09.07.2021 15:33

Чакалі сына Кольку, а нарадзілася Ніколь

Сёння ўдзельніца нашай рубрыкі, у якой мы расказваем пра людзей з рэдкімі і незвычайнымі імёнамі, — маладзечанка Ніколь Гаргіладзэ (на фота). Калі яна камусьці прадстаўляецца, то нярэдка чуе ў свой адрас удакладненне: «Кідман?». А той, хто арыентуецца ў грузінскіх адметных асобах, шукае радство з футбалістам альбо баксёрам, паэтам ці акцёрам Гаргіладзе – гэта чатыры розныя чалавекі з аднолькавым прозвішчам…

— О, будзе сын Колька! — усклікнуў мой тата Ян, калі даведаўся, што ў іх з мамай народзіцца першынец, — расказвае гісторыю свайго імені Ніколь. – Але з’явілася я! Паколькі мой дзень нараджэння напярэдадні Купалля, то мама прапанавала назваць мяне Янай. Але тады атрымалася б Яна Янаўна. І тата не падтрымаў ідэю. Як і варыянт з іменем Анфіса – ёю я была некалькі дзён, пакуль з мамай знаходзілася ў радзільным доме. Урэшце стала Ніколь. Такім чынам тата ператварыў імя Коля. Дарэчы, майго хроснага бацьку завуць Мікалаем.

У гістарычнае паходжанне свайго імені субяседніца не ўнікала, хіба толькі ў інтэрнэце пацікавілася, якія існуюць яго варыянты.

— Найбольш арыгінальныя — Нікалета і Калета, — усміхаецца яна. — Але мне падабаецца проста Ніколь – так больш меладычна. Хаця блізкія часам называюць мяне Нікай.

Па адной з самых распаўсюджаных версій, імя Ніколь французскага паходжання, прычым у Францыі яно ў ліку самых папулярных. Зрэшты, так называюць дзяўчынак ледзь не ва ўсім свеце, але ў нас імя застаецца рэдкім. Яно мае значэнне «пераможніца народаў» і ўтворана ад мужчынскай версіі Нікаля (звыклы нам аналаг, зразумела, Мікалай).

У ўдзельніцы нашай рубрыкі па бацькавай лініі грузінскія карані.

— Яго тата — грузін, а мама – беларуска, родам з Вілейшчыны, — расказвае Ніколь. — Два гады таму мне давялося бываць на гістарычнай радзіме бацькі ў Чакві. Пасёлак знаходзіцца недалёка ад Батумі, дзе, дарэчы, ёсць вуліца, названая ў гонар паэта Зураба Гаргіладзэ. У Грузіі нямала знакамітасцей з такім прозвішчам – футбаліст, баксёр, паэт, акцёр, але ні да аднаго з іх я не маю дачынення. Увогуле, у гэтай краіне вельмі прыгожыя краявіды нават у пахмурнае надвор’е. А найлепшае лякарства ад усялякіх хвароб, безумоўна, мора. Цяпер я і ў Беларусі імкнуся адшукаць куточак Грузіі, што мне ўдаецца, калі пачынае віцца вінаград. Грузіны асабліва мяне ўражваюць трывалымі сямейнымі традыцыямі, яны вельмі дружалюбныя людзі. Дарэчы, у маёй вялікай беларуска-грузінскай сям’і ёсць два стрыечныя браты па імені Ніко, што падобна на Ніколь. Можна і заблытацца, каго клічуць.
Ужо з дзіцячага сада Ніколь разумела, што з яе іменем «штосьці не так».

— Бывала, мяне называлі Мікітам, Нінэль… — гаворыць усмешлівая дзяўчына. – Калі вучылася ў гімназіі №3, да майго імені, здаецца, прызвычайваліся ўсе адзінаццаць гадоў. Цяпер ужо ў ВНУ чамусьці думаюць, што я іншаземка і прыехала ў Беларусь атрымліваць адукацыю за грошы. Таксама нярэдка чую ў свой адрас: «Гэта тваё сапраўднае імя?». Ці ўдакладненне: «Кідман?».

Аўстралійская і амерыканская актрыса Ніколь Кідман адна з самых вядомых цёзак нашай зямлячкі. Хаця на самай справе знакамітых уладальніц гэтага прыгожага імені нямала, і праявілі яны сябе ў розных сферах – італьянская гарналыжніца Джус, канадская актрыса Лаплаца, французскі гісторык і антраполаг Ларо, нямецкая актрыса тэатра Хестэрс, амерыканская R&B-спявачка, танцоўшчыца Шэрзінгер, французская фігурыстка Аслер, аўстралійская тэнісістка і трэнер Брадтке… Маладзечанская Ніколь пакуль не сустракала цёзак.

Яна вучыцца на трэцім курсе тэхналагічнага ўніверсітэта, яе будучая спецыяльнасць — рэдактар-тэхнолаг у выдавецкай справе.

— Так, я буду правіць памылкі ў розных выданнях, кнігах, — гаворыць Ніколь. – Яны ёсць нават у надрукаваных вялікімі тыражамі. Любоў да слова прывіла мне настаўніца рускай мовы і літаратуры Тамара Юрэвіч. Цяпер і сама штораз імкнуся паправіць людзей, калі чую ці бачу памылкі, не люблю, калі каментарыі з імі пакідаюць і ў сацыяльных сетках.

У Ніколь шмат захапленняў – ігра на флейце, гітары, фартэпіяна, харэаграфія розных кірункаў. Дзяўчына марыць паглыбіць свае веды ў грузінскай мове, пакуль што французская ёй даецца лягчэй. Паспявае яна падпрацоўваць і на дзвюх работах: асноўная – прадавец аксесуараў для мабільных тэлефонаў, а летам яшчэ і марожаным гандлюе.

— Калі ў першым класе ў мяне спыталіся, кім я хачу стаць, адразу сказала: «Прадаўцом марожанага!». На гэтай рабоце я нібыта адпачываю душой. Гэта як дзіцячая казка! Падпрацоўваю ім кожнае лета з пятнаццаці гадоў. У перспектыве, безумоўна, хачу звязаць свой прафесійны шлях з выдавецкай дзейнасцю.

А ў вольны час Ніколь, як і ў дзяцінстве, любіць бываць з бацькам. Напрыклад, у гаражы асвойваць… нарэзку шкла.

Ірына РАБУШКА.
Фота: архіў Ніколь ГАРГІЛАДЗЭ.

Шаноўныя чытачы! Калі ў вас, вашых блізкіх, знаёмых, сяброў рэдкае імя, ёсць цікавая гісторыя, звязаная з ім, раскажыце нам пра гэта.
Тэл. 77-19-61, е-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. (абавязкова пакіньце даныя для сувязі).

Прочитано 280 раз Последнее изменение 09.07.2021 15:33
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.