У аграгарадку Хоўхлава захоўваюцца не толькі архітэктурныя і гістарычныя аб’екты, але і дрэвы.
Населены пункт адметны тым, што тут знаходзяцца касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, помнік землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, іншыя славутасці. На фасадзе мясцовага дзіцячага сада размешчана шыльда з інфармацыяй, што ў Хоўхлаве ў другой палове XVI стагоддзя жыў і працаваў асветнік і кнігавыдавец Сымон Будны. Людзі захоўваюць памяць пра сваё мінулае.
Гэта тычыцца і магутных дубоў, што растуць ля скрыжавання дарог на Маладзечна, Сухапараўшчыну, Ермакі. Дрэвы абгароджаны невысокім плотам. Тэрыторыя вакол іх добраўпарадкавана.
Загадчык Хоўхлаўскага дзіцячага сада Святлана Лобач паведаміла, што да ўсіх знакавых аб’ектаў населенага пункта (у тым ліку да вышэйзгаданых зялёных волатаў) для выхаванцаў сада ладзяцца экскурсіі. Дзеці даведаюцца пра сваю малую радзіму, ганарацца ёю. Так у маладога пакалення фарміруецца патрыятызм.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ