Жыхарка вёскі Вязынка Святлана АГЕЙЧЫК расказала гісторыю вяртання на сваю малую радзіму.
– У Вязынцы знаходзіцца маё радавое гняздо, – паведаміла субяседніца. – Тут жылі некалькі пакаленняў маіх продкаў. У дзяцінстве і юнацтве я наведвала вёску, слухала гісторыі, звязаныя з населеным пунктам і маёй сям'ёй. Аказваецца, мая прабабуля сябравала з маці Янкі Купалы. Наш дом знаходзіўся недалёка. Жанчыны часта хадзілі ў госці адна да адной.
Святлана Агейчык расказала, што пачуццё малой радзімы, а таксама, што ёй з’яўляецца менавіта Вязынка, сфарміравалася ў яе ўдалечыні ад Беларусі. Жанчына многа падарожнічала, пабачыла розныя краіны. Аднак з кожным годам усё больш хацелася звязаць сваё жыццё з гэтым мілым куточкам зямлі, вярнуцца дадому. І вось гэта мара здзейснілася.
– Сёння Вязынка пераўтвараецца ў сапраўдную турыстычную вёску, – акцэнтавала мясцовая жыхарка. – Колькасць жадаючых прыехаць сюды пастаянна павялічваецца. І гэта цалкам лагічна. Тут можна не толькі наведаць мемарыяльныя аб’екты, прысвечаныя творчасці і жыццю Янкі Купалы, але і адпачыць ад гарадской мітусні. Калі на працы чалавека акружаюць шкло і бетон, яго душа патрабуе рэлаксу.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ