Новости Молодечно и Молодечненского района

Зінаіда Дубаневіч — уладальніца юбілейнай кніжнай савы

  • 2023-04-03 05:27:47
  • Анжаліка Крупянькова

Вядучыя ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання Таццяна і Міхаіл Скібіцкія нагадалі імёны дзевяці папярэдніх уладальнікаў тытула «Чытач года». Гэта Інеса Ларына, Жанна Бурачонак, Любоў Лыско, Дзмітрый Ермаковіч, Валерый Хвораў, Надзея Лябёдка, Алег Іваноў, Алена Клімовіч, Наталля Гойдзіна. Кожны з іх шматгранная асоба, якая не ўяўляе свайго жыцця без шапацення кніжных старонак. Тое ж можна сказаць і пра пераможцаў гэтага года.

Слесар вагоннага дэпо Міхаіл Новікаў названы мацнейшым у намінацыі «Самы шматгранны чытач». І сапраўды, Міхаіл любіць рускую, замежную класічную літаратару, цікавіцца геаграфіяй. Ён прачытаў усе творы Фёдара Дастаеўскага, падабаецца яму і творчасць Чарльза Дзікенса.

— Нягледзячы на ўсе сучасныя тэхналогіі, кніга заўсёды будзе для мяне сябрам. Дзякуючы ёй ты нібыта вядзеш гутарку з пісьменнікамі, стараешся падцягнуцца да іх узроўню, імкнешся да лепшага, — па-філасофску разважае Міхаіл.
Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў — любімыя аўтары Ноны Дзірко, якая стала лепшай у намінацыі «Патрыёт беларускай кнігі».

— Я вучылася ў беларускамоўнай школе, жыву ў Беларусі. Як жа не любіць родную мову! — гаворыць Нона Уладзіміраўна.

Прыемна было пазнаёміцца з самай чытаючай сям’ёй — маці і дачкой Ірынай і Кацярынай Сідаравымі. У 1980-я гады іх сям’я пераехала ў Маладзечна з Прыморскага краю. Ірына Андрэеўна выкладае рускую мову і літаратару ў санаторыі «Акадэмія здароўя», Кацярына працуе бібліятэкарам у аддзеле абслугоўвання дзіцячага чытача. За мінулы год яна прачытала 150 кніг! А пра матулю з усмешкай гаворыць, што «яна нарадзілася з кнігай у руках». Цікава, што Ірына Андрэеўна перачытала ўсе кнігі пра Гары Потэра. Трэба быць з маладым пакаленнем на адной хвалі, лічыць педагог.


— Мы заўсёды надзвычай рады пачуць пытанне:«Ці можна запісацца ў бібліятэку?» — гаварыла са сцэны галоўны бібліятэкар абанемента Таццяна Скібіцкая. — Асаблівае задавальненне адчуваем, калі яго задаюць маладыя людзі.
Ёй прыемна было назваць пераможцу ў намінацыі «Самы перспектыўны чытач» трэцякурсніцу політэхнічнага каледжа Ірыну Барсук. Яна будучы тэхнік-тэхнолаг хлебапякарнай вытворчасці, прыехала вучыцца ў наш горад з Віцебшчыны. На першым курсе Ірына запісалася ў бібліятэку, штотыдзень наведвае абанемент.

— Перагортваю старонкі новай кнігі — і ажно дух захоплівае! Спрабавала чытаць у электронным варыянце — не атрымліваю такога задавальнення, — прызналася дзяўчына.

Галоўная інтрыга ўрачыстасці захоўвалася да апошняга моманту. І вось вядучыя назвалі імя «Чытача года-2022». Ім стала адвакат юрыдычнай кансультацыі №1 Маладзечанскага раёна Зінаіда Дубаневіч. У сваёй прафесіі Зінаіда Фамінічна больш за 40 гадоў, чытачом бібліятэкі з’яўляецца яшчэ больш. Расказвае, што да кніг яе прыахвоцілі бацькі: тата таксама працаваў адвакатам, мама — медыкам. Дома была вялікая бібліятэка, з 10 да 14 гадоў Зінаіда перачытала ледзь не ўсю класіку.

Пераможца ўспамінала, як у савецкі час іншы раз няпроста было дастаць папулярную кнігу. Да прыкладу, «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча яна чытала ў часопісным варыянце. Зінаіда Фамінічна любіць беларускіх аўтараў, сярод сучасных выдзяляе Людмілу Рублеўскую. З прафесіянальнай цікавасцю чытае дэтэктывы, а са свайго вопыту сцвярджае, што рэальнае жыццё іншы раз падкідвае дэтэктыўныя сюжэты яшчэ больш мудрагелістыя, чым кніжныя.

Кожнага намінанта павіншавала, уручыла падарункі выконваючая абавязкі дырэктара цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Галіна Адамовіч. Па традыцыі «Чытача года» ўзнагародзілі бестэрміновым чытацкім білетам, а таксама сімвалічнай керамічнай кніжнай савой, якую майстры стварылі спецыяльна для ўрачыстасці. Падарунак усім прысутным — цудоўныя беларускія песні ў выкананні навучэнцаў гарадской дзіцячай школы мастацтваў Арыны Мандрык, Мацвея Пескавога, Нэлі Раманчык, якія займаюцца ў педагога Таццяны Аўгусціновіч.

Пасля ўрачыстасці яе ўдзельнікі не спяшаліся дадому. Многія падняліся на другі паверх, дзе знаходзіцца абанемент, і не ўтрымаліся, каб не ўзяць новыя творы і ў чарговы раз атрымаць ні з чым не параўнальную асалоду ад чытання.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.