Новости Молодечно и Молодечненского района

Загранічны дракон ці беларускі цмок?

  • 2023-12-22 04:31:28
  • Алег Бяганскі

Супраць дракона не маю нічога. Калі крылаты змей камусьці падабаецца, хай будзе так. Але ж істота гэта не з нашай «паляны». Нарадзілася яна далёка ад лясоў, бароў і сінявокіх азёр. І характар у яе крыху дзіўны.

Звычайна драконы занятыя ў нейкіх «разборках». Яны лятаюць над населенымі пунктамі, крадуць людзей, вывяргаюць полымя, палохаюць дзяцей, наводзяць жах на жыхароў. Ды і асацыіруюцца гэтыя істоты або з крылатымі дыназаўрамі-птэрадактылямі, або з грознай кіношнай Гадзілай. Так сабе сімвал… Як кажуць, на аматара.

Іншая справа -- наш беларускі цмок. Згодна з народнымі павер’ямі ён зусім не страшны. І характар у яго рахманы. Добрых людзей персанаж адорвае скарбамі, а несправядлівых пазбаўляе багацця. Жывуць цмокі ў вадаёмах, дбаюць аб экалогіі, маюць акуратную галаву і хвост-абаранак. У некаторых беларускіх рэгіёнах «цмокам» называюць вясёлку над возерам, што нібы ўбірае ў сябе ўсю ваду.
Чаму ў дракона і цмока такія розныя характары і лёсы? Уся справа тут у месцах нараджэння. Казачная фаўна цалкам адпавядае прыродным асаблівасцям той або іншай мясцовасці. Беларуская прырода не адрозніваецца экстрымам. У нас няма вулканаў, землятрусаў, цунамі або тарнада. Зямля гарантавана дае ўраджай. Людзям спрадвеку не было патрэбы ажыццяўляць рабаўніцкія набегі, каб пракарміць свае сем’і.

Уплыў прыроды на нацыянальны характар і міфалогію адзначыў наш зямляк Мікола Ермаловіч. Такія высновы пацвярджаюцца і гісторыяй Беларусі. Чужога нам не трэба, але сваё мы гатовыя бараніць да канца.

Тыя або іншыя казачныя персанажы з’яўляліся невыпадкова. Яны плён шматвяковай народнай творчасці, увасаблення ўяўленняў нашых продкаў пра ўладкаванне свету. Гэта тычыцца і цмока.

Алег БЯГАНСКІ.