Самадзейны мастак з Радашковічаў Уладзімір СТАСЕВІЧ ужо шмат гадоў адлюстроўвае на карцінах прыгажосць роднай зямлі.
– Я карэнны жыхар гарадскога пасёлка, – гаворыць Уладзімір Сяргеевіч. – Нарадзіўся на былой Чырвонаармейскай вуліцы (цяпер Полацкая). У свой час манціраваў помпавыя станцыі Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, працаваў на Радашковіцкім керамічным заводзе. Цяпер на заслужаным адпачынку.
Субяседнік паведаміў, што мастацтвам захапляецца з дзяцінства. Маляванне было адным з любімых школьных прадметаў. Пра мастацкія здольнасці гаварылі шматлікія сябры і знаёмыя. Асноўная тэма для творчасці – прыгажосць беларускай прыроды.
Свае творы Уладзімір Стасевіч піша алейнымі фарбамі. На карцінах адлюстроўваюцца ваколіцы Радашковічаў – рэчка Вязынка, узгоркі, пакрытыя лесам... Ідэі работ узнікаюць у час прагулак. Пастаянны спадарожнік – натхненне.
Карціны самадзейнага мастака выстаўляюцца ў Радашковіцкім цэнтры культуры і адпачынку, мясцовай бібліятэцы. Аўтарскія экспазіцыі прысутнічаюць на святах гарадскога пасёлка, іншых мерапрыемствах. Работы землякам вельмі падабаюцца.
– Жыхарам Беларусі, а таксама іншаземцам раю прыехаць у Радашковічы і атрымаць асалоду ад мясцовых краявідаў. Уражанне ад такога падарожжа застанецца надоўга, – падзяліўся эмоцыямі Уладзімір Стасевіч.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ