Мемарыял «Шталаг-342» быў узведзены праз 50 гадоў пасля Вялікай Перамогі ў памяць аб ахвярах. Дзеці вайны, якія выжылі, сведчаць аб тым, што вязням давялося цярпець неймаверныя мукі. Кожную раніцу фашысты забіралі трупы і кідалі сарванае з іх адзенне жывым. Кожныя суткі ў «Шталагу-342» памірала каля 300 чалавек. Тут пахавана звыш 33 тысяч ахвяр.
На тэрыторыі нашага раёна жывуць 126 былых вязняў, многія прыйшлі на мытінг-рэквіем.
Словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас тых, хто займаецца пошукавай работай і святой справай увекавечвання імёнаў загінулых. На Маладзечаншчыне гэта найперш прадстаўнікі клуба «Пошук» СШ №5 на чале з яго кіраўніком ганаровай грамадзянкай раёна Лідзіяй Князевай. Напярэдадні памятнай даты сталі вядомыя імёны яшчэ 200 загінулых у «Шталагу-342».
Штогод на мітынг, прысвечаны Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, у наш горад прыязджаюць жыхары розных краін. На гэты раз памяці сваіх продкаў пакланіліся нашчадкі з Расіі.
Афіцэр запасу Расійскай Арміі Сяргей Антаняк з Масквы мала ведае пра свайго дзеда Фёдара Дарафеевіча Фісуна. Аб тым, што ён быў закатаваны ў «Шталагу-342», даведаўся паўгода таму.
Мікалай Міхалін, які прыехаў з Ліпецка з жонкай Галінай, з асаблівым пачуццём падышоў да сцяны, дзе пазначана прозвішча яго дзеда Івана Нікіфаравіча Жыжына. Свой апошні прытулак ён знайшоў у «Шталагу-342», калі яму толькі споўнілася 36 гадоў. Беражліва захоўваюць памяць пра свайго бацьку сын і дачка, якім ужо за 80 гадоў.
Госці з Расіі вельмі ўдзячныя маладзечанцам за памяць пра іх продкаў і клопат пра ветэранаў.
На маладзечанскай зямлі знаходзяцца 63 воінскія пахаванні перыяду Вялікай Айчыннай вайны, дзе ўвекавечаны подзвіг звыш 40 тысяч савецкіх воінаў.
Сёння імёны 2163 загінулых занесены ў пашпарты воінскіх пахаванняў.
Падрабязна -- у "МГ" за сераду, 19.04.2017 г.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.