перац па жаданні. Усё перамяшаць, даць дзве гадзіны прамарынавацца, і можна ўжываць.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І БЛАГАВЕШЧАНСКІХ.

Прочитано 680 раз Последнее изменение 19.07.2022 9:23
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.