14.09.2021 15:41

Сямейнае гняздо ў вёсцы Доўгі Лог

Райскі куточак – так можна сказаць пра сядзібу Ірыны і Івана Сіняўскіх у вёсцы Доўгі Лог Маркаўскага сельсавета. Менавіта гэту сям’ю мясцовая ветэранская арганізацыя прадставіла для ўдзелу ў конкурсе «Ветэранскае падвор’е-2021».

Гаспадары дома Іван і Ірына Сіняўскія. Гаспадары дома Іван і Ірына Сіняўскія.

Чатыры пакаленні пад адным дахам

Доўгі Лог знаходзіцца за 25 кіламетраў ад Маладзечна, за чатыры — ад Маркава. Размешчана вёска ў лагчыне, навокал яе лес. Адсюль, напэўна, і назва. Дамы раскіданы паводдаль адзін ад аднаго, схаваныя ў зеляніне садоў, вёска сапраўды доўгая. А дарога праз яе ўпіраецца ў лес, далей не паедзеш — тупік…

Ірына Аркадзьеўна, карэнная жыхарка, успамінае, што ў часы яе дзяцінства жыццё тут віравала, у кожнай з 60 хат гарэла святло. Цяпер на зіму толькі ў сямі хатах застаюцца людзі…

— Школы ў нас ніколі не было. Да чацвёртага класа я вучылася ў Трапалаве, восем заканчвала ў Клочкаве, дзесяць – у Маркаве, — расказвае жанчына.

Яе бацькі пабудаваліся тут у 1956 годзе. Як і ўсе вяскоўцы, трымалі вялікую гаспадарку, працавалі на зямлі. Тата Аркадзій Міхайлавіч быў брыгадзірам будаўнічай брыгады ў мясцовым калгасе «Чырвоны прамень», які пазней увайшоў у калгас імя Леніна (цяпер – СГФ «Маркава»). Бацькі, на жаль, няма ў жывых, а матулю Марыю Мацвееўну дачка клапатліва даглядае.

Іван Пятровіч родам з Маркава, дзе Сіняўскія жылі дзесяць гадоў пасля жаніцьбы, працавалі ў калгасе. Пазней пераехалі ў горад, атрымалі трохпакаёвую кватэру. Да пенсіі Ірына Аркадзьеўна была бухгалтарам у ЖРЭУ-2, Іван Пятровіч – вадзіцелем. Выгадавалі дзвюх дачок Алену і Вольгу, радуюцца пяцярым унукам.

Муж і жонка расказваюць, што большую частку года яны праводзяць у Доўгім Логу. Прыязджаюць сюды ранняй вясной, а ў горад перабіраюцца іншы раз і пасля Новага года.

— Мы любім зямлю, з дзяцінства прывыклі да працы. Радуе, што і нашы дочкі прывязаны да гэтых мясцін. Дзякуючы іх намаганням і дапамозе наша сядзіба і стала такой, — дзеліцца Ірына Аркадзьеўна.

Прыгожая сядзіба – плён працы дружнай сям’і.

У дзень нашага прыезду чатыры пакаленні гэтай сям’і сабраліся пад дахам бацькоўскага дома. Дарэчы, малодшая дачка Вольга разам з мужам і трыма дочкамі жыве ў далёкім Бахрэйне, аднак з вялікім задавальненнем прыязджае ў сваё сямейнае гняздо, разам з бацькамі і сястрой добраўпарадкуе яго.

Радуюць бабулю і дзядулю ўнучкі Эліна, Софія, Ангеліна.

Французскія вокны, адкрытая веранда з печкай

Гаспадары расказваюць, што шэсць гадоў таму зрабілі капітальны рамонт дома. Цяпер у ім ёсць усе гарадскія выгоды, звонку ён абшыты сайдынгам. З боку вуліцы — вокны ад столі да падлогі, што надае дому сучасны выгляд. Пад вокнамі выкладзены пліткай подыум, на якім утульна прымасціліся столік з крэсламі. І такіх прыгожых, з густам аформленых куткоў тут мноства. Разабралі старую паветку — зрабілі стыльную адкрытую веранду з печкай, у якой зручна гатаваць шашлыкі і іншыя стравы. Пабудавалі новую лазню, перарабілі веранду, і ўсё ў адным стылі, які сведчыць аб выдатным гусце і прафесійным падыходзе. І гэта сапраўды так, Вольга – дызайнер, галоўныя ідэі па афармленні яе. Вось і нядаўна яна з татам са старых дзвярэй змайстравала стыльны стол з прыробленымі да яго лаўкамі.

Фарбавалі яго ўсе разам. Дзецям вельмі зручна за ім маляваць, раскладаць настольныя гульні. Прыгожыя драўляныя ліхтары з вялізнымі свечкамі, сплеценыя з лазы вянкі, букеты з сухастою – штрыхі, якія ствараюць агульны ансамбль, непаўторную ўтульнасць. На кожным кроку тут адчуваеш, колькі любові і працы ўкладваюць гаспадары ў сваю сядзібу.

На адкрытай верандзе, аформленай з вялікім густам, прыемна прыгатаваць ежу, пасядзець за сталом.

Каліфарнійская вярба, мяккая сасна

Кампазіцыі з дрэў і кустоў акружаюць дом з усіх бакоў. Тут шмат экзатычных раслін, саджанцы якіх куплялі ў гадавальніках: мяккая дэкаратыўная сасна, зялёны і бардовы барбарыс, туі, язмін, сартавы бэз, нізкарослая каліфарнійская вярба, самшыт, спірэя, дэкаратыўная каліна і многія іншыя. Арганічна ўпісваюцца ў ландшафт камяні, а таксама выкладзеныя каменнымі пласцінамі сцежкі.

Вырошчваюць Сіняўскія і агародніну, у цяпліцы спеюць памідоры. Радуюць вока акуратна падвязаныя кусты ажыны, палымнеюць на градках вялікія ягады ажынамаліны.

У Івана Пятровіча – сваё хобі. Пяць гадоў ён займаецца гадоўляй трусоў. Раней трымаў звыш ста жывёл, цяпер засталося больш за 30. Часта выпускае гадаванцаў на зялёную траўку, унукі вельмі любяць з імі гуляць, дапамагаюць іх карміць.

Іван Пятровіч шмат гадоў гадуе трусоў.
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 278 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.