15.04.2022 11:41

Калі каханне моцнае, то і вяселле жалезнае

Неаднойчы трапляла на старонкі «Маладзечанскай газеты» гісторыя жыцця нашых землякоў Лявонція і Браніславы Ляошка. Нагода звярнуцца да сямейнай пары была заўсёды важкая. Як і на гэты раз: у лютым яны адзначылі жалезнае вяселле (шэсцьдзясят пяць гадоў сумеснага жыцця), а 16 красавіка Лявонцію Ільічу спаўняецца дзевяноста гадоў.

Лявонцій і Браніслава Ляошка шэсцьдзясят пяць гадоў разам. Лявонцій і Браніслава Ляошка шэсцьдзясят пяць гадоў разам.

Святло ў кожны дом

Завітала я да ветлівых гаспадароў на вуліцу Вялікі Гасцінец сонечным ранкам для таго, каб і пра сакрэт сямейнага шчасця даведацца, і пра жыццёвыя шляхі пагаварыць. Вярнуліся мы ў далёкія пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя, калі Лявонцій Ільіч працаваў электраманцёрам у Маладзечанскім будаўніча-мантажным упраўленні №5. Дарэчы, гэта адзінае яго месца работы, якое ён пакідаў толькі на час службы ў арміі на Паўночным Усходзе, паўвостраве Чукотка. Адметнасць далёкага краю ацаніў і дамоў вярнуўся.

Маладосць нашага героя звязана з «электрыфікацыяй усёй краіны», дакладней, былой Маладзечанскай вобласці. Праходзіла яна не проста.

— Працавалі манцёры ў любое надвор’е: дождж, снег, мароз, спякоту. На рабоце спецадзення не было, нават рукавіц. З інструментаў – «кіпці», сякера, малаток ды пласкагубцы, «бурылка» пазней з’явілася. Каб слуп паставіць, трэба адтуліну ў зямлі зрабіць, потым правады правесці і падвесці святло ў кожны вясковы дом. Загараліся ў дамах лямпачкі Ільіча, свяціліся радасцю вочы мясцовых жыхароў. І думка змяніць работу на больш лёгкую імгненна знікала, — успамінае Лявонцій Ільіч.

Манцёры жылі ў вёсках па некалькі месяцаў. Цяжка працавалі, а адпачывалі весела. Вось так на танцах прыгледзеў сабе Лявонцій прыгожую дзяўчыну Браніславу. Але яна была вельмі маладзенькай, яшчэ школьніцай. Да 18-годдзя дачакаўся і прапанаваў жаніцца. Вяселле запомнілася на ўсё жыццё. На яго жаніх… вельмі спазніўся. Недзе апоўначы толькі трапіў. Паехаў па радню ў Вілейскі раён, а дарогі параскісалі, і машына забуксавала. Давялося некалькі перасадак рабіць, на грузатаксі, матавозе і нават усюдыходзе на Валожыншчыну дабірацца. Нават пешшу ішоў да свайго шчасця.

Якімі маладымі мы былі!

Мост праз Нарачанку

Сям’я Ляошка шмат гадоў выпісвае «Маладзечанскую газету», з нашым краем звязана большая частка іх жыцця. Зацікавіла Лявонція Ільіча публікацыя пра падвесныя масты на Нарачанцы. Не толькі ў тэорыі, але і на практыцы пераканаўся мужчына ў неабходнасці такіх канструкцый у сельскай мясцовасці. Напрыклад, у ваколіцах яго роднай вёскі Вайдзені, куды з жонкай пераязджалі на ўсё лета.

— Рэчка Нарачанка ўваходзіць у турыстычны водны маршрут. На байдарках плаваюць па ёй турысты, любуюцца навакольнай прыгажосцю, — расказвае Лявонцій Ляошка. — А раней вяскоўцам трэба было па дровы, грыбы і ягады трапіць у лес. Як перабрацца на той бераг? На пароме, які стаяў у суседняй вёсцы. Для гэтага паром пераганялі з аднаго берага на іншы. Справа нялёгкая, але патрэбная. На гэтым пароме я дваіх чалавек выратаваў. Неяк у госці да сына нашага вяскоўца, паляўнічага і рыбалова Сяргея Сарокі, прыехалі госці. Вярталіся хлопцы з трафеямі з лесу і сабраліся на другі бераг перабрацца, а вада ў Нарачанцы высока паднялася. Я на пароме прапанаваў іх перавезці, яны адмовіліся. Кажуць, лепш мы на сваёй лодачцы пераплывём. Даплылі да сярэдзіны ракі, дзе трос быў нацягнуты, і не прыгнуліся, а схапіліся за яго ды і… павіслі. Лодка тым часам далей паплыла. Я, пацан зусім, не разгубіўся, паром падагнаў, за рукі-ногі бедалаг на пляцоўку выцягнуў і на бераг даставіў. Малую ваду вяскоўцы нярэдка пераходзілі ўброд, хлопцы прынаравіліся перапраўляцца па тросе, пераадольвалі метраў трыццаць-сорак. Але ж гэта зусім нязручна і небяспечна. Пачалі мужыкі самі рабіць масты. Паставяць «казлы», пакладуць бярвенні, на іх дошкі — і канструкцыя гатова. Пры неабходнасці некаторыя нават на кані ездзілі. А вясна прыйдзе — мост той вадой знясе, трэба іншы будаваць. І пачыналі ўсё нанова.

З цягам часу не стала рабочай сілы ў вёсцы. Тады і Ільіч, пенсіянер ужо, да справы падключыўся. Найперш выбраў для моста пляцоўку там, дзе берагі самыя высокія. Такі падыход і старажылы адобрылі. Разам з вяскоўцамі нарыхтавалі ўсё неабходнае для будаўніцтва. У якасці апоры выкарысталі нацягнутыя тросы. Такі варыянт канструкцыі аказаўся больш надзейным. Але час ад часу мост трэба было рамантаваць. Прымаў актыўны ўдзел у работах Уладзімір Мацюлька, які прыязджае ў бацькоўскі дом.

Лявонцій Ільіч – адметны рацыяналізатар. За час работы каля трох дзясяткаў рацыяналізатарскіх прапаноў ажыццявіў. І пасведчанні ёсць, і грошы плацілі. Напрыклад, за адно з іх тысячу рублёў атрымаў. Грамадству карысць і ў сямейны бюджэт добрая прыбаўка.

З жалязякамі мужчына любіў павазіцца і ў вольны час. Знаёмыя прыходзілі то каструлю закляпаць, то з гаспадарчых прылад нешта падрамантаваць. Выходзіў у поле і самаробны трактарчык – надзейны памочнік. Таксама сваімі рукамі дбайны гаспадар сабраў. А яшчэ ён і заядлым пчаляром быў.

Кожны рад, калі ў сям’і лад

Ніколі не скардзіўся Лявонцій Ляошка на дрэннае жыццё. І ішоў па гэтым жыцці з аптымізмам. А гумар і жарты толькі дапамагалі. У сваім паважным ўзросце ён, высокі, статны, у курсе розных спраў, на любую тэму гутарку падтрымае. Адчуваецца, што любіць быць у цэнтры ўвагі.

Сябры здаўна завуць яго «дорогой Леонид Ильич». А ён толькі ўсміхаецца. Вядома, што для вясковага хлопца імя Лявонцій даволі рэдкае. Ды і сам ён чалавек адметны.

Браніслава Міхайлаўна – жанчына нешматслоўная, памяркоўная, разважлівая. Такі характар і ў сямейным жыцці, і на рабоце на вагу золата.

Трыццаць гадоў яна адпрацавала інспектарам у аддзеле кадраў на Маладзечанскай мэблевай фабрыцы. Цанілі яе за адносіны да людзей і да работы.

— Дабрабыт і спакой у сям’і залежаць ад нас саміх, ад нашых адносін адзін да аднаго. Трэба ўмець уступіць, выслухаць, зразумець, — гаворыць Браніслава Міхайлаўна. — Лепшая сяброўка для мяне дачка Наталля, з якой мы стараемся ўсё абмеркаваць, знайсці выйсце з любой сітуацыі, падтрымаць у цяжкую хвіліну. А яшчэ мы з мужам багатыя на чацвярых унукаў і пяцярых праўнукаў. Гэта наш працяг роду. Няхай яны будуць шчаслівыя, умеюць паважаць людзей, радавацца таму шчасцю, якое прыносіць жыццё.

ШТРЫХІ ДА ПАРТРЭТА

Лявонцій Ляошка працаваў майстрам, інжынерам вытворча-тэхнічнага ўчастка, начальнікам участка камплектацыі аб’ектаў БДУ-5.

Выбіраўся старшынёй прафсаюзнага камітэта. Дзякуючы яму і яго калегам упершыню загарэлася святло ў дамах жыхароў вёсак Цюрлі, Краснае, Вязавец, Хоўхлава і многіх іншых. Сорак гадоў аддаў ён справе электрыфікацыі сельскай мясцовасці.

Лявонцій Ільіч узнагароджаны знакам «Выдатнік энергетыкі і электрыфікацыі СССР». Удзельнічаў у будаўніцтве Янаўскай гідраэлектрастанцыі
ў Астравецкім раёне, потым Браслаўскай, дзе выконваў мантажныя работы да ўводу ў эксплуатацыю.


Людміла ЦАР.
Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І ЛЯОШКА.

Прочитано 578 раз Последнее изменение 15.04.2022 11:41
Людміла Цар

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.