У Мінску прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XI Рэспубліканскага конкурсу Беларускага саюза жанчын «Жанчына года — 2018». На чале дэлегацыі Мінскай вобласці была старшыня абласной арганізацыі БСЖ Святлана Сарока. Нагадаем, што нядаўна ў Маладзечанскім гарадскім Палацы культуры ўшаноўвалі пераможцаў абласнога этапу конкурсу. Прыемна адзначыць, што ў фінал выйшлі дзве нашы зямлячкі. У намінацыі «Духоўнасць і культура» адной з пераможцаў стала кіраўнік змешанага хору, выкладчыца харавых дысцыплін музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Вера Каханоў-ская. Начальнік цэнтра банкаўскіх паслуг №532 ААТ «Бел-аграпрамбанк» г. Маладзечна Святлана Шатроўская адзначана ў намінацыі «Лідарства і паспяховае кіраўніцтва».
Як сказала ў сваім выступленні старшыня Беларускага саюза жанчын, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Марыяна Шчоткіна, з 200 прэтэндэнтак на перамогу было выбрана 40 самых творчых, ініцыятыўных, таленавітых жанчын з усіх абласцей, якія ўшаноўваліся ў шасці намінацыях. Сярод іх і нашы зямлячкі – сапраўдныя прафесіяналы, якія зрабілі вялікі ўклад у развіццё свайго рэгіёна, вобласці, краіны. Яны сумяшчаюць працу з актыўнай грамадскай дзейнасцю. Вера Каханоўская без малога 40 гадоў працуе ў музкаледжы. Змешаны хор, якім яна кіруе, з’яўляецца сапраўдным упрыгажэннем любога свята, канцэрта. Сусветная класіка, духоўная музыка, лепшыя сучасныя творы – усё падуладнае гэтаму калектыву, які нясе слухачам сапраўднае мастацтва, выхоўвае музычны густ.
Святлана Шатроўская працуе ў банкаўскай сістэме 35 гадоў, у «Белаграпрамбанку» — 28, з моманту яго заснавання. У яе падпарадкаванні звыш 40 чалавек. Адметна, што калі стваралася пярвічная арганізацыя БСЖ, усе супрацоўніцы добраахвотна ўступілі ў яе. Яны актыўна прымаюць удзел у дабрачынных акцыях, мерапрыемствах, навучаюць асновам фінансавай адукаванасці школьнікаў.
— Вельмі прыемна было атрымаць высокую ўзнагароду Беларускага саюза жанчын, — дзеліцца ўражаннямі Святлана Браніславаўна і адзначае, што атмасфера ў зале была па-дамашняму цёплай. – У мяне было такое пачуццё, нібы я даўно ведаю ўсіх жанчын, якія сабраліся на ўрачыстасць.
Дарэчы, упершыню сёлета пераможцам разам з дыпломамі ўручылі памятны знак – «Васільковую жар-птушку», якая з’яўляецца сімвалам адухоўленага вобраза жанчыны, яе багатага ўнутранага свету, цеплыні.
— Сваю жар-птушку я прынесла на работу, бо лічу, што гэта ўзнагарода для ўсяго нашага дружнага жаночага калектыву, — гаворыць Святлана Шатроўская.