Святлана АНДРУШОЙЦЬ, энтамолаг:
— У горадзе многа любімых месцаў. Але самае-самае, напэўна, гарадскі парк. Люблю пагуляць па яго алеях, затрымацца ля возера. Летам нярэдка прыходжу сюды ў час абедзеннага перапынку, бо працую непадалёк. Парк – месца сямейнага адпачынку, мы любім бываць там з мужам і дачкой. Насця цяпер студэнтка Мінскага медыцынскага ўніверсітэта. Па выхадных яна прыязджае са сваім сябрам, з якім любіць пракаціцца па парку на веласіпедах. З задавальненнем наведваем мы і канцэрты ў Летнім амфітэатры.
Уладзімір САМАЛЬ, машыніст кацельнай устаноўкі:
— Пасля арміі доўгі час я працаваў у пажарнай службе, даводзілася выязджаць у розныя куткі горада. Цяпер у мяне іншая работа, якую таксама выконваю добрасумленна. Сёлета спаўняецца трыццаць гадоў, як мы разам з жонкай Ірынай. У 1988 годзе наша вяселле амаль супала са святам горада. Урачыстасці праходзілі на Цэнтральнай плошчы. Цяпер калі бываю там, успамінаю прыемныя моманты. Пра жыццё роднага горада і землякоў з цікавасцю чытаю на старонках газеты, якую заўсёды выпісваю.
Наталля ГАЎРЫЛАВА, госць горада:
— Прыязджаю ў Маладзечна да сваякоў даволі часта. З радасцю заўважаю перамены ў гарадскім жыцці. Цяпер мяне кожны раз ля чыгуначнага вакзала сустракае… бронзавая пасажырка. Штораз усміхаюся ёй і іду далей. Памятаю, як па вуліцы Прытыцкага хадзілі аўтобусы. Цяпер яна стала пешаходнай. Менавіта яе і выдзелю сярод іншых. Тут заўсёды шмат моладзі, мам з каляскамі. Летнім дзяньком цікава паназіраць за прахожымі. Люблю наведаць кінатэатр «Радзіма», які таксама аднавіўся, стаў сучасным.
Дзяніс ШЫЦІК, токар:
— Здорава, што ў нас пабудаваны спартыўна-забаўляльны цэнтр, дзе заўсёды можна правесці час з сям’ёй ці сябрамі. Не трэба ехаць у сталіцу, каб схадзіць у плавальны басейн з аквапаркам ці на хакейны матч. Тут ёсць і боўлінг, фінтес-зала, а калі трэба «падзаправіцца» калорыямі, можна зайсці ў кафэ. Люблю праехаць на машыне па Вялікім Гасцінцы – галоўнай вуліцы Маладзечна.
Аксана АЛЯШКЕВІЧ, работнік сацыяльнай сферы:
— З самага дзяцінства жыву на вуліцы Някрасава, што ў Залінейным раёне. Цёплыя ўспаміны звязаны менавіта з гэтым месцам: свежае паветра, дзіцячыя забавы. Непадалёк ад пешаходнага моста знаходзіцца бібліятэка, дзе з сябрамі бралі цікавыя кніжкі. Жыццё ў прыватным сектары адрозніваецца ад гарадскога. Тут зусім іншы рытм: усё больш спакойна, размерана. Вясной каля дамоў зацвітаюць кветкі, якія да восені радуюць вока яркімі фарбамі. Прыцягваюць увагу навінкі ландшафту. Цяпер цвітуць ружы, гартэнзіі. Гаспадары з любоўю ўпрыгожваюць свае падворкі, прыгажэе і родны горад.
Фота: Аляксей ПЛАТКО, Лілія ЛІПНІЦКАЯ.