На пастаяннай сувязі — у чаце
На вуліцы Маладзёжнай – каля 800 жыхароў. Яна самая вялікая ў Аляхновічах, тут шмат маладых сем’яў. Шэсць гадоў Юлія Андрэеўна з’яўляецца старастай гэтай вуліцы, а таксама суседняй Садовай, акрамя таго, яе другі раз запар выбралі дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў. Яна расказвае, што жыхары вуліц стварылі ў вайберы свой чат, у якім дзеляцца карыснай інфармацыяй, узнімаюць праблемы, разам шукаюць шляхі іх вырашэння. Стараста таксама ў чаце, а значыць, на пастаяннай сувязі з аднавяскоўцамі.
— З чым найчасцей звяртаюцца да вас людзі? – пытаюся ў Юліі Андрэеўны.
— Паколькі я ўрач і кожны дзень вяду прыём, то перш за ўсё землякі звяртаюцца з праблемамі са здароўем. У зоне абслугоўвання нашай амбулаторыі амаль тры тысячы чалавек, ведаю ўсіх, і мяне ўсе ведаюць. Гэта дапамагае і ў грамадскай рабоце. Як старасце, даводзіцца пастаянна ўнікаць у праблемы добраўпарадкавання, рамонту. Прыемна, што з дапамогай Аляхновіцкага сельвыканкама, раённых улад, камунальных службаў удаецца вырашаць набалелыя пытанні. Вось, напрыклад, адно з іх: пасля таго як на нашай вуліцы мянялі трубы, быў пашкоджаны асфальт, давялося звяртацца ў розныя інстанцыі, каб дарогу заасфальтавалі. Даўно патрабаваўся капітальны рамонт у дамах №8 і №9 па нашай вуліцы. Яшчэ папярэдні стараста складаў пісьмы, збіраў подпісы. Гэта праблема перайшла мне «ў спадчыну», і я вельмі рада, што сёння дамы адрамантаваныя. Займалася і пытаннем якасці вады ў нашых дамах: раней яна паступала ад птушкафабрыкі, мела непрыемныя пах і смак, у ёй быў павышаны ўзровень жалеза. Мы звярталіся ў зацікаўленыя службы — «Камунальнік», Маладзечнаводаканал, у выніку былі ўведзены ў эксплуатацыю новая воданапорная вежа, станцыя абезжалезвання. Цяпер у нашых дамах якасная вада.
Расказвае стараста і пра тое, што раней у зімовы час камунальныя службы з-за розных парываў без папярэджвання маглі адключыць ваду. Пажылыя людзі скардзіліся, што не паспявалі запасціся ёю, а насіць здалёк ім цяжка. Пасля зваротаў старасты ў такіх выпадках ваду пачалі падвозіць.
У школе стала цяплей
У доме №1 па вуліцы Маладзёжнай знаходзіцца Аляхновіцкая сярэдняя школа, якую ў свой час заканчвала Юлія Андрэеўна і дзе цяпер вучыцца ў восьмым класе яе старэйшы сын Цімафей.
— Будынку школы больш за 40 гадоў, тут даўно быў патрэбен рамонт, — расказвае мая субяседніца. — Некаторыя вокны было страшна адчыняць, яны былі ў аварыйным стане. У школе зімой было вельмі холадна, дзеці сядзелі на занятках у куртках. Мы з бацькамі пісалі звароты ў райвыканкам, збіралі подпісы, прыкладвалі фота-
здымкі і нават даныя па ўзроўні захворваемасці вучняў. У мінулым годзе школу наведаў старшыня Маладзечанскага райвыканкама Юрый Горлаў, унік у нашы праблемы і паабяцаў дапамагчы. У снежні 2018 года пачалі мяняць вокны, работы прадоўжыліся і сёлета. У класах пацяплела, дзецям стала больш камфортна вучыцца, і гэта мяне вельмі радуе як старасту, як маму і як урача.
«Мамам першынцаў заўсёды пакідаю свой нумар тэлефона»
Юлія Андрэеўна мясцовая жыхарка. Пасля Мінскага медуніверсітэта працавалі з мужам на яго радзіме на Брэстчыне, затым у Заслаўі, і вось ужо 12 гадоў сям’я жыве ў Аляхновічах. Тут нарадзіліся двое малодшых дзяцей. Цяпер Цімафею 14 гадоў, Алісе – чатыры з паловай, Мішу – тры.
— Малодшыя амаль што пагодкі, раслі разам і задалі нашаму жыццю такі тэмп, што і цяпер не можам спыніцца, — усміхаецца Юлія Андрэеўна. – Я прывыкла ўсё рабіць хутка, паспяваць усюды. Па спецыяльнасці я педыятр, атрымала кваліфікацыю ўрача агульнай практыкі. У дэкрэтным адпачынку асвоіла курсы масажу, тэйпіравання (методыка нанясення на розныя ўчасткі цела спецыяльнай клейкай стужкі).
Ва ўрача агульнай практыкі вялікія нагрузкі. Амбулаторыя абслугоўвае не толькі жыхароў Аляхновіч, але і суседніх вёсак. Акрамя Юліі Бяссонавай, тут працуе малады спецыяліст урач агульнай практыкі і адначасова загадчык амбулаторыі Алеся Свірыдава.
У зоне асаблівай увагі медыкаў – дзеці да года, якіх на ўчастку 27.
— Хлопчыкаў у нас нараджаецца больш, іх 16, дзяўчынак – 11, — памятае ўсіх немаўлятак урач. – Мамам першынцаў я заўсёды пакідаю нумар свайго мабільнага тэлефона, каб яны маглі пракансультавацца. Перажываю за дзетак, сама добра ведаю, як нялёгка іх гадаваць.
Запрашаюць урача ў школу з лекцыямі на тэму здаровага ладу жыцця. І ёй удаецца даходліва і пераканаўча расказаць вучням, чаму нельга есці чыпсы, піць газіроўку і гадзінамі сядзець у смартфоне.
Як мнагадзетная мама, Юлія Андрэеўна па серадах бярэ свабодны ад работы мацярынскі дзень. Тады ў Алісы і Мішы таксама выхадны, яны адпачываюць ад сада. Праўда, здараецца, што маме ўсё роўна даводзіцца ісці на выклік да хворых. Такая спецыфіка работы сельскага ўрача: быць гатовым аказваць дапамогу і пасля работы, і ў выхадны дзень. Грамадская нагрузка старасты таксама стала неад’емнай часткай жыцця гэтай актыўнай і неабыякавай жанчыны.
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.