26 кастрычніка 1962 года я быў прызваны на службу ў армію. Нас, чацвярых хлопцаў з Маладзечанскага раёна (гэта Дземеш з вёскі Дземяшы, Сінько з Хоўхлава, Камаед з Дубрава і я з Забалоцця), у абласным ваенкамаце адабралі ў пагранічныя войскі. Так мы і яшчэ 29 маладых салдат разам з «купцамі» — капітанам Івановым і сяржантам Ціпікіным — паехалі да месца службы ў Сярэднюю пагранічную акругу, што знаходзілася ў Таджыкскай рэспубліцы.
Ехалі мы на пасажырскім цягніку чацвёра сутак да Ташкента, а потым яшчэ суткі да Душанбэ. Мне, вясковаму хлопцу, які раней нідзе акрамя Мінска не быў, было нязвыкла і цікава. Каля Арэнбурга ляжаў снег, пасля — Казахстанскія стэпы. Калі прыехалі ў Ташкент, там цвілі ружы. А мы ў цёплым адзенні, але нас камандзіры папярэдзілі, каб не распраналіся. З Душанбэ на грузавых крытых машынах 12 гадзін ехалі ў пагран-атрад у пасёлак Маскоўскі. На горных перавалах ля Нурэкскай ГЭС, мы адчулі моцны холад. Тады і спатрэбіліся нашы ватоўкі і вушанкі. А калі спусціліся з перавалу, то распрануліся амаль не да маек і свае ватоўкі кідалі хлопчыкам, якія нас сустракалі ў кішлаках (вёсачках). Было па-летняму цёпла.
У атрадзе нас памылі ў лазні. Пераапранулі так, што мы ўжо адзін аднаго не пазнавалі. Пачаліся вайсковыя будні. Служылі разам рускія, украінцы, туркмены, узбекі, таджыкі. У вучэбным атрадзе было больш за 200 хлопцаў. Нас размеркавалі на вучэбныя заставы. У нашым аддзяленні служылі
туркмены. Камандзірам быў таджык сяржант Бакіраў, памяркоўны і добры хлопец. 27 студзеня 1963 года прынялі прысягу і паехалі служыць на заставы.
Хачу адзначыць, што мяжа з Афганістанам, на якой я служыў, была тады мірнай. За тры гады службы ў нашым атрадзе было толькі тры парушэнні мяжы з боку Афганістана. Гэта парушальнікі, якія шукалі лепшага жыцця, бедныя сем’і.
А мы, салдаты, жылі дружна, як браты, ніякіх выпадкаў дзедаўшчыны не было. Хадзілі ў нарады па двое з баявымі аўтаматамі. І заўсёды паміж намі былі ўзаемадапамога і ўзаемаразуменне.
Хачу адзначыць тамашніх жыхароў таджыкаў. Яны добразычлівыя і гасцінныя. А якая цяжкая ў іх праца на бавоўнавых і бахчавых палях! Я палюбіў Таджыкістан. Нават выпісваў газету «Камсамолец Таджыкістана». Вось такая мая была служба.
Пасля яе два гады я працаваў у друкарні «Перамога» друкаром. Адтуль пайшоў працаваць у Маладзечанскі ГАУС.
На заканчэнне хачу сказаць, што дзе б ты ні працаваў, дзе б ні служыў, трэба любіць сваю справу, паважаць людзей, якія жывуць з табой, і ахоўваць сваю краіну так адказна і сумленна, як ахоўвалі яе мы, пагранічнікі былога Савецкага Саюза.
Віншую са святам усіх пагранічнікаў, звольненых у запас, і тых, хто нясе службу цяпер.
Генадзій МАРКОЎСКІ, жыхар Маладзечна.
Фота: архіў АЎТАРА.