13.12.2021 11:28

Святлана ПАРКАЛАВА: «Галоўнае, чаму навучыў мяне тата, — гаварыць праўду…»

Сёння матэрыял прысвечаны памяцi Аляксандра Мазанiка – iдэйнага натхняльнiка ўзвядзення мемарыяльнага комплексу «Шталаг-342», ганаровага грамадзянiна Маладзечна. Гэтымі днямi нашаму знакамiтаму земляку, добрыя справы якога шануе ўжо не адно пакаленне, споўнiлася б сто гадоў.

Святлана Паркалава — старэйшая дачка Аляксандра Мазаніка. Святлана Паркалава — старэйшая дачка Аляксандра Мазаніка.

Бардовыя ружы памяцi

Аляксандр Iльiч пры жыццi неаднойчы быў героем матэрыялаў журналiстаў «МГ». Прыгадаць яго слаўны, няпросты шлях, абпалены Вялiкай Айчыннай вайной, прыйшлi нядаўна ў музей прадстаўнiкi раённых арганiзацый ветэранаў i Чырвонага Крыжа, прадаўжальнiкi работы па ўвекавечваннi iмёнаў загiнулых у «Шталагу-342» вязняў, а таксама тыя, каму пашчасцiла дакрануцца да лёсу слыннага земляка.

Музейшчыкi падрыхтавалi цiкавую выстаўку, у лiку экспанатаў былі i асабiстыя рэчы Аляксандра Iльiча.

— Над яе стварэннем мы працавалi даволi доўга, i гэта для ўсiх нас была надзвычай цiкавая работа, — заўважыла загадчыца аддзела навукова-даследчай i экспазiцыйна-выставачнай работы Вольга Шылько, якая вяла своеасаблiвую вечарыну памяцi. – Так, у вiтрынах з’явiлiся матэрыялы з нашых фондаў i сямейнага архіва Аляксандра Iльiча. Дакументы, фотаздымкi, узнагароды… Немагчыма не сказаць, што ён быў узнагароджаны медалямi «За адвагу», «За баявыя заслугi», «За перамогу над Германiяй у Вялiкай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», «За абарону Ленiнграда», «За вызваленне Берлiна», «За вызваленне Варшавы», ордэнам Айчыннай вайны I ступенi. А калi гаварыць пра асабiстыя рэчы, прадстаўленыя на выстаўцы, то гэта, напрыклад, кубак для гарбаты i сподак.

Работнiкi музея ўвогуле аднавiлi атмасферу таго часу, калі жыў Аляксандр Мазанiк. Яны нават стылiзавалi пакой адпаведным чынам: сцiплы стол, засцелены плюшавым абрусам, побач на падлозе – радыёпрыёмнiк i этажэрка з кнiгамi, на сцяне – партрэтныя фотаздымкi гаспадароў дома. На вечарыне памяцi ў iм з’явiлiся i цёмна-бардовыя ружы, якія вельмi любiў Аляксандр Iльiч. Ад iмя Маладзечанскай раённай арганiзацыi ветэранаў iх прынесла старшыня савета Таццяна Шафаловiч. Яна яшчэ раз звярнула ўвагу на адметную асобу Аляксандра Мазанiка, якога лiчыць прыкладам для iншых, на яго неацэнны ўклад у захаванне спадчыны гiстарычнага мiнулага.

У абласным краязнаўчым музеі на выстаўцы ў рамках праекта «Ганарымся нашымі землякамі».

З усмешкай i абаранкамi на шыi

Вельмі дапамагла музейным работнiкам старэйшая дачка Аляксандра Iльiча Святлана Паркалава, якая падзялiлася ўспамiнамi пра тату i ўвогуле пра бацькоў. Ад iмя ўсяго калектыву дырэктар установы Алена Чарнецкая падзякавала ёй за супрацоўнiцтва, iмкненне захаваць i перадаць памяць і ўручыла ружовыя ружы.

— Нам жылося складана, але тата быў для нас сапраўднай надзейнай апорай, — сказала Святлана Аляксандраўна. – Назаўсёды запомнiла, як ён са шчырай усмешкай прыносiў абаранкi, звязку якiх абавязкова вешаў на шыю. Нас з сястрой умеў парадаваць i прыгожымi сукенкамi – мы штораз здзiўлялiся, дзе iх можна раздабыць. Радавалiся i мандарынам, якія таксама з’яўлялiся, нiбы той цуд, пад Новы год. Безумоўна, пасталеўшы, ацанiла свайго бацьку як выдатнага гiсторыка (гэту спецыяльнасць ён набыў у Белдзяржунiверсiтэце), педагога, прафесiянала ў галiне архiтэктуры i помнiкаў Маладзечаншчыны. Я навучылася ў таты беражлiвым адносінам да дакументаў, артэфактаў. I ў вынiку пайшла па яго прафесiйным шляху (Святлана стала спецыялiстам па помнiках гiсторыi, архiтэктуры, музейнай i выставачна-аўкцыённай дзейнасцi, цяпер яна валанцёр Чырвонага Крыжа. – Аўт.). Самае галоўнае, чаму навучыў мяне тата, — гаварыць праўду. Ён не выносiў хлуснi i заўсёды нейкiм чынам адчуваў няшчырасць. А менавiта мама, якой, на жаль, не стала летась (ёй было 98 гадоў) на працягу доўгага часу займалася радаводам, аднавiўшы iмёны 158 прадстаўнiкоў нашага роду ў розных краiнах свету. Прадаўжэннем маіх бацькоў сталі трое ўнукаў i дзве праўнучкi.

Шчасце выканаць абавязак

Адна з самых плённых старонак жыцця Аляксандра Мазанiка звязана, безумоўна, з Маладзечаншчынай. Сюды ён прыехаў у 1964 годзе. Галоўнай яго справай як франтавiка, гiсторыка, педагога i чалавека, неабыякавага да памяцi загінулых у час Вялікай Айчыннай вайны, стала ўзвядзенне мемарыяльнага комплексу «Шталаг-342». На вечарыне ў музеі былi прадэманстраваны дакументальныя вiдэаздымкi з дня яго адкрыцця, прысутныя на iмгненне вярнулiся ў 1995 год. З прамовай выступiў сам Аляксандр Мазанiк, якi сказаў аб тым, што яму вельмі важна было гэта зрабiць i цяпер ён шчаслiвы, бо выканаў свой абавязак перад загiнулымi.

Аляксандр Мазанік у маладосці.

З поўным правам яго прадаўжальнiцай па ўвекавечваннi iмёнаў вязняў, якія загiнулі ў «Шталагу-342», можна назваць ганаровую грамадзянку Маладзечанскага раёна Лiдзiю Князеву, якая больш за 30 гадоў аддала гэтай справе, кiравала клубам «Пошук» i сёння працуе ў СШ №5. Яна і цяпер дапамагае сваёй пераемнiцы Ганне Карумнай.

— Я не ведала асабiста Аляксандра Iльiча, бо мы прадстаўнiкi розных пакаленняў, — заўважыла Лiдзiя Барысаўна. – Але мне перад iм не сорамна.

«Пошукаўцам» розных пакаленняў удалося ўстанавiць iмёны больш чым 2300 вязняў. Хаця, як заўважае Лiдзiя Князева, работы яшчэ непачаты край, бо ў шталагу iх загiнула звыш 33 тысяч. Справай маладзечанцаў даўно зацiкавiлiся ў iншых краiнах, i геаграфiя супрацоўнiцтва клуба шырыцца.

Лідзія Князева, якая шмат гадоў займаецца пошукавай дзейнасцю, яе прадаўжальніца Ганна Карумная і ўдзельнікі клуба «Пошук».

Адметна i тое, што на працягу дзесяцi гадоў, калi ўжо Аляксандра Iльiча не стала, педагог разам з выхаванцамi наведвала яго жонку Зiнаiду Васiльеўну.

На вечарыне ў музеi Лiдзiя Барысаўна падарыла Святлане Аляксандраўне рэдкi фотаздымак, зроблены ў час адной з такiх сустрэч.

У музей Лiдзiя Князева i Ганна Карумная таксама прыйшлi разам з юнымi «пошукаўцамi». Значыць, памяць будзе жыць…

Iрына РАБУШКА.
Фота: АЎТАР, архіў Святланы ПАРКАЛАВАЙ.

Прочитано 243 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.