02.07.2021 14:52

Раіса Кучынская: «Вайна адабрала ў мяне бацькоў, сясцёр і нават імя…»

— Толькі ў дарослым жыцці я дакладна даведалася, што бацькі мне далі імя Ірына, хаця па дакументах дзіцячага дома я Раіса, і сапраўднае імя па бацьку ў мяне Георгіеўна, а не Рыгораўна, — пачынае расповед пра вайну 84-гадовая жыхарка пасёлка Чысць Раіса Кучынская. Вельмі няпроста даюцца ёй гэтыя ўспаміны. – Ведаеце, я фільмы пра вайну не магу глядзець. Як толькі з экрана пачую стрэлы, нямецкае «Хальт!», усё ў душы ледзянее…

Раіса Рыгораўна, як ніхто іншы, ведае цану міру.
Самы страшны дзень у жыцці

Усяго толькі пяць гадкоў было Іры, малодшай з шасцярых дзяцей школьнага настаўніка Георгія Філіпавіча Карпюка і яго жонкі Феадосіі Фёдараўны, калі ў жніўні 1942-га іх вёску Воўчыя Норы, што на Слонімшчыне, напаткаў лёс Хатыні.

— Наша хата стаяла на ўскрайку лясной вёскі. Побач жыла сям’я роднага брата таты дзядзькі Міхаіла, у якога было дзявяцера дзяцей. Мы ўсе жылі вельмі дружна, адной вялікай сям’ёй. Калі пачалася вайна, у вёсцы з’яўляліся то акружэнцы, то фашысты. Нейкі час у нас хавалася яўрэйская сям’я. Пазней па начах пачалі заходзіць партызаны. Тады мама шчыльна завешвала вокны, а лясныя мсціўцы іншы раз падоўгу размаўлялі з татам, — расказвае Раіса Рыгораўна. – Добра памятаю той самы страшны дзень у маім жыцці – 22 жніўня 1942 года. З раніцы, як звычайна, мама запаліла ў печы, стала гатаваць сняданак. Старэйшая сястра Ніна пайшла даіць карову, тата нешта рабіў у двары. Раптам ён заляцеў у хату ўстрывожаны, загадаў нам хутка апранацца, есці і ўцякаць у лес. І быць там, пакуль бацькі па нас не прыйдуць. Мама, тата, 14-гадовая сястра Ніна і васьмігадовая Марыя засталіся дома. Мы пабеглі хавацца разам з дзецьмі дзядзькі, усяго нас было дзясяцера. Старэйшым – 12-13 гадоў, малодшай стрыечнай сястры Танечцы — усяго тры. Цэлы дзень мы былі ў лесе, збіралі ягады, бо прагаладаліся.

І ўсё чакалі бацькоў, а яны не ішлі. Вечарам самі скіравалі ў вёску. Выйшлі з лесу і не можам зразумець, што здарылася: вёскі няма, замест хат — папялішчы. І страшны пах гарэлага, мне здаецца, я і цяпер яго чую. Мы не ведалі, дзе бацькі і сёстры, але тады яшчэ спадзяваліся, што яны жывыя… Адна хата ўцалела, туды мы і пайшлі. Гаспадары нас накармілі, але не сказалі, што стала з нашай раднёй. Спалі мы ў стозе сена. Было вельмі страшна. Як сціснулася ад жаху нешта ўнутры, так і не адпускала. Малая была, а адчувала вялікую бяду… Раніцай старэйшыя вырашылі пайсці ў суседнюю вёску Чыжыкі, адкуль родам жонка дзядзькі Міхаіла. Думалі, што нашы бацькі там. Дарога была доўгай і пакутнай. Нас затрымалі немцы, старэйшых дзяцей дапытвалі, чые мы, куды ідзём. Нейкім цудам удалося збегчы. Дабраліся ў Чыжыкі, дзеці Міхаіла засталіся там, а нас па просьбе брата Пеці забраў татаў знаёмы з вёскі Грыўды Арцём Радзюк. Там мы даведаліся страшную праўду: нашых бацькоў і сясцёр, дзядзьку Міхаіла з жонкай, сынам і дачкой спалілі фашысты. У ходзе карнай аперацыі за дапамогу партызанам ворагі знішчылі 189 жыхароў Воўчых Нор. Дзядзька Арцём з маімі старэйшымі братам і сястрой паехалі на папялішча нашай хаты, знайшлі рэшткі таты і сясцёр, якіх спалілі ў хляве. Маму забілі на агародзе. Там, на сядзібе, іх і пахавалі…

Феадосія і Георгій Карпюкі загінулі ад рук фашыстаў.

З сястрой пайшлі па татавых слядах

Землякі не кінулі сірот, дапамагалі ім выжыць, хаця самім было цяжка. Веру, старэйшую сястру, забралі гаспадары аднаго з хутароў пасвіць кароў. «Без Іры не пайду!» — настаяла яна. Удзвюх яны і жылі ў чужых людзей. А пасля Перамогі Іра разам з братам Пецем і сястрой Валяй трапіла ў Косаўскі дзіцячы дом, пра які ў яе самыя цёплыя ўспаміны. Удзячнасць яго педагогам за клопат аб іх, дзецях-сіротах, Раіса Рыгораўна захоўвае ў сэрцы ўсё жыццё. І не трымае ў душы крыўду, што там чамусьці змянілі яе імя і імя па бацьку, ва ўсіх дакументах яна запісана як Раіса Рыгораўна Карпюк. З гэтым іменем і ідзе па жыцці, не стала яго мяняць. Хаця дзеці і ўнукі знайшлі дакументальнае пацвярджэнне, што яе на самай справе звалі Ірынай Георгіеўнай Карпюк і жыла іх сям’я ў Воўчых Норах, а не ў вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна, як напісалі ў дзіцячым доме. Удалося нават знайсці карту польскіх часоў, дзе пазначаны Воўчыя Норы. А Раіса Рыгораўна запісала легенду аб паходжанні назвы вёскі, якую яе старэйшыя брат і сёстры запомнілі з бацькавых расказаў…

Дачка захавала татаў армейскі здымак.

Пасля школы Раіса і яе сястра Валянціна (інвалід вайны, якой гранатай адарвала руку) вырашылі стаць педагогамі, як і іх бацька. Яны закончылі Брэсцкае педагагічнае вучылішча. Па размеркаванні Раіса прыехала ў школу вёскі Дубнавічы Пінскага раёна, дзе адпрацавала 45 гадоў. Там сустрэла сваё каханне – настаўніка гісторыі Уладзіміра Кучынскага, які ў гады ваеннага ліхалецця стаў малалетнім вязнем, быў вывезены з бацькамі ў Германію. У жніўні гэта сямейная пара адзначыць 60 гадоў сумеснага жыцця.

16 гадоў таму яны пераехалі з Брэстчыны ў Чысць, каб быць бліжэй да дачкі Ларысы, якая тут жыве. У Кучынскіх трое дзяцей, шасцёра ўнукаў. Дочкі Алена і Ларыса, як і бацькі, педагогі, сын Васілій – радыётэхнік. Нельга не сказаць пра тое, што ў родзе Карпюкоў-Кучынскіх 14 педагогаў, іх агульны стаж складае каля 500 гадоў. Некалькі гадоў таму іх сямейную дынастыю ўшаноўвалі на настаўніцкай педканферэнцыі ў Слоніме.

Пасланне нашчадкам

— Вельмі цягне на радзіму, — прызнаецца мая субяседніца. – У вёсцы Заводны Лес стаіць сціплы помнік па загінулых, мы з дзецьмі, пляменнікамі стараемся кожны год 22 жніўня там пабываць, ускласці кветкі. А нашы Воўчыя Норы так і не адрадзіліся пасля вайны, там цяпер густы лес, цяжка туды дайсці…

Раіса і Уладзімір Кучынскія, іх дзеці Алена, Ларыса, Васілій ля помніка загінулым землякам у вёсцы Заводны Лес на Слонімшчыне.

На месцы гібелі жончыных бацькоў і сясцёр Уладзімір Васільевіч паставіў драўляны крыж, а Раіса Рыгораўна пасадзіла ірысы.

— А яшчэ там захавалася яблыня. Два гады таму муж з пляменнікам там пабывалі, прывезлі мне неспадзяваны гасцінец – яблыкі з роднай сядзібы. Знайшлі таксама чарапкі ад глінянага збаночка і заржавелы замок. Яны для мяне вельмі дарагія, захоўваю іх як рэліквію, як памяць аб маіх сваяках. З шасцярых братоў і сясцёр засталіся толькі мы з Валянцінай, яна жыве ў Лунінцы. У адзін з прыездаў на маю радзіму мы з дзецьмі закапалі на сядзібе бутэльку з пасланнем нашчадкам. Няцяжка здагадацца, якія самыя важныя словы мы ў ім напісалі: «Беражыце мір! Няхай ніколі ніхто з вас не зведае, што такое вайна…».

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў Раісы КУЧЫНСКАЙ.

Прочитано 243 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.