18.02.2022 11:48

Ала Адзінцова: «У пандэмію многія адкрылі для сябе Беларусь»

Як запомніць і не пераблытаць шматлікія факты, лічбы, назвы, звязаныя з тым ці іншым маршрутам? Якія кірункі карыстаюцца сёння асаблівай папулярнасцю? Дзе яшчэ хацелася б пабываць у Беларусі – пра гэта і многае іншае мы пагутарылі з адным з самых вопытных экскурсаводаў нашага горада Алай АДЗІНЦОВАЙ.

У Беларусі шмат незвычайных месцаў, лічыць Ала Адзінцова. Адно з іх — крэйдавыя кар’еры ля Ваўкавыска. У Беларусі шмат незвычайных месцаў, лічыць Ала Адзінцова. Адно з іх — крэйдавыя кар’еры ля Ваўкавыска.

— Ала Мікалаеўна, асноўная ваша прафесія – музыкант, выкладчык па класе фартэпіяна. Што паўплывала на рашэнне стаць яшчэ і экскурсаводам?

— Цікаўнасць да гісторыі нашага краю адчувала са школьных гадоў. Памятаю, праязджаю ў электрычцы Заслаўе, з сумам гляджу на рэшткі Спаса-Праабражэнскай царквы, каталіцкага храма і адчуваю боль у душы, не магу змірыцца, што яны разбураныя… У студэнцтве мы з сястрой Таццянай вельмі любілі Ленінград, Маскву. Эканомілі са стыпендыі, куплялі білеты на цягнік, спыняліся ў сваякоў ці знаёмых, самі распрацоўвалі маршруты… Вялікі ўплыў на мяне аказала і мая незабыўная выкладчыца па класе фартэпіяна Надзея Якаўлеўна Парэцкая – высокаадукаваны чалавек, сапраўдная хадзячая энцыклапедыя. Яна пашырала мой кругагляд, вучыла бачыць і цаніць сапраўдныя каштоўнасці, дазваляла карыстацца сваёй шыкоўнай бібліятэкай.Такім чынам, маё рашэнне ў канцы 1980-х гадоў пайсці на курсы экскурсаводаў не спантаннае, а свядомае. Заняткі праходзілі ў будынку палітэхнікума. Вёў іх наш знакаміты гісторык Генадзь Каханоўскі, аб якім у мяне засталіся самыя цёплыя ўспаміны. Вучыліся мы дзевяць месяцаў, пасля здачы экзамену атрымалі пасведчанні экскурсаводаў. Дарэчы, гадоў дзесяць таму мне давялося праходзіць атэстацыю ў Нацыянальным агенцтве па турызме, і гэта ўжо абсалютна іншыя падыходы і патрабаванні. Сённяшняму экскурсаводу недастаткова вызубрыць кантрольныя тэксты маршрутаў. Трэба разбірацца ў гісторыі, геаграфіі, архітэктуры, мастацтве і нават эканоміцы, бо набіраюць папулярнасць экскурсіі на вытворчасць. Трэба быць гатовым адказаць на любыя пытанні, іншы раз «са шпількай».

— А сваю першую экскурсію памятаеце?

— Безумоўна! У савецкі час у Маладзечна прыязджала шмат расіян. Яны спыняліся ў нашай гасцініцы, мы іх вазілі па трох асноўных маршрутах: Мінск, Хатынь, Вільнюс. Мая першая, яшчэ вучэбная экскурсія была ў Мінск. Памятаю, хвалявалася, як перад экзаменам, якіх за жыццё мне давялося здаваць вельмі шмат. Першы блін не быў камяком, усё прайшло ўдала. Дарэчы, і цяпер я часта праводжу экскурсіі для расійскіх турыстаў. Яны едуць да нас сем’ямі, кампаніямі на ўік-энд, любяць Мінск, Мір, Нясвіж, іншыя знакавыя месцы.

— Што расіянам падабаецца ў Беларусі?

— Нашы прырода, гасціннасць. Яны захапляюцца чысцінёй і прыгажосцю Мінска. Заўсёды паказваю ім забудову ў цэнтры сталіцы ў стылі сталінскага неакласіцызму, якую збіраюцца ўнесці ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Госці з Расіі з задавальненнем гуляюць па Траецкім прадмесці, абавязкова стараюцца трапіць на Камароўскі рынак, у гандлёвых цэнтрах набываюць тавары лёгкай прамысловасці.

— У два апошнія гады, калі пандэмія падрэзала крылы аматарам замежных падарожжаў, экскурсіі па Беларусі сталі больш запатрабаванымі нашымі суайчыннікамі?

— Безумоўна. Прычым гэта не толькі папулярныя маршруты ў Гродна, Брэст, Полацк, Ружаны, Косава, Віцебск, але і ў малыя гарады, мястэчкі, якія маюць свой каларыт, сваю багатую гісторыю. Выдатныя маршруты распрацоўваюць Вольга Фінская з турагенцтва «РэгіёнТур» і Таццяна Лятко з турыстычнай кампаніі «Павеланна», з якімі я супрацоўнічаю. Напрыклад, у канцы лета я вазіла медыкаў з Маладзечанскай ЦРБ у Гервяты, Міхалішкі, Солы, Мядзел — уражанняў было шмат, яны засталіся задаволенымі. Групу з Вілейкі не так даўно знаёміла са Смаргонню, Крэвам, Барунамі, Гальшанамі. Акрамя таго, у маршрут уваходзілі дзве экскурсіі з дэгустацыяй – на піваварню ў «Вілія-парку» і на прыватную сыраварню, што знаходзіцца ў Палачанах.

— А «музычныя» экскурсіі вам даводзілася праводзіць?

— Як жа без іх! Сваіх вучняў неаднойчы вазіла на спектаклі ў Вялікі тэатр оперы і балета, па дарозе мы наведвалі Плябань, Нацыянальны мастацкі музей, музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, іншыя месцы. Акрамя таго, ездзілі ў Залессе, у музей-сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага. Мае выхаванцы не проста пабывалі там на экскурсіі, але і музіцыравалі, і гэта было незвычайна і хвалююча.

Вучні Алы Мікалаеўны ў час наведвання Вялікага тэатра оперы і балета.

— У час экскурсіі вы карыстаецеся запісамі, зачытваеце інфармацыю?

— Ніколі сабе гэтага не дазваляю, усю інфармацыю даю па памяці. Кожны маршрут дапаўняю сама, «пералапачваю» горы літаратуры, карыстаюся крыніцамі, якім давяраю.

— Як удаецца столькі фактаў, лічбаў, назваў утрымліваць у памяці?

— Гэта ўжо вопыт. Эпохі, падзеі, даты ў мяне нібы раскладзены па палічках… Лічу, што дапамагае прафесія музыканта. Развучваючы новыя творы, даводзіцца запамінаць цэлыя зборнікі. А чым больш развіваеш памяць, тым яна лепшая.

— А самі на экскурсіі любіце ездзіць?

— Вельмі люблю! І найперш па Беларусі. Стараюся трапляць на аўтарскія туры нашых знакамітых экскурсаводаў Паўла Каралёва, Глеба Лабадзенкі, Цімафея Акудовіча. Акрамя таго, перыядычна наведваю курсы гісторыкаў, археолагаў Алега Трусава, Алега Дзярновіча, Алеся Краўцэвіча.

Вузкімі вулачкамі Кракава.

— Ці ёсць яшчэ месцы ў Беларусі, дзе вы не былі і куды хочаце трапіць?

— Гэта Міёры, Сар’я, прыродны комплекс Ельня. Спадзяюся, што ў маі там пабываю, ужо запісалася на экскурсію.

— Калі праводзіце экскурсію для гасцей нашага горада, што вы ім паказваеце?

— Вязу на Замчышча, на Старое Места – сэрца старажытнага Маладзечна, у Гелянова, дзе захавалася забудова польскіх часоў. Гуляем па Цэнтральнай плошчы, па парку, паказваю цудоўны помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму работы скульптара Валерыя Янушкевіча. Шмат каларытных месцаў і ў нашым раёне. Гэта і старажытны Гарадок, дзе захавалася замчышча, і Радашковічы, цікавыя сваёй гісторыяй і экскурсіяй на вытворчасць «Белмастацкерамікі». Безумоўна, гэта і мясціны, звязаныя з творчасцю Янкі Купалы – Вязынка, Яхімоўшчына.

— Калі вы адчуваеце задавальненне ад праведзенай экскурсіі?

— Калі ўдалося хаця б некалькі чалавек з групы зацікавіць і ў канцы яны шчыра дзякуюць, разумею, што працавала недарэмна.

— Экскурсіі патрабуюць вялікіх фізічных нагрузак: шмат гадзін на нагах, бяссонныя ночы… Як удаецца падтрымліваць такую выдатную фізічную форму?

— З маладых гадоў вяду актыўны лад жыцця: займалася танцамі, плаваннем. Цяпер стараюся шмат хадзіць, прычым хутка. Абуваю красоўкі – і наперад. Лічу, што экскурсавод павінен добра выглядаць, каб турыстам прыемна было на яго глядзець.

— Што б вы пажадалі сваім маладым калегам, а таксама тым, хто марыць аб прафесіі экскурсавода?

— Экскурсавод не столькі прафесія, колькі лад жыцця. Каб весці за сабой іншых, быць асветнікам, неабходна ўсё жыццё займацца самаадукацыяй, быць адказным і працавітым, адкрытым для ўсяго новага. І самае галоўнае, любіць сваю краіну, быць неабыякавым да яе гісторыі.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Алы АДЗІНЦОВАЙ.

 

Прочитано 320 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « В чем виноваты скамейки? «Марыяна, ты з серыяла?..» »