У канцы студзеня споўнілася чатыры гады з дня адкрыцця аддзялення. Яно ніколі не пустуе і стала сапраўдным паратункам для адзінокіх людзей – састарэлых, інвалідаў, якія засталіся адны і не маюць сіл і здароўя, каб арганізаваць свой быт. За пражыванне яны плацяць 85 працэнтаў ад свайго даходу (у большасці гэта пенсія). Паслугамі аддзялення пераважна карыстаюцца вясковыя жыхары, якім цяжка паліць у печы, насіць ваду, гатаваць ежу. У многіх з іх вельмі няпросты лёс, яны страцілі радню. Клопат дзяржавы, увага работнікаў, якія замянілі ім блізкіх, без перабольшвання, падаўжаюць гэтым людзям жыццё, дапамагаюць справіцца з хваробамі.
— Цяпер у нас жыве 16 чалавек, восем жанчын і столькі ж мужчын, — расказвае нязменная з дня адкрыцця аддзялення загадчыца Наталля Калягіна. — Самай малодшай з нашых пастаяльцаў Святлане Войтка – 43 гады, яна інвалід ІІ групы. Самы старэйшы – 99-гадовы Васілій Кечык, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, у мінулым – фельчар Беніцкай участковай бальніцы.
Ва ўмовах пандэміі догляд пастаяльцаў арганізаваны вахтавым метадам, ён быў укаранёны яшчэ вясной. Летам, калі першая хваля пандэміі адступіла, аддзяленне працавала ў звычайным рэжыме. Аднак з сярэдзіны кастрычніка зноў давялося арганізоўваць вахту. Малодшыя медыцынскія сёстры па доглядзе хворых Соф’я Спічонак, Галіна Равойць, Святлана Пахом і Наталля Гасціловіч па дзве заступаюць на два тыдні. За тры дні да пачатку вахты яны абавязкова здаюць тэст на каранавірус, на працягу двух тыдняў работы начуюць у аддзяленні. Кантакты з іншымі не дапускаюцца, усе стасункі з навакольным светам – толькі па тэлефоне.
Візіты сваякоў пастаяльцаў на час каранціну забаронены. Яны могуць пакінуць перадачу, якая павінна быць герметычна ўпакавана для апрацоўкі дэзсродкамі. Жыхары аддзялення могуць выходзіць на вуліцу, прагулкі дазволены толькі па тэрыторыі ўстановы.
— Не проста было псіхалагічна настроіцца на такі рэжым работы. У кожнай нашай малодшай медсястры сям’я, якой таксама патрэбна ўвага. Я вельмі ўдзячная, што яны згадзіліся, зразумелі, наколькі гэта важна ў такі няпросты час, — гаворыць Наталля Аляксееўна.
Дзяржава цэніць іх працу, за работу вахтавым метадам яны атрымліваюць надбаўкі да зарплаты. Да слова, Святлана Пахом, як і Наталля Калягіна, а таксама повар Марыя Цар, працуюць у аддзяленні з дня адкрыцця. Нельга не прыгадаць, што ў 2019 годзе Галіна Равойць стала адной з пераможцаў абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства сярод санітараў аналагічных устаноў.
Персанал аддзялення, а гэта 12 чалавек, строга выконвае неабходныя санітарныя патрабаванні па прафілактыцы COVID-19. У пачатку і пры заканчэнні змены ўсе супрацоўнікі праходзяць праз санпрапускнік: прымаюць душ, пераапранаюцца, бо працуюць у спецадзенні. Штораніцы медсястра Жанна Шах мерае калегам тэмпературу бескантактным тэрмометрам, якім, як і пульсаксіметрам, забяспечыў раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Значную падтрымку ў стварэнні санпрапускніка, забеспячэнні сродкамі індывідуальнай аховы аказала Мінскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў.
Пандэмія ідзе на спад, аднак аддзяленне пакуль працуе вахтавым метадам. «Спадзяёмся, што вясной сітуацыя палепшыцца», — з надзеяй гаворыць загадчыца.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Наталлі КАЛЯГІНАЙ.