17.06.2022 15:13

З насення – кветкі, з арэха – кедр, з костачкі – абрыкос і персік

Працягваем знаёмства з удзельнікамі штогадовага конкурсу «Ветэранскае падвор’е-2022», што праводзіць раённая арганізацыя ветэранаў. На гэты раз мы завіталі на вуліцу Падлесную ў Маркаве да Галіны Карповіч.

Гасцінная гаспадыня дома на вуліцы Падлеснай. Гасцінная гаспадыня дома на вуліцы Падлеснай.

Першымі былі маргарыткі

— Мой дом вы здалёк убачыце: ля яго кветак шмат, — сказала Галіна Мікалаеўна, калі па тэлефоне дамаўляліся аб сустрэчы.

І сапраўды, яе сядзіба нібы філіял батанічнага саду. Колькі відаў раслін яе ўпрыгожвае, гаспадыня не лічыла, ніколі не ставіла такую мэту.

— Яны неяк самі па сабе з’яўляюцца: то суседзі падзеляцца, то не змагу ў чарговы раз утрымацца і на рынку ў горадзе куплю, то па пошце выпішу, — усміхаецца жанчына. – А першымі кветкамі, што тут пасадзіла, былі маргарыткі. Імі са мной падзялілася суседка. За 13 гадоў яны разрасліся, з левага боку дома з іх цэлы дыван.

Дом проста патанае ў квецені.

Калі глядзіш на гэты кветкавы рай, цяжка паверыць, што ў маладосці Галіна, як сама ўспамінае з усмешкай, не змагла распазнаць усходы астры…

Родам жанчына з Астравеччыны, яе дзявочае прозвішча Сяргей. Вырасла ў вялікай сям’і, у яе сямёра братоў і тры сястры. Было не да кветак: трымалі вялікую гаспадарку, даводзілася шмат працаваць. Дарэчы, Галініны сястра Людміла і брат Андрэй жывуць у Раёўцы, сястра Марыя – у Маладзечне.

Жанчына расказвае, што ў Маркава яны з мужам Уладзіславам Іванавічам, дачкой Любай, сынамі Сяргеем і Андрэем пераехалі з Вілейшчыны ў 2009 годзе. Ім выдзелілі калгасны дом на ціхай вуліцы Падлеснай. Галіна Мікалаеўна працавала даяркай, памочніцай загадчыка на маркаўскай ферме, муж – у будаўнічай брыгадзе.

На жаль, шэсць гадоў таму ён трагічна загінуў. «Ён таксама вельмі кветкі любіў, нават прасіў, каб менш агароду садзіла, а больш кветак», — са слязамі на вачах успамінае жанчына. А ў год пераезду яны зусім маладой пахавалі дачушку Любу, якая толькі закончыла педуніверсітэт. Гэта велізарнае гора, вечны мацярынскі боль, які не лечыць час…

Сыны жывуць у Маладзечне, працуюць вадзіцелямі міжнародных грузаперавозак. Прыязджаюць дадому, дапамагаюць у доглядзе сядзібы. Цешаць бабулю ўнукі Мікіта, Максім і Саша.

Бэзавы букет для нявесткі Тані.

Жоўтая елачка і фіялетавыя кветкі цыбулі

Галіна Мікалаеўна правяла для мяне экскурсію па сваім вялікім у сотак 20 участку. Калі Карповічы сюды прыехалі, тут раслі толькі яблыні. Цяпер радуюць вока дрэвы, кусты, кветкі. З костачкі гаспадыня вырасціла вялікае абрыкосавае дрэва з сакавітымі, салодкімі пладамі. Добры ўраджай даюць два дрэвы грэцкага арэха, вішні, глог (боярышник), айва. Яе плады гаспадыня сушыць, а таксама прапускае праз мясарубку і замарожвае. Айва надае прыемны смак чаю, бярозаваму соку.

Даня ахоўвае сядзібу, а гіпсавая скульптура сабачкі сцеражэ ганак.

— Паглядзіце, вось падрастае персікавае дрэва, я яго таксама з костачкі вырасціла. Па пошце выпісала прышчэплены персік, але нешта ён капрызіць. А вось кедр, яшчэ зусім маленькі, ён з арэха вырас, — мая субяседніца паказвае малюсенькі парастак. – А гэта шалфей, вельмі яго люблю. Разатрыце лісцік, адчуваеце, які водар?

— Напэўна, рука ў вас лёгкая: якую костачку ні пасадзіце – усе прарастаюць, — заўважаю я.

— Наконт рукі не ведаю, а вось глеба ў нас урадлівая, — з веданнем справы адказвае субяседніца.

Нельга было не залюбавацца бэзам, за буйнымі суквеццямі якога не бачна лісця. А вось дэкаратыўную каліну з шарамі белых кветак я не распазнала, пераблытала з гартэнзіяй… Радуюць вока фіялетавыя шары дэкаратыўнай цыбулі, аранжавыя кветкі лілейніку, півоні… Ля самай брамкі, якую ахоўваюць дзве гіпсавыя савы, расце жоўтая елачка, якую выгадна адцяняе зеляніна іншых раслін і кустоў.

Фіялетавыя шары дэкаратыўнай цыбулі.

З ранняй вясны да позняй восені патанае ў квецені дом Галіны Мікалаеўны.

Жоўтая елачка ўпрыгожвае ўваход на сядзібу.

— Адным з першых зацвітае марознік, радуе мяне ярка-фіялетавымі кветачкамі. А восенню любуюся сумахам, які называюць «воцатным» дрэвам. У яго і суквецці прыгожыя, і лісты, якія становяцца жоўта-барвовымі, яркімі, — працягвае экскурсію кветкавод.

— А якія вашы любімыя кветкі?

— Браткі! Нават не ведаю, чаму яны мне такія мілыя. Ведаеце, што іх віёлай называюць?

— Цяпер ужо ведаю!

Браткі тут растуць розных колераў. Яны і сапраўды вельмі прыгожыя, нібыта паглядаюць сваімі вочкамі з рознакаляровых пялёсткаў і дзякуюць працавітай гаспадыні за догляд.

— Люблю хадзіць па сваім кветніку, прыкмячаць, дзе што не так, падпраўляць, перасаджваць. Гэта мая аддушына, тое, што надае сіл, — шчыра гаворыць Галіна Мікалаеўна.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў Галіны КАРПОВІЧ.

 

Прочитано 514 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.