У акружэнні дачок, зяцёў, унукаў залатыя юбіляры, як і 50 гадоў таму, распісаліся, толькі на гэты раз у кнізе ганаровых юбілейных вяселляў, абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі, станцавалі вальс, прымалі віншаванні ад радні і блізкіх. Не абышлося і без традыцыйнага «горка!». Іх павіншавала кіраўнік спраў сельвыканкама Наталля Бычкевіч, якая вяла ўрачыстую цырымонію.
Пазнаёміліся ганаровыя юбіляры на рабоце. Спачатку на цагляны завод у Прудах уладкавалася Ларыса, якая вырасла непадалёк – у Хатуцічах. Пасля службы ў арміі сюды прыехаў працаваць Уладзімір, жыхар Зоранькі. Яны зарэгістравалі свой шлюб 17 чэрвеня 1972 года ў Палачанскім сельсавеце. У хуткім часе вырашылася пытанне з жыллём: спачатку жылі з падсяленнем, а калі нарадзіліся дзеці, атрымалі ад завода сваю кватэру. Уладзімір Аляксандравіч усё жыццё працаваў вадзіцелем: на цагляным заводзе, на заводзе жалезабетонных канструкцый, у калгасе «Светлы шлях». У гэтай гаспадарцы была лабарантам і Ларыса Аляксандраўна.
Яны выгадавалі трох цудоўных дачок. Людміла — кандытар, жыве ў Турэц-Баярах, Алена працуе ў Мінску выхавальніцай, Марына таксама засталася ў Турэц-Баярах, працуе медсястрой у санаторыі «Вяжуці». Ва ўсіх сем’і, у залатых юбіляраў пяцёра ўнукаў – Максім, Аляксандр, Аляксей, Яўгеній, Мікіта і ўнучка Святлана.
Менавіта дочкі прапанавалі бацькам урачыста адзначыць залатое вяселле.
— Захацелі зрабіць для нашых дарагіх мамы і таты сапраўднае свята, якое ім запомнілася б, — гаворыць Марына Уладзіміраўна.
— Мы ім вельмі ўдзячныя за тое, што выхавалі нас сумленнымі, прывілі любоў да працы, што заўсёды былі для нас прыкладам сямейнага жыцця, навучылі дабрыні і спагадзе. У якім узросце ні былі б, мы заўсёды адчуваем падтрымку бацькоў. Яны дапамаглі нам атрымаць прафесіі, тата настаяў, каб мы ўсе закончылі вадзіцельскія курсы. Мы сябруем паміж сабой, заўсёды разам святкуем усе дні нараджэння.
Дочкі з вялікай павагай расказваюць, як шмат даводзілася працаваць іх бацькам. Каб забяспечваць вялікую сям’ю прадуктамі, яны трымалі немалую гаспадарку. І цяпер у Хатуцічах разводзяць свіней – не могуць сядзець без справы. Ларыса Аляксандраўна добра вяжа, яе цёплыя шкарпэткі ды рукавіцы саграваюць зімой дзяцей і ўнукаў.
Радня, блізкія, сябры віншавалі залатых юбіляраў. Сюрпрызам стаў вялікі вясельны торт з іх партрэтам, а таксама прысвечаная ім песня на матыў «Течет ручей» з рэпертуару Надзеі Кадышавай. У ёй ёсць такія радкі: «Вот прошли года, а вы не старые, на свадьбе золотой сидите парою. А мы любуемся здесь вашей красотой: невеста с сединой, жених совсем седой…».Адзін з сюрпрызаў – вясельны торт з партрэтам юбіляраў у маладосці.
Дзеці, унукі зрабілі ўсё для таго, каб залатыя юбіляры забыліся на ўзрост і сівізну ў валасах, каб у гэты знамянальны дзень яны адчулі сябе маладымі, успомнілі той час, калі іх сямейны карабель толькі адправіўся ў сумеснае плаванне…
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ЛЕБЕДЗЕЎСКАГА СЕЛЬВЫКАНКАМА, СЯМ’І КАРАБЕЛЬ.