25.10.2021 10:22

Дзевяностая восень Яніны Станіславаўны

Прыгожыя беларускія песні гучалі нядаўна ў гонар старэйшай жыхаркі Палачанскага сельсавета Яніны Скабей з вёскі Схоліна.

У сваё 90-годдзе Яніна Скабей прымала віншаванні ад старшыні Палачанскага сельвыканкама Анастасіі Іода і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Яхімоўшчынскага сельскага клуба. У сваё 90-годдзе Яніна Скабей прымала віншаванні ад старшыні Палачанскага сельвыканкама Анастасіі Іода і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Яхімоўшчынскага сельскага клуба.

Яніну Станіславаўну павіншавалі з 90-годдзем старшыня Палачанскага сельвыканкама Анастасія Іода, а таксама самадзейныя артысты Яхімоўшчынскага сельскага клуба на чале з яго загадчыцай Святланай Карташэвіч.

— Люблю сваю вёску! Як прыеду сюды з Маладзечна, дык, здаецца, адразу ў вачах віднее, — гаворыць доўгажыхарка.

Успамінае сваё дзяцінства, маладосць. Бацька Станіслаў Пятровіч Адамовіч, старэйшы брат Станіслаў пайшлі на вайну, абодва выжылі, але былі параненыя, заўчасна пайшлі з жыцця. Няма ўжо і брата Браніслава. А вось матуля Ксенія Андрэеўна пражыла 92 гады.

Яніна спачатку працавала ў калгасе ў паляводстве, зарабляла працадні. Затым разносіла пошту ў Схоліне, Яхімоўшчыне, Мамонах.

Расказвае, што ў гады яе маладосці ў вёсцы было шмат моладзі, у хатах па чарзе ладзілі танцы, на якія прыходзілі хлопцы і дзяўчаты з усяго наваколля.
Яніна вывучылася на повара-прадаўца, яе накіравалі на ПМК у Маліноўшчыну. Карміла там механізатараў, пазнаёмілася з будучым мужам Расціславам Скабеем, родам з Вілейшчыны. У наступным годзе будзе 60 гадоў, як яны разам. Атрымалі ў горадзе кватэру, але і родны дом Яніны адмыслова перабудавалі. У цёплую пару года жывуць у вёсцы. Нягледзячы на паважны ўзрост, Расціслаў Пятровіч кіруе машынай. Ды і наогул сямейная пара ад жыцця не адстае: карыстаюцца мабільным тэлефонам, планшэтам, праз інтэрнэт выходзяць на сувязь са сваякамі з Кобрына, Санкт-Пецярбурга.
Вельмі прыемна, што сям’я Скабей шмат гадоў выпісвае нашу газету.

— Мы вясковыя, таму больш любім чытаць пра сельскае жыццё, пра тое, як цяпер людзі свае сядзібы добраўпарадкуюць. Але і ўсім новым, што ў раёне адбываецца, цікавімся, — расказвае Яніна Станіславаўна.

Сваякі, сябры, знаёмыя віншавалі яе з такім прыгожым юбілеем. Прыходзілі аднавяскоўцы, сярод якіх яна адна з самых старэйшых.
— Што б вы пажадалі сабе з нагоды юбілею? – спыталася ў імянінніцы.

— Толькі здароўя! Яго найбольш не хапае, — не задумваючыся, адказала доўгажыхарка.

Дык няхай жа яно не падводзіць, няхай больш будзе добрых навін, прыемных падзей, шчырых людзей побач — пажаданне ад «Маладзечанскай газеты» нашай чытачцы.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ПАЛАЧАНСКАГА СЕЛЬВЫКАНКАМА.

Прочитано 138 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.