Дзедам Марозам быў загадчык сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзмітрый Бажко, Снягурачкай -- інжынер народнай тэлевідэастудыі Вольга Кісліцкая, Ёлкай -- загадчыца аддзела культурна-дасугавай дзейнасці і народнай творчасці Ірына Юроіць, Бабай Ягой -- загадчыца Хажоўскага СДК Таццяна Ламака.
Загадзя ў вёсках былі расклеены афішы, а ўпрыгожаную штучную ёлачку ўдзельнікі «Навагодняга экспрэса» прывозілі з сабой, ля яе і вадзілі карагоды з мясцовай дзятвой.
Першым прыпынкам «Навагодняга экспрэса» стаў пасёлак Сасновы Бор, апошнім -- вёска Хоўхлава. Дзеці з Мясаты, Насілава, Селеўцаў, Груздава, Беніцы, Конавічаў і многіх іншых вёсак віталі Дзеда Мароза, расказвалі яму вершы, атрымлівалі цукеркі, фатаграфаваліся з казачнымі персанажамі.
-- Мы вельмі ўдзячныя работнікам культуры за цікавую праграму, за весялосць і святочны настрой, які яны падарылі дарослым і маленькім жыхарам нашай вёскі Груздава. Артысты выдатна справіліся са сваімі ролямі, праграма была цікавая, свята на свежым паветры нам вельмі спадабалася, -- патэлефанавала ў рэдакцыю стараста гэтай вёскі Ніна Станевіч.
Словы ўдзячнасці Ніна Аляксандраўна адрасуе і дырэктару ААТ «Гарадзілава» Дзмітрыю Грамовічу, які аказаў фінансавую дапамогу ў набыцці 31 падарунка для ўсіх вясковых дзяцей.
Як жа цудоўна, што подых свята адчулі маленькія жыхары вёсак нашага раёна. Не ў кожнага дзіцяці была магчымасць трапіць у горад ці сельскія дамы культуры на прадстаўленні. Але з Дзедам Марозам яны ўсё роўна сустрэліся, а гэта і ёсць навагодні цуд, якога так чакаюць нашы дзеці.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ЦКС МАЛАДЗЕЧАНСКАГА РАЁНА.