Даніла Пятроў два гады таму закончыў політэхнічны каледж і, нягледзячы на малады ўзрост, паспяхова выкладае сур’ёзную спецыяльнасць «металарэжучыя станкі і інструменты», працуе майстрам вытворчага навучання. Маргарыта Шлойда год з’яўляецца кіраўніком узорнай студыі бальнага танца «Віртуоз» цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна, і за гэты час яе выхаванцы ўдзельнічалі ў многіх конкурсах, заявілі аб сабе на міжнародным фестывалі ў Польшчы. Юлія Серыкава захапляецца фехтаваннем, сёлета яна стала бронзавым прызёрам Алімпійскіх дзён моладзі. Ксенія Дубовік восем гадоў сур’ёзна займаецца футболам, уваходзіць у зборную вобласці, у яе складзе стала сярэбраным прызёрам Алімпійскіх дзён моладзі. Трэба бачыць, як віртуозна круцяць хулахупы Дзіяна Рудая і Аня Курэц з узорнай цыркавой студыі «Мара» цэнтралізаванай клубнай сістэмы. Адначасова яны могуць прывесці ў рух да 15 кругоў, акрамя таго, займаюцца акрабатыкай, захапляюцца танцамі…
Усе гэтыя і многія іншыя таленавітыя і крэатыўныя маладыя людзі сталі ўдзельнікам свята, прысвечанага Дню моладзі. Яго арганізатары – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённая арганізацыя БРСМ аб’ядналі маладых выканаўцаў, музыкантаў, спартсменаў са школ, гімназій, каледжаў горада, з Палаца культуры, цэнтралізаванай клубнай сістэмы.
«Мы маладыя – надзея краіны!» — скандзіравалі ўдзельнікі флэш-моба з валанцёрскага атрада «Добрае сэрца» Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа. Патрыятычная песня з запамінальнымі словамі, вывераныя рухі танца, юнакі і дзяўчаты на роліках і веласіпедах са сцягамі ў руках – яркі пачатак свята, зарад бадзёрасці і добры настрой…
Ад імя раённага выканаўчага камітэта да моладзі звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Соф’я Філістовіч. Яна адзначыла, што ў раёне налічваецца больш за 26 тысяч маладых людзей, поспехамі многіх з іх ганарыцца ўся Маладзечаншчына. Соф’я Пятроўна ўзнагародзіла Ганаровай граматай райвыканкама Ірыну Судніковіч, метадыста па рабоце з дзецьмі гарадскога Палаца культуры. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў адзначана педагог-арганізатар СШ №12 Вольга Руткоўская. Акрамя таго, падзякай райвыканкама — Маргарыта Шлойда, Даніла Пятроў, падзячныя пісьмы атрымалі Ілья Юркоўскі, Андрэй Багуцкі, Яўгеній Сініковіч, Ксенія Дубовік, Юлія Серыкава, падзяку райсавета дэпутатаў – Уладзіслаў Шут.
На пляцоўцы ля амфітэатра адны выканаўцы змянялі іншых, прагучала шмат цудоўных кампазіцый. Гараджане ішлі на гукі музыкі, падпявалі, апладзіравалі артыстам. Пажылыя людзі ўспаміналі часы сваёй маладосці, калі яны па выхадных хадзілі на танцы на адкрытай пляцоўцы ў парку, скверы ля кінатэатра «Радзіма». Многія і цяпер любяць патанцаваць, удзельнічаюць у ветэранскіх калектывах. «Галоўнае — не ўзрост, а маладосць душы!» – слушна гавораць былыя камсамольскія актывісты.
Паралельна на пляцоўцы «Тэрыторыя бяспекі» супрацоўнікі Маладзечанскага аддзялення МНС вучылі юных гараджан, як у выпадку надзвычайнай сітуацыі тэлефанаваць у службу 112, што рабіць пры пажары і іншых здарэннях. Нягледзячы на мокрае надвор’е, рызыкнулі разгарнуць пляцоўку з фотазонай прадстаўнікі СШ №14. Тут кожны жадаючы мог зрабіць жартоўнае фота на памяць аб самым маладзёжным мерапрыемстве чэрвеня.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.