20.01.2022 10:25

Якім быў год Тыгра для жыхароў нашага раёна ў мінулым і новым стагоддзях?

Аб гэтым можна даведацца, перагарнуўшы падшыўкі нашай газеты.

Вечар дружбы ў палітэхнікуме, на якім прысутнічаў прадстаўнік рэвалюцыйнай Кубы таварыш Сельса. Вечар дружбы ў палітэхнікуме, на якім прысутнічаў прадстаўнік рэвалюцыйнай Кубы таварыш Сельса.

1962 год. Хутаран – у вёскі, у дамы калгаснікаў — тэлевізары, п’яніц і махляроў – на чыстую ваду

Для нашай газеты 1962 год адметны тым, што яна стала міжраённай, распаўсюджвалася ў Маладзечанскім і Валожынскім раёнах, выходзіла ў свет па аўторках, чацвяргах і суботах. Сімвалічна, што першы нумар у такім фармаце выйшаў 5 мая, у Дзень савецкага друку. Рэдактарам газеты быў незабыўны Вячаслаў Ляшковіч – удзельнік вайны, партыйны работнік, краязнавец, якому мы абавязаны многімі помнікамі на тэрыторыі нашага раёна, у тым ліку адзіным у Беларусі помнікам дарозе.

Калі гаварыць аб падзеях сусветнага маштабу, то восенню 1962 года ўспыхнуў Карыбскі крызіс, калі ў выніку супрацьстаяння ЗША і СССР свет стаяў на мяжы ядзернай вайны. Дзякуй Богу, розум перамог, яго ўдалося пагасіць. У гэтым жа годзе ЗША аб’явіла поўнае эмбарга на гандаль з Кубай, якая абрала сацыялістычны шлях развіцця. У СССР разгарнулася кампанія па падтрымцы гэтай краіны. У нашай газеце расказвалася аб візіце кубінскіх патрыётаў у наш горад. Сустрэча з імі была арганізавана ў палітэхнікуме.

Прыкмета таго часу – ссяленне жыхароў хутароў у вёскі. Прозвішчы тых, хто не хацеў перасяляцца, друкаваліся ў рубрыцы «На чыстую ваду». Як і прозвішчы п’яніц, дэбашыраў, нядобрасумленных работнікаў. Карысталіся папулярнасцю фельетоны, у якіх высмейваліся заганныя з’явы. Вось, напрыклад, прадпрымальная вяскоўка дамовілася з прадаўшчыцай і оптам купляла па дзяржаўнай цане яйкі, а потым перапрадавала іх нашмат даражэй на рынку…

На кожнай старонцы — партрэты, прозвішчы, выступленні перадавікоў вытворчасці, камуністаў, агітатараў. У адным з матэрыялаў расказвалася пра гераічны ўчынак маладога камсамольца Сцяпана Юхневіча, які ў навальніцу выратаваў ранішні надой малака на ферме. Памяшканне падтапіла, бітоны пачало зносіць, ён кінуўся ў халодную ваду і выцягнуў іх…

У 1960-я гады ў саўгасе «Яхімоўшчына» вырошчвалі хмель. На фота Л. Біжыка работніцы гаспадаркі Марыя Рэвель і Ніна Палонская вядуць заводку хмелю на шпалеры.

У 1962-м былі зніжаны на пяць працэнтаў цэны на цукар, на 20 – на вырабы з віскозных тканін.

Дырэктар саўгаса імя Гастэлы Я. Мажуць уручае ключы ад новай кватэры сям’і Софіі і Іосіфа Сіўко.

Гараджане і вяскоўцы сталі набываць тэлевізары, якія на той час былі дарагім задавальненнем. У адным з матэрыялаў расказвалася, як да жыхаркі вёскі Путнікі Марыі Рабушка збіраюцца «на кіно» суседзі. Услед за Марыяй у саўгасе «Радашковічы» купілі тэлевізары Пётр Рабушка, Пётр Шлойда. І гэта была падзея!

На Маладзечаншчыне адзначалі 80-годдзе паэта Янкі Купалы, 50-годдзе празаіка Аркадзя Чарнышэвіча, які жыў у Радашковічах. А ў Лебедзеўскім Доме культуры паставілі новую п’есу нашага земляка Івана Козела «Канчане – суседзі мае», паказалі яе ў Красным, на радзіме драматурга. Яшчэ адна значная падзея культуры: хору калгаса «Беларусь» (Лебедзева) прысвоілі званне народнай капэлы.

Старэйшыя ўдзельнікі Лебедзеўскай народнай капэлы І. Корсак, Я. Сімановіч, М. Зяновіч, М. Даўгаполава, С. Дудко, І. Свірыдаў.

Летам на раённым свяце працы, песні і танца ля вёскі Слабодка, на беразе Віліі, сабралася 400 самадзейных танцораў, якія зладжанымі рухамі пастроіліся ў вызначаным парадку і ўтварылі «жывое» слова «Ленін».

1974 год. Выйграць машыну ў латарэю, пабываць на экскурсіі ў Маскве, паглядзець «Калину красную»

У гэты перыяд наша газета была органам гарадскога і раённага выканаўчых камітэтаў, выходзіла па аўторках, серадах, пятніцах і суботах. Рэдагаваў яе Яўгеній Меркуль.

У 1974-м адзначалася 30-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцікіх захопнікаў. Мінску было прысвоена ганаровае званне «Горад-герой», пачаў распрацоўвацца праект першай лініі будучага метро. У нашым горадзе на доме №25 па вуліцы імя Сяргея Прытыцкага адкрылі мемарыяльную дошку, прысвечаную гэтаму слыннаму падпольшчыку, партыйнаму і дзяржаўнаму дзеячу, які шэсць гадоў працаваў першым сакратаром Маладзечанскага абкама КПБ.

Цікавая інфармацыя пра тое, што ў Доме культуры чыгуначнікаў нашага горада праводзіўся розыгрыш першага тыражу грашова-рэчавай латарэі БССР. Усяго ў ёй было 195 тысяч выйгрышаў. 66 з іх прысутныя маладзечанцы атрымалі адразу.

Працягваючы тэму, у адным з нумароў газеты паведамлялася, што наша зямлячка Гануэфа Радкоўская выйграла ў латарэю аўтамабіль. А ў канцы мінулага года яе сям’я справіла наваселле ва ўласным доме. Вось такая двайная ўдача.

Па суботах і нядзелях мясцовае экскурсійнае бюро прымала экскурсантаў з Масквы, вазілі іх у Вільнюс, Тракай, Хатынь, на Курган Славы. У той час маладзечанцы падарожнічалі ў сталіцу СССР, наведвалі там Крэмль, ВДНГ, музеі.

У 1974-м у Маскве праходзіў XXVII з’езд ЛКСМ, дэлегатам ад нашага раёна была прадавец Красненскага сельпо Марыя Вашкевіч. Дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР абралі брыгадзіра паляводчай брыгады саўгаса «Маліноўшчына» Марыю Бажко.

На экраны кінатэатраў выйшаў культавы фільм Васілія Шукшына «Калина красная». А ў конкурсе «Еўрабачанне» перамагла шведская група «Абба», праўда, пра гэта ў нашай газеце не паведамлялася… Як і пра тое, што з Савецкага Саюза быў высланы пісьменнік, грамадскі дзеяч, аўтар «Архіпелаг ГУЛАГ» Аляксандр Салжаніцын, які менавіта ў 1974 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры, прысуджаную яму на чатыры гады раней.

Трактарыстка саўгаса «Краснае», маці траіх дзяцей Лёля Кустава.

Паважаныя чытачы!

Калі нехта з вас пазнаў сябе ці сваіх блізкіх на фотаздымках і захоча падзяліцца ўспамінамі аб мінулым, расказаць, як склалася жыццё далей, тэлефануйце па нумары 77-19-61. 
Працяг будзе.

Старонкі газеты гартала Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 209 раз Последнее изменение 20.01.2022 10:25
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.