Новости Молодечно и Молодечненского района

Юрый Мазінскі і яго машына часу

  • 2019-04-01 12:19:33
  • Алег Бяганскі

Юрыя Мазінскага разам з яго жалезным «падапечным» — «Запарожцам» выпуску 60-х гадоў мінулага стагоддзя — мы ўбачылі ля Палаца культуры нашага горада ў час правядзення XVI адкрытага конкурсу «Свет прыгажосці». Людзі з цікавасцю разглядалі рарытэтную аўталегенду, фатаграфавалі яе. Некаторыя з настальгіяй успаміналі, як самі сядзелі за рулём такога транспартнага сродку.

— «Запарожац» купіў у 2010 годзе ў адной з вёсак Мядзельскага раёна. – гаворыць уладальнік рарытэта. – Машына была ў вельмі дрэнным стане. Вырашыў адрэстаўраваць яе. Я тэхніку люблю з дзяцінства: яшчэ школьнікам рамантаваў веласіпеды, мапеды... Стала цікава, ці змагу аднавіць гэту машыну. Цяпер, як бачыце, яна на хаду.

Майстар паведаміў, што рэстаўрацыя ішла даволі доўга.  Некаторыя дэталі даводзілася шукаць па паўгода. Прасіў падзяліцца запчасткамі знаёмых. Некаторыя вузлы і агрэгаты заказваў праз інтэрнэт.

Справа ў тым, што існуюць спецыяльныя фірмы, якія выпускаюць новыя дэталі для аўтамабіляў і матацыклаў, але зробленыя пад былыя мадэлі. Вядома, гэта паслуга каштуе грошай. Аднак дзякуючы ёй рэстаўратары вырашаюць самыя складаныя задачы.

— Важыць адноўлены «Запарожац» каля 600 кілаграмаў, магутнасць рухавіка складае 28 конскіх сіл. Разганяецца аўтамабіль да 60-70 кіламетраў.  Камфорт у салоне адпавядае патрабаванням 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Ход даволі жорсткі. Рэгулюецца ён некалькімі пераключальнікамі. Абмывальнік шкла працуе па прынцыпе ручной помпы. Таму можна сказаць, што транспартны сродак уяўляе сабой машыну часу, — сказаў Юрый Мазінскі.

Цяпер майстар займаецца рэстаўрацыяй адной з першых мадэляў матацыкла «Ява». Двухколавы агрэгат дастаўся яму ад бацькі. Такім чынам, вяртаецца да жыцця яшчэ адна аўталегенда былога СССР.

— Для аднаўлення старой аўтатэхнікі неабходныя цярпенне, спецыяльныя веды і майстэрства. І фінансавыя ўкладанні маюць значэнне. Але калі вынік дасягнуты, адчуваеш гонар за выкананую работу, — зазначыў субяседнік.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.