11.02.2022 15:14

«Спадарожнік» яе жыцця…

Сумесны праект Мінскага абласнога краязнаўчага музея і «Маладзечанскай газеты»

У лепшыя гады мясцовага завода «Спадарожнік» на ім працавала восем тысяч чалавек. Лёс літаральна кожнага з іх і ёсць вялікая гісторыя прадпрыемства, якое ведалі ва ўсім былым Савецкім Саюзе. Адна з работнікаў завода і карэнная маладзечанка Галіна Філатава.

Гэты фотаздымак Галіны Філатавай некалі размяшчаўся на Дошцы гонару радыёзавода «Спадарожнік». Гэты фотаздымак Галіны Філатавай некалі размяшчаўся на Дошцы гонару радыёзавода «Спадарожнік».

Замест вытворчасці гандлёвыя рады

Галіне Мікалаеўне хутка споўніцца 73 гады. Па-ранейшаму энергічная і абаяльная жанчына разам з калегай-завадчанкай Тэрэзай Пасконкінай і сяброўкай Галінай Літвішка прыйшла на прэзентацыю выстаўкі ў рамках праекта, прысвечанага слынным землякам, каб не проста пагартаць старонкі прафесійнай біяграфіі, але і ўвогуле акунуцца ў тыя часы, калі працаваць на прадпрыемстве было за вялікі гонар. Шмат намаганняў па зборы матэрыялаў прыклалі навуковы супрацоўнік Канстанцін Скур’ят і малодшы навуковы супрацоўнік Ганна Кавалевіч.

Малодшы навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Ганна Кавалевіч з Галінай Філатавай (першая справа) і яе былой калегай Тэрэзай Пасконкінай.

— Маё пакаленне ўжо мала ведае пра некалі магутны завод «Спадарожнік», — заўважае Канстанцін. – Для пераважнай большасці равеснікаў яго будынкі, што засталіся да гэтага часу, найперш карпусы гандлёвага цэнтра з аднайменнай назвай. Гісторыя вытворчасці – гэта гісторыя нашых дзядуляў і бабуль. Дарэчы, мой дзед па бацькавай лініі таксама некалі працаваў там. Таму не па чутках ведаю, наколькі балюча былым работнікам усведамляць, што завода больш няма.

Першая ў свеце мабільная радыётэлефонная сістэма

Настальгуе па тым часе і Галіна Філатава. На «Спадарожнік» яна ўладкавалася адразу пасля заканчэння СШ №6, якая была падшэфнай завода. Школьнікі, у тым ліку і Галя, праходзілі там летнюю практыку. Пасля яе дзяўчына не вагалася аб далейшым прафесійным выбары. Урэшце аддала вытворчасці 38 гадоў да выхаду на заслужаны адпачынак.

Галіна Мікалаеўна, якая з’яўляецца ветэранам працы, прайшла шлях ад вучаніцы-мантажніцы да брыгадзіра мантажнікаў цэха №16, дзе выраблялі ваенную радыётэхніку і тэхніку для народнай гаспадаркі. Пад яе кіраўніцтвам брыгада дасягала вялікіх поспехаў і ўдзельнічала ў зборцы немалой колькасці сістэм сувязі. У іх ліку радыёстанцыі «Вілія» і «Лён», што выкарыстоўвалі ў сельскай гаспадарцы, машынах пажарнай і хуткай дапамогі, таксі. А першая ў свеце мабільная радыётэлефонная сістэма сувязі «Алтай», над якой таксама давялося працаваць, з’яўляецца папярэдніцай мабільнай сотавай сувязі.

Брыгадзір Філатава і яе «каманда» мантажніц. Той рэдкі выпадак, калі фота было зроблена ў адным з памяшканняў радыёзавода «Спадарожнік».

— Калі ў 1966-м прыйшла на «Спадарожнік», у яго быў самы высокі ўзровень тэхнічнага патэнцыялу, завод лічыўся адным са стаўпоў савецкай радыёпрамысловасці, — заўважае Галіна Мікалаеўна, якую за асаблівыя поспехі ў рабоце неаднаразова адзначалі ўрадавымі ўзнагародамі і Ганаровымі граматамі. – Да 1990 года на заводзе было асвоена і выпушчана больш за сто відаў складаных вырабаў.

Гадзіннік і фотаапарат «ад Гарбачова»

Ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак Пашаны» — самыя высокія ўзнагароды Галіны Філатавай. Не менш важнай для яе была грамадская дзейнасць. У канцы 1980-х яна з’яўлялася дэпутатам двух скліканняў Маладзечанскага гарадскога савета народных дэпутатаў. А ў 1986-м была абрана дэпутатам XXVII з’езда КПСС ад калектыву заводскага цэха №16 і ў складзе дэлегацыі БССР ездзіла ў Маскву. Гэта падзея, безумоўна, пакінула самыя яркія ўспаміны. Да ўдзельнікаў звяртаўся тагачасны Генеральны сакратар

У Маскве ў фокус фотаапарата трапіла і наша зямлячка Галіна Філатава (другая злева).

ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў. Як і іншым дэлегатам, Галіне ўручылі значкі і наручны гадзіннік маркі «Прамень» (Мінск) з сімвалічнай гравіроўкай «XXVII съезд КПСС», а таксама фотаапарат «ЛОМО» (Ленінград) з лагатыпам з’езда і падарункавыя фотаальбомы, прысвечаныя квітнеючай Краіне Саветаў. Усё гэта было выпушчана спецыяльна для ўдзельнікаў з’езда абмежаванымі серыямі. Дарэчы, на фотаапараце Галіна выкарыстала ўсяго адну фотаплёнку і вырашыла захаваць тэхніку на памяць.

Цяпер значкі ўдзельніка з’езда, гадзіннік і фотаапарат Галіна Мікалаеўна пакіне музею. Да слова, гэта не першы яе «прэзент» установе, з якой яна даўно сябруе. Раней яна перадала некалькі наручных і настольных гадзіннікаў. Справа ў тым, што пасля з’езда Галіна Філатава як народная пасланніца бывала на многіх прадпрыемствах нашага горада, дзе ёй дарылі іх у знак прызнання і павагі. Так склалася сапраўдная калекцыя.



У музеі застануцца і ўзнагароды Галіны Мікалаеўны, шэраг асабістых дакументаў, у тым ліку працоўная пуцёўка аб пасвячэнні ў рабочыя, якую выдалі хутка пасля яе прыходу ў калектыў, а таксама фотаздымкі, звязаныя з гісторыяй «Спадарожніка».

Значкі, наручны гадзіннік і фотаапарат былі ўручаны Галіне Мікалаеўне як удзельніцы XXVII з’езда КПСС. Цяпер гэтыя прадметы будуць захоўвацца ў музейным фондзе.

Сакрэтная інфармацыя

— У нашых фондах вельмі мала матэрыялаў, прысвечаных гэтаму вытворчаму гіганту савецкага часу з уласнай інфраструктурай, у якую ўваходзілі паліклініка, два дзіцячыя сады і піянерскі лагер, пансіянат ля возера Нарач, — заўважае навуковы супрацоўнік Канстанцін Скур’ят. – Як вядома, многія старонкі гісторыі былі ўвогуле засакрэчанымі. Далёка не ўсё, што выраблялася на заводзе, афішыравалася, забаранялася нават фатаграфаваць карпусы. Таму да нашых дзён дайшлі лічаныя здымкі.

Некаторыя фотаматэрыялы захаваліся ў Галіны Філатавай. Яны таксама прадстаўлены на выстаўцы і застануцца ў музеі. Мажліва, хтосьці пазнае сябе альбо сваіх блізкіх на фота брыгады мантажніц, якую ўзначальвала Галіна Мікалаеўна, і ўспомніць тыя незваротныя часы, калі на вытворчасць прыязджалі маладыя спецыялісты з Чэлябінска, Харкава, Варонежа, Краснадарскага краю… Для многіх з іх Маладзечна стала другой радзімай. Напэўна, былыя работнікі завода прыгадаюць і тое, як на прадпрыемства прыязджалі Максім Танк, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Васіль Зуёнак, а таксама Юрый Нікулін, Данатас Баніёніс, Эдуард Ханок, Ігар Лучанок, Эдуард Зарыцкі і многія іншыя…

Назад у маладосць!

На выстаўцы аформлены асобныя стэнды, прысвечаныя гісторыі «Спадарожніка». Тут ёсць вымпелы, здымкі прадукцыі, што выпускалі на прадпрыемстве з пачатку 1970-х да 1990-х гадоў. Ёсць і юбілейныя медалі з нагоды «круглых» дат завода, самы стары з іх зроблены да 20-годдзя. А да 40-годдзя «Спадарожніка» ў 1999-м выпусцілі сімвалічны наручны гадзіннік. Праўда, такі падарунак работнікам зрабілі на сталічным «Інтэграле».

Размешчаны ў вітрынах і аўтамабільны радыёпрыёмнік «Тонар РП-201 А», што вырабілі на «Спадарожніку» ў 1990-м. Тэхніку прынёс адзін з жыхароў нашага горада.

Цікава, што некаторыя работнікі музея таксама ў розныя гады працавалі на заводзе.

У іх ліку энергетык Мікалай Януцёнак, які быў інжынерам-канструктарам.

— У той час нават не мог расказваць, што я там працую. Забаранялася, — зазначае ён. — А займаўся я заказам па сувязі касмічных пілатуемых аб’ектаў з зямлёй. Каб дасканала сачыць за вытворчым працэсам, часта даводзілася прыходзіць на работу і ў выхадныя дні. Ледзь не жыў там…

Наглядчык музея Лідзія Курыловіч пачынала на «Спадарожніку» прафесійны шлях як мантажніца.

— Наш цэх №18 па выпуску ваеннай прадукцыі для абароны краіны быў сакрэтным, — успамінае яна. – У яго можна было зайсці выключна па спецдопуску. Але той час сваёй маладосці ўспамінаю з асаблівай цеплынёй. Калі вырашыла звязаць лёс з іншай справай і паступіла на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, нават спачатку хацела вярнуцца на «Спадарожнік».

Ірына РАБУШКА.
Фота: АЎТАР і архіў МІНСКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ.

Прочитано 416 раз Последнее изменение 11.02.2022 15:14
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.