Яны ўзялі шлюб 25 чэрвеня 1971 года. Роўна праз 50 гадоў, дзень у дзень, гэта сямейная пара павянчалася ў мясцовай царкве, а затым урачыста зарэгістравала свой залаты шлюб у Палачанскім сельскім выканаўчым камітэце.
Вяла ўрачыстасць кіраўнік спраў сельвыканкама Таццяна Бароўская. Разам з юбілярамі яна перагарнула самыя яркія старонкі іх жыцця, прыгадала гісторыю знаёмства. Віктар Іосіфавіч – карэнны палачанец. Ён нарадзіўся ў разгар вайны – у 1943 годзе. Рана страціў бацьку, у цяжкі пасляваенны час з дзевяці гадоў падпрацоўваў у калгасе. Закончыў сямігодку, у гарадской вячэрняй школе вывучыўся на шафёра. Пасля трох гадоў армейскай службы ў Германіі працаваў стрэлачнікам на чыгунцы ў горадзе, затым уладкаваўся ў калгас, жывёлаводам на ферму ў Аборку.
Стэфаніда Паўлаўна на чатыры гады маладзейшая за мужа, родам яна са Смаргоншчыны. Разам з бацькамі жыла на цаліне, там закончыла школу. На той час у школьным вучэбна-вытворчым камбінаце старшакласнікаў навучалі розным прафесіям. Стэфаніда выбрала спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў і пасля заканчэння школы год вучыла дзяцей у адной з мясцовых навучальных устаноў. Аднак беларусаў цягнула на радзіму, разам з маці дзяўчына вярнулася ў родныя мясціны, неўзабаве яны купілі дом у Мароськах. Стэфаніда закончыла гандлёвае вучылішча, працавала прадаўцом у магазіне №1 у Маладзечне. Затым авалодала прафесіяй токара на заводзе «Спадарожнік», а з пачатку 1970-х, як і Віктар, перайшла ў калгас, была цялятніцай, малаказборшчыцай.
Пазнаёміліся яны ў Мароськах, нагодай для сустрэчы стала вяртанне з арміі брата Стэфаніды. Пасля застолля вясковая моладзь пайшла на танцы. Віктар праводзіў прыгожую дзяўчыну дамоў, аднак мясцовым хлопцам гэта не спадабалася. Яны сустрэлі пару на мосце і хацелі правучыць «самазванца». Аднак адважная Стэфаніда заступілася за свайго спадарожніка, не дала развязацца патасоўцы…
Паміж маладымі людзьмі ўспыхнула іскарка кахання.
Неўзабаве яны зразумелі, што хочуць разам крочыць па жыцці, і пажаніліся. За добрасумленную працу калгас выдзеліў ім дом у Палачанах на вуліцы Маладзёжнай. Галоўны плён іх сумеснага жыцця – трое цудоўных дзяцей Віктар, Ірына і Таццяна, пяцёра ўнукаў Аляксандр, Кацярына, Дар’я, Вячаслаў, Андрэй. Усе разам яны наладзілі для юбіляраў прыгожае і запамінальнае свята.
Як і 50 гадоў таму, юбіляры паставілі свае подпісы, толькі на гэты раз у кнізе ганаровых юбілейных вяселляў. Пад апладысменты радні яны танцавалі вальс, не абышлося і без традыцыйнага «горка!».Іх залаты вальс
Ім вельмі прыемна было прымаць віншаванні ад старшыні Палачанскага сельвыканкама Анастасіі Іода, дырэктара і старшыні прафкама ААТ «Палачаны» Алены Халматавай і Наталлі Бажко, а таксама ад старшыні пярвічнай арганізацыі ветэранаў Людмілы Кандратовіч. Упрыгожылі ўрачыстасць сваімі песнямі работнікі Палачанскага сельскага Дома культуры.
— Нашы бацькі самыя лепшыя, самыя прыгожыя, мы іх вельмі любім, цэнім, ганарымся імі! Яны навучылі нас усяму самаму лепшаму, што ў нас ёсць. І самі заўсёды былі прыкладам. Мы ўсе працаголікі, у нас добрыя сем’і. Мама навучыла нас з сястрой кулінарыць, мы і хлеб, пірагі пячом, і сыры варым, — гаворыць старэйшая дачка Ірына Лотыш.
— Нам вельмі хацелася падарыць ім сапраўднае свята, каб яны яшчэ больш адчулі нашу любоў і ўдзячнасць. Унукі знялі для іх чуллівы відэафільм, падарылі ім залатыя пярсцёнкі. Сястра Таццяна напісала для іх вершы. Было шмат іншых сюрпрызаў і падарункаў, у тым ліку… веласіпед. Так, нягледзячы на ўзрост, бацькі ў нас вельмі рухавыя, фізічна моцныя. Усё жыццё яны шмат працавалі, трымалі вялікую гаспадарку, толькі сёлета ўгаварылі іх здаць карову…
Згадзіцеся, далёка не кожнай сямейнай пары наканавана сустрэць 50-годдзе сумеснага жыцця. Для Стэфаніды і Віктара Бажко гэта прыгожая дата – узнагарода за пражытыя разам гады, за цярпенне і вялікую працу дзеля сямейнага дабрабыту і шчаслівай будучыні дзяцей і ўнукаў.Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.