18.05.2022 11:52

«У вёсцы адчуваеш сябе сапраўдным гаспадаром, а шчасце – у дзецях...»

Яна Такушэвіч з маленства звыклая да вясковага ладу жыцця. Родам яна з Чавускага раёна, восем гадоў таму пераехала на Маладзечаншчыну. Разам з мужам Дзмітрыем у яго роднай вёсцы Жарлакі гадуюць траіх сыноў і мараць пра ўласны дом.

Яна Такушэвіч з сынамі Багданам і Глебам. На ўласным падворку бацькі зрабілі для хлопчыкаў пясочніцу і арганізавалі ў ёй сапраўдны аўтапарк грузавікоў, што ім вельмі падабаецца. Яна Такушэвіч з сынамі Багданам і Глебам. На ўласным падворку бацькі зрабілі для хлопчыкаў пясочніцу і арганізавалі ў ёй сапраўдны аўтапарк грузавікоў, што ім вельмі падабаецца.

Іх раман пачаўся са знаёмства ў інтэрнэце і доўжыўся па перапісцы і тэлефонных званках цэлы год, пакуль Яна не прыехала да яго на дзень нараджэння. Потым яшчэ год закаханыя жылі паміж Жарлакамі і Магілёвам, дзе дзяўчына вучылася ў бібліятэчным каледжы імя А.С. Пушкіна. Прапанову рукі і сэрца Яна атрымала ў нашым горадзе.

— Думаю, такой гісторыі ні ў кога няма! – усміхаецца субяседніца. – На той момант Дзіма наймаў кватэру ў Маладзечне — так было больш зручна з-за работы. Ён запэўніў мяне, што яму неабходны кот, якога анідзе не можа знайсці. Я прывезла кацяня аж з Магілёва. Дзмітрый зрабіў прапанову рукі і сэрца ў пад’ездзе дома і, можна сказаць, нам разам з тым кацянём. Гэта было ў маі.

Для Яны такі паварот хоць і быў нечаканым, але яна, не вагаючыся, пагадзілася. Праўда, потым яшчэ на працягу сямі месяцаў разважала над прапановай будучага мужа, а ён цярпліва чакаў.

Сямейнаму шчасцю Дзмітрыя і Яны восем гадоў.

Маладая сям’я жыве разам з бацькамі Дзмітрыя. Галіна Мікалаеўна і Мікалай Уладзіміравіч, якіх Яна называе мамай і татам, прынялі яе як дачку.

— Вельмі даражу сямейнай утульнасцю, цёплымі адносінамі, — заўважае субяседніца. – Калі мне было сем гадоў, мае бацькі загінулі ў дарожнай аварыі. Мяне з малодшым братам гадавала цётка. У старэйшых дваіх братоў і сястры па-рознаму склаўся лёс, але мы аднолькава сумуем па маме і тату...

Дзмітрый, дарэчы, таксама з мнагадзетнай сям’і. У яго трое братоў і сястра-блізня. Усе яны любяць збірацца дружнай кампаніяй. А Галіна Мікалаеўна і Мікалай Уладзіміравіч не нарадуюцца, што ў іх шасцёра ўнукаў і адна ўнучка!

— Так і ёсць: шчасце ў дзецях, — дадае Яна. – Ды і ў вёсцы мне падабаецца жыць – тут адчуваеш сябе сапраўдным гаспадаром. Май – мой любімы месяц года. Гэта самая прыгожая пара. Мы ўжо амаль увесь агарод пасадзілі – у нас 30 сотак.

Разам Такушэвічы даглядаюць і гаспадарку, якая ў іх даволі вялікая — карова, конь, гусі, свінні, трусы, пяцёра сабак, два каты.

У кожнага ў сям’і ёсць свой адказны «ўчастак».

— Мы не прымушаем дзяцей, але прывучаем да працы, — зазначае Яна. – Аляксей адказвае за чысціню ў сваім пакоі. Ён любіць бавіць час з малодшым братам Глебам, які разам з мамай з задавальненнем сустракае яго з заняткаў са «школьнага аўтобуса». А Багдану падабаецца дапамагаць у агародзе. Дарэчы, старэйшы сын вучыцца ў першым класе Хажоўскай СШ, ён і сам прагне новых ведаў, і нас... павучае. Сярэдні – наведвае дзіцячы сад таксама ў Хажове. А Глеб сапраўдны рухавічок у нашай сям’і – сам не сядзіць на месцы і нікому не дае. Я адказваю за гаспадарчыя клопаты, муж – за лад і дабрабыт. Дзмітрый для гэтага шмат працуе на будоўлі.

Аляксей, які любіць вучыцца і... павучаць іншых.

Вечары і выхадныя – асаблівы для іх час. Яна і Дзмітрый стараюцца бавіць яго разам, каб як мага больш даць увагі адзін аднаму і дзецям. Агульнае для ўсіх захапленне – рыбалка. Часам Дзмітрый радуе блізкіх уласнымі стравамі. Жонка гаворыць, што ў яе не атрымліваецца так смачна, як у мужа, варыць суп, рыс, пячы пячэнне. Ёсць у сям’і дзякуючы Яне і творчы пачатак. Яно і не дзіўна — да выхаду ў дэкрэтны водпуск працавала мастацкім кіраўніком у Хажоўскім СДК. І спяваць, і танцаваць любіць, і натхняе сям’ю на ўдзел у розных конкурсах. Напрыклад, некалькі гадоў таму Такушэвічы занялі першае месца ў раённым этапе рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». Яна шчыра гаворыць, што ўжо засумавала па рабоце і ў хуткім часе плануе вярнуцца. У яе ёсць шмат творчых задум. Дарэчы, ні адзін дэкрэтны водпуск яна да трохгадовага ўзросту сыноў не ўседзела.

— Цяпер у сістэме дашкольнай адукацыі ёсць розныя варыянты занятасці і для малышоў ад двух гадоў. Нам яшчэ пашанцавала і з бацькамі, якія заўсёды падтрымліваюць і дапамагаюць, — працягвае Яна. — У нас з мужам вельмі часта пытаюцца равеснікі, як на ўсё хапае часу, маўляў гэта ж складана, калі столькі дзяцей у сям’і. А я ім адказваю: «Ведалі б вы, як гэта прыемна, калі сыны раз-пораз падбягаюць і наперабой шчабечуць: «Мама, я цябе люблю! Тата, я цябе люблю!».

Глеб і Багдан рулююць па вясковых сцежках.

Ірына РАБУШКА.
Фота: АЎТАР і архіў СЯМ’І ТАКУШЭВІЧ.

 

 

Прочитано 266 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.