08.07.2021 15:54

Купаліш і Купалінка на свята запрашалі

6 ліпеня маладзечанцы адзначалі цудадзейнае свята Купалле. Масавыя гулянні з забаўляльнай праграмай «Купальскія забавы» былі арганізаваны на пляцоўках ля цэнтральнага ўвахода ў парк Перамогі, а таксама побач з Летнім амфітэатрам. А калі сонца пачало садзіцца за дрэвы, Купаліш і Купалінка запрасілі ўсіх на тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам творчых калектываў Палаца культуры.

Урачыстае шэсце да Летняга амфітэатра ўзначалілі Купаліш і Купалінка.

Свежым водарам кветак і траў сустракаў пасля дажджу гарадскі парк усіх удзельнікаў свята. Капрызы прыроды не перашкодзілі маладзечанцам захаваць добры настрой. Разам з дзецьмі яны далучаліся да ўрачыстага шэсця, якое ўзначалілі Купаліш і Купалінка, і накіроўваліся з песнямі да сцэнічнай пляцоўкі амфітэатра.

Жадаючых паглядзець, а заадно і паўдзельнічаць у тэатральным прадстаўленні было шмат. Купалле заўсёды было папулярнае сярод жыхароў нашага раёна. Гэта адно з самых рамантычных і загадкавых свят. Столькі традыцый і вераванняў, колькі яно нясе з сабой, не сустрэнеш, бадай, ні ў якім іншым беларускім свяце. Дарэчы, у старадаўнія часы нашы продкі пачыналі адзначаць яго яшчэ раніцай. Дзяўчаты ішлі да жытняга поля рваць кветкі і плялі з іх вяночкі. А вечарам, на захадзе сонца, варажылі на іх: кідалі ў ваду і глядзелі, да якога берага паплыве (маўляў, у той бок і замуж пойдзеш). Да варажбы далучаліся і хлопцы. Пара разам кідала вянкі ў ваду: калі яны плылі побач, у сям’і будуць згода і лад, калі аддаляліся, лічылася, што добрага не будзе.

А яшчэ на Купалле збіралі зёлкі, якія ў гэты дзень набывалі асаблівыя лекавыя якасці. Дамоў іх прыносілі цэлымі снапамі і клалі сушыцца, каб у любую пару года быў паратунак ад розных хвароб.

-- Крыху хвалююся, -- прызналася перад пачаткам шэсця Аліна Міхалёнак, якой даверылі галоўную ролю Купалінкі. – Упершыню ўдзельнічаю ў гэтым свяце. Яно асацыіруецца ў мяне не толькі з вогнішчам, жартамі, гульнямі, рознымі прадстаўленнямі, але і з рамантычнымі пачуццямі, каханнем, прываблівае паэтычнай прыгажосцю, сваімі легендамі, казкамі і паданнямі. Таму роля Купалінкі мне вельмі блізкая. Я таксама веру ў цуды, люблю казкі, дзе каханне і дабро перамагаюць зло.


-- А мне не першы раз даводзіцца ўдзельнічаць у такім мерапрыемстве, -- гаворыць Валерый Бабкін (Купаліш). -- Адчуваю сябе ўпэўнена. Наогул, мне падабаюцца народныя святы. Яны прыцягваюць душэўнасцю, своеасаблівым лірызмам, песенным багаццем, а таксама маштабнасцю, размахам. Усе гэтыя абрады і традыцыі -- каштоўная спадчына, што дасталася спакон вякоў, і магчымасць цікава і незвычайна правесці вольны час. Таму адчуваць сябе часткай такога ўсенароднага гуляння, асабіста для мяне вялікая радасць.

Тэатралізаванае прадстаўленне пачалося з купальскага карагода дзяўчат у вяночках. На сцэну іх выводзіў Купаліш. Прыгажуні тройчы праходзілі праз сімвалічныя «купальскія вароты», складзеныя з розных кветак і зёлак, сабраных арганізатарамі на свята. У вялікі агульны вянок «купальскіх варот» былі ўплецены сухацвет -- сімвал здароўя і даўгалецця, аксаміткі -- сімвал вернасці і прыгажосці, крываўнік – сімвал свабоды і непахіснасці, барвінак – сімвал жыцця і вечнай любові, каліна -- сімвал дзявочай прыгажосці, валошка -- сімвал пяшчоты, многія іншыя расліны.


 

«На Купалле ідзі -- пару сабе знайдзі», -- такую назву меў тэатральна-гульнявы эпізод з удзелам гледачоў. На сцэну выходзілі хлопцы і дзяўчаты, якія спаборнічалі ў конкурсах, танцавалі, а вярталіся на свае месцы ў глядзельнай зале парамі і з падарункамі.

Актыўна ўдзельнічалі гледачы і ў іншых гульнёва-забаўляльных пастаноўках, дзе дэманстравалі свае мастацкія здольнасці. Усе яны атрымалі прызы.



Сваімі мастацкімі нумарамі радавалі гледачоў удзельнікі народнага клубнага аб’яднання «Адпачынак» і заслужаны аматарскі калектыў Беларусі ансамбль песні і танца «Спадчына» імя Іосіфа Сушко.

А на завяршэнне свята адбылося традыцыйнае запальванне вогнішча на востраве, дзе выступілі таксама артысты фаер-шоу.

Тэкст і фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.

Прочитано 342 раз
Вячаслаў Табулін

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.