27.01.2022 14:59

У раёне праходзіць прафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод»

Яе мэта — падтрымаць жывёлаводаў, павысіць прэстыж работнікаў жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, заахвоціць лепшых. Аднымі з першых жывёлаводаў Маладзечаншчыны ў час акцыі ўшанавалі работнікаў малочнатаварнага комплексу «Гарнякі» ААТ «Купала-Агра».

Анатолій Фурс і ўдзельнікі акцыі «Наш жывёлавод» ААТ «Купала-Агра» Таццяна Мацкевіч, Алена Васілевіч, Міхаіл Жураўлевіч з дырэктарам гаспадаркі Сяргеем Клюевым. Анатолій Фурс і ўдзельнікі акцыі «Наш жывёлавод» ААТ «Купала-Агра» Таццяна Мацкевіч, Алена Васілевіч, Міхаіл Жураўлевіч з дырэктарам гаспадаркі Сяргеем Клюевым.

З прыемнай місіяй у гаспадарку прыехаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анатолій Фурс. Падзячныя пісьмы за добрасумленнуюпрацу, прафесіяналізм, адказнасць пры выкананні службовых абавязкаў, дасягненне высокіх вынікаў у жывёлагадоўлі ён уручыў аператарам машыннага даення Таццяне Мацкевіч і Алене Васілевіч, жывёлаводу Міхаілу Жураўлевічу. Перадавікі атрымалі таксама грашовыя прэміі ад прафсаюза.

— Акцыя «Наш жывёлавод» будзе працягвацца да канца сакавіка, — расказаў Анатолій Антонавіч. — За гэты час прадстаўнікі галіновага прафсаюза пабываюць у кожнай гаспадарцы раёна, каб адзначыць лепшых работнікаў. У час наведвання аб’ектаў жывёлагадоўлі акрамя сустрэч з калектывамі праводзяцца маніторынгі ўмоў працы жывёлаводаў, правяраюцца бытавыя памяшканні, душавыя і гэтак далей. Людзі могуць узняць розныя пытанні. Як правіла, большасць праблем вырашаецца на ўзроўні гаспадарак. Калі трэба, да вырашэння пытанняў прыцягваюцца вышэйшыя прафсаюзныя арганізацыі.

Субяседнік адзначыў, што работнікі сельскай гаспадаркі заслугоўваюць працаваць у камфортных умовах і атрымліваць добрую зарплату. Ён нагадаў, што акцыю «Наш жывёлавод» прафсаюз работнікаў АПК праводзіць сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Мы пазнаёміліся з адным з перадавікоў «Купала-Агра» Міхаілам Жураўлевічам. Мужчына працуе ў таварыстве два дзясяткі гадоў. Раней ён быў галоўным ветурачом гаспадаркі, зарэкамендаваў сябе як выдатны спецыяліст. Пасля дасягнення пенсіённага ўзросту застаўся на вытворчасці. Цяпер ён даглядае цялят ва ўзросце ад трох да шасці месяцаў.

— У мае абавязкі ўваходзіць кармленне маладых жывёл, уборка памяшканняў, дзе яны ўтрымліваюцца, замена подсцілу і іншае, — паведаміў жывёлавод. —Я люблю чысціню і парадак, таму ствараю для падапечных камфортныя ўмовы. Акрамя таго, дзякуючы вопыту і ведам магу даць каштоўныя парады іншым спецыялістам. Цяляты, за якіх адказваю, растуць здаровымі, хутка прыбаўляюць у вазе.

Клапоціцца пра маладое «пакаленне» грамадскага статка і Валянціна Цюлькіна. Яна даглядае цялят ад нараджэння да трох месяцаў. Родам жанчына з Вілейскага раёна. Доўгі час жыла ў Расіі. У Беларусь вярнулася 16 гадоў таму. Гаспадарка выдзеліла ёй дом у Гранічах.

Валянціна Цюлькіна адказвае больш чым за 100 цялят.

— Маладзечанскі край стаў для мяне другой малой радзімай, — адзначыла Валянціна Мікалаеўна. — Да працы я прывыкла з дзяцінства. Даглядаць маладых жывёл мне падабацца. Некалькі гадоў таму ў гаспадарцы пабудавалі прафілакторый для цялят. У выніку палепшыліся і ўмовы ўтрымання жывёл, і ўмовы працы жывёлаводаў.

Як вядома, жывёлагадоўля забяспечвае стабільныя фінансавыя паступленні прадпрыемствам аграпрамысловага комплексу. Таму мы папрасілі кіраўніка ААТ «Купала-Агра» Сяргея Клюева расказаць, як праходзіць у гаспадарцы зімова-стойлавы перыяд.

Дырэктар паведаміў, што дастатковы запас кармоў для грамадскага статка быў створаны загадзя. На адну ўмоўную галаву было нарыхтавана 37 цэнтнераў кармавых адзінак. Меню жывёлы разнастайнае і аптымальнае: сена, сянаж, сілас, розныя канцэнтраты. Праводзяцца неабходныя заатэхнічныя і ветэрынарныя мерапрыемствы.

— Летась жывёлаводы гаспадаркі працавалі плённа, — зазначыў Сяргей Клюеў. – Рост вытворчасці малака склаў 102,5 працэнта. Сярэдні надой ад каровы вырас на 200 кілаграмаў. Гатункам «экстра» здаецца на перапрацоўку 70 працэнтаў малака (астатняе – вышэйшым гатункам). Павялічыліся таксама прывагі буйной рагатай жывёлы. Такім чынам, створана трывалая база для далейшага нарошчвання вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 192 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.