— Увесь гэты час выпісваем «раёнку». Яна для майго мужа Сцяпана Юльянавіча нібыта «второе блюдо», такая неабходная. Ён заўсёды яе чытае, ніколі своечасова падпісаць не забываецца. Для яго гэта закон! І на гэты раз наша паштальён Ала аформіла падпіску на даму, і вось аказалася, што прыз выйгралі. Вельмі здзівіліся, бо ў розыгрышах раней не шанцавала, — дзеліцца Софія Мікалаеўна, якую мы запрасілі ў рэдакцыю, каб уручыць наш фірменны кубак.
Адыходзячы год быў адметным для сям’і Тамашэвічаў. У яго пачатку – 20 лютага – Софія Мікалаеўна і Сцяпан Юльянавіч адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця. А ў самым канцы года, 29 снежня, споўніцца 50 гадоў іх старэйшаму сыну Валянціну, будаўніку па прафесіі. Сярэдні сын Міхаіл – механізатар філіяла Аграфірма «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга», пра яго працоўныя дасягненні мы не раз расказвалі на старонках нашай газеты. Бацькі захоўваюць гэтыя матэрыялы. Малодшы сын Сяргей — вадзіцель экспрэс-дастаўкі. Залатыя юбіляры ганарацца сваімі сынамі, радуюцца пяцярым унукам, чацвярым праўнукам. Вялікая сям’я любіць збірацца ў бацькоўскім доме, які летам патанае ў кветках, пасаджаных і дагледжаных працавітай гаспадыняй.
А якія яна пячэ хрушчы і пірагі! Блізкія іх вельмі любяць. Ёсць у нашай чытачкі і хобі: доўгімі зімовымі вечарамі яна чаруе над алмазнай вышыўкай. Лікі святых, прыгожыя кветкі, нацюрморты – восем карцін стварыла жанчына. «Калі схіляюся над імі, забываюцца ўсе нягоды і хваробы», — гаворыць яна.
Дарэчы, калі Софія Мікалаеўна працавала штампоўшчыцай на заводзе «Рамбыттэхніка», яе партрэт друкаваўся ў нашай газеце. Яна была брыгадзірам, мела ўласнае кляймо якасці, а гэта значыць, яе работу кантралёры не правяралі. Перад пенсіяй была лабаранткай у сельгаспрадпрыемстве «Хажоваагра-2009». Тут працаваў і Сцяпан Юльянавіч, які да гэтага шмат гадоў аддаў райсельгастэхніцы.
Добрыя, шчырыя людзі, руплівыя працаўнікі. Мы вельмі рады, што «Маладзечанская газета» прыходзіць у іх дом, прыносіць добрыя навіны. Спадзяёмся, мы будзем разам яшчэ шмат гадоў.
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.