Новости Молодечно и Молодечненского района

«Я заўсёды маліўся за вас…»

  • 2023-04-05 04:40:14
  • Людміла Цар

Адным з самых вядомых і знакавых святароў Маладзечаншчыны быў мітрафорны протаіерэй Алексій Маеўскі -- былы настаяцель Гарадзілаўскай Свята-Іосіфаўскай царквы. Больш за 60 гадоў ён аддана і самаахвярна служыў Госпаду і людзям, даводзіў слова Божае да прыхаджан. На працягу паўвека, аж да спачыну на 87-м годзе свайго зямнога жыцця ён быў Маладзечанскім благачынным.

Быў вялікім патрыётам

Аляксей Іпалітавіч нарадзіўся 30 сакавіка 1893 года ў вёсцы Спягла Вілейскага раёна ў набожнай сям’і Іпаліта і Людмілы Маеўскіх. Яго бацька быў псаломшчыкам мясцовай Свята-Успенскай царквы і адначасова настаўнікам царкоўна-прыходскай школы. Сям’я была мнагадзетная і дружная. Усе пяцёра сыноў і дачка Маеўскіх атрымалі рэлігійную адукацыю і сталі служыцелямі праваслаўнай царквы.

Аляксей закончыў Віленскае духоўнае вучылішча, у 1914 годзе -- Віленскую духоўную семінарыю. Архіепіскап Літоўскі і Віленскі Ціхан прызначыў яго псаломшчыкам Валожынскай царквы святых Канстанціна і Алены і па сумяшчальніцтве загадчыкам двухкласнай царкоўна-прыходскай школы. У 1916 годзе ён быў прыняты ў Маскоўскую духоўную акадэмію, аднак курс навучання не прайшоў з-за рэвалюцыйных падзей 1917 года.

У лістападзе 1917-га Аляксей Іпалітавіч узяў шлюб з Нінай Ігнатаўнай Бурацінскай, якая паходзіла з мнагадзетнай патомнай сям’і свяшчэнніка. Пасля заканчэння духоўнага вучылішча ў вёсцы Беразвечча на Глыбоччыне яна настаўнічала ў пачатковай школе вёскі Літва нашага раёна, а таксама на Валожыншчыне.

14 снежня 1918 года архіепіскапам Віленскім і Ковенскім Алексіем Аляксей Іпалітавіч быў пасвечаны ў іерэя і прызначаны настаяцелем Гарадзілаўскай Свята-Іосіфаўскай царквы, дзе нёс паслушэнства да апошніх сваіх дзён. У 1921 годзе ён стаў памочнікам Валожынскага благачыннага, у 1924-м -- Валожынскім благачынным, а з 1929-га ўзначаліў Маладзечанскае благачынне.

Па ўспамінах кандыдата багаслоўя мітрафорнага протаіерэя Міхаіла Астаповіча, які быў яго вучнем, з шасцігадовага ўзросту прыслужваў яму ў алтары, айцец Алексій «быў апантаным і адукаваным пастырам, выдатным прапаведнікам, высакародным, разважным, мудрым чалавекам, інтэлігентам асаблівага інтэлекту, адметным сем’янінам.

Гасподзь надзяліў яго выключным рытарычным талентам. Слова Божае даводзіў ён проста, пранікнёна і зразумела кожнаму, хто яго слухаў, і ў той жа час эмацыянальна і ўзвышана. Яго пропаведзі часта мелі патрыятычны характар, бо і сам ён быў вялікім патрыётам Святой і Белай Русі. Да патрыятычнай тэматыкі звяртаўся ў час Вялікай Айчыннай вайны, у дні дзяржаўных свят, калі трэба было натхніць прыхаджан на любоў да Бацькаўшчыны і яе неад’емнай часткі -- Святога Праваслаўя».

Клапаціўся аб прыхаджанах, многім дапамагаў

Асабіста мне запомніліся яго надзвычай шчырыя, узнёслыя, высокадухоўныя і прыцягальныя для людзей пропаведзі. Прыгадваецца, што ён быў высокім, стройным, акуратным і элегантным чалавекам, меў прыгожы голас. Ад яго змястоўных пропаведзей па целе нібыта праходзіў ток, яны зараджалі станоўчай энергетыкай, паляпшалі настрой і самаадчуванне. Я задаволены тым, што бацюшка мяне хрысціў.

Прыхаджанка Гарадзілаўскай царквы Софія Чычэліс з вёскі Канюхі ўспамінае: «Айцец Алексій быў вельмі блізкім для нашай сям’і, хрысціў мяне. Мой свёкар Фёдар Чычэліс, музыкант-самавучка, быў псаломшчыкам, кіраўніком царкоўнага хору. Айцец Алексій быў сапраўдным пастырам, меў глыбокую веру і высокую духоўнасць. Ён быў добразычлівым чалавекам, клапаціўся аб прыхаджанах і ўвогуле аб усіх людзях, многім дапамагаў матэрыяльна».
Па ўспамінах яшчэ адной прыхаджанкі Гарадзілаўскай царквы Ганны Барэйка з вёскі Рабінавай, «айцец Алексій быў высокім, стройным, ветлівым бацюшкам, добрым пастырам. Ён шмат увагі надзяляў прыхаджанам, клапаціўся аб храме. Часта яго можна было ўбачыць на могілках, якія ён аглядаў».

Многіх уратаваў ад смерці

Айцу Алексію давялося несці сваё няпростае пастырскае служэнне пры польскай уладзе, а таксама ў гады нямецкай ваеннай акупацыі. Па ўспамінах Міхаіла Астаповіча, пры Польшчы «ішло прымусовае акаталічванне і апалячванне праваслаўных, свяшчэннікаў прымушалі весці царкоўную дакументацыю на польскай мове і нават прапаведаваць у царкве па-польску. Нягледзячы на гэта, айцец Алексій прапаведаваў на рускай мове, часта ўжываючы беларускія прыказкі і прымаўкі, а сялянскіх дзяцей у школе як мог далучаў да роднай мовы».

Засталіся ўспаміны Міхаіла Астаповіча і пра гады нямецкай акупацыі: «Пачаліся яўрэйскія пагромы і расправы над савецкімі актывістамі, камсамольцамі, камуністамі, над ні ў чым не павіннымі людзьмі. Былі выпадкі, калі прыхаджанам пагражалі фашысцкія рэпрэсіі. Акупацыйныя ўлады патрабавалі ад свяшчэнніка паручыцельства за падазроных. І тут дзейнічалі непарушны аўтарытэт і дыпламатыя Алексія Маеўскага. Многія прыхаджане былі выратаваны ад смерці. У час вайны бацюшка аказваў дапамогу бежанцам, якія былі выселены з Магілёўскай і Віцебскай абласцей, а таксама з Расіі ў нашу мясцовасць: хадзіў па хатах і збіраў ахвяраванне для іх. У вёсцы Палачаны знаходзілася шмат савецкіх ваеннапалонных (там быў лагер), таму айцец Алексій звяртаўся да прыхаджан з просьбамі аб аказанні ім дапамогі. Пасля вызвалення Беларусі прыхаджане па-ранейшаму гуртаваліся ля свайго бацюшкі, якога бясконца паважалі і любілі».

Гарадзілаўскі прыход паклаў на алтар Перамогі больш за сотню чалавечых жыццяў. Па ўспамінах згаданага протаіерэя Міхаіла, «першым у Маладзечанскі раёне айцец Алексій збудаваў помнік, на якім былі ўвекавечаны імёны загінулых. Штогод ля помніка-капліцы 9 Мая і на Радаўніцу адбываліся паніхіды. Трэба адзначыць, што некаторым савецкім чыноўнікам гэта не спадабалася: «Поп опередил…». І пачаліся ў айца Алексія «хаджэнні па пакутах». Было загадана мемарыяльныя дошкі з імёнамі загінулых зняць. Загад быў выкананы. Мемарыяльныя дошкі знайшлі сваё месца ў храме».

Пазней яны зноў былі ўсталяваны на помніку, і каля яго па-ранейшаму сталі адбывацца паніхіды, якія праходзяць і дагэтуль.

Лад жыцця быў сціплы і стрыманы

Айцец Міхаіл успамінае, што «лад жыцця ў сям’і Маеўскіх быў сціплы і стрыманы. Айцец Алексій апранаўся акуратна і элегантна. Любіў насіць кіцель і белы ільняны пінжак, хадзіў звычайна з кійком. У доме заўсёды выпісвалася шмат газет і часопісаў, як савецкіх, так і духоўных… Айцец Алексій харчаваўся ўмерана, не злоўжываў моцнымі напіткамі, з пагардай адносіўся да п’янства і шкодных звычак. Выпраўку меў ваенную, стройную, велічную. Вельмі прыязны субяседнік. Не любіў двудушнасці, плётак, брыдкаслоўя. Я ніколі не чуў, каб у хаце Маеўскіх нехта павысіў голас. Мірам, любоўю, спакоем, боскай ласкай веяла ад кожнага члена сям’і».

Драўляны дом айца Алексія пабудаваны паблізу храма ў цяні вялікага сада і векавых дрэваў. Па ўспамінах айца Міхаіла, «дом меў вялікую кухню, канцылярыю, хрысцільню, гасцёўню-сталовую, спальню і кладоўку. Абстаноўка была вельмі сціплая. Уся мэбля ў старажытным стылі. Багатых дываноў і дарожак не было. У канцылярыі -- вялікі пісьмовы стол з усімі прынадамі, застаўлены сямейнымі фатаграфіямі. На сценах -- карціны, партрэты патрыярхаў, свяшчэннікаў, сваякоў. У святым кутку стаяў аналой з хрысцільнай скрынкай, крыжам, епітрахіллю, трэбнікам і Святым Евангеллем. Каля аналоя стаяла медная купель для апускання немаўлят пры святым хрышчэнні».
Дзяцей у Маеўскіх не было. У іх доме жылі дзве незамужнія сястры матушкі Ніны -- Зінаіда і Аляксандра. Пазней прыехала і трэцяя сястра Надзея з маленькай унучкай Таняй.

За дзевяць месяцаў да смерці айца Алексія мітрапаліт Мінскі і Беларускі Філарэт пісаў: «Протаіерэй Маеўскі Алексій Іпалітавіч -- старэйшы клірык Мінскай Беларускай Епархіі, які з добрай руплівасцю выконвае абавязкі пастыра Царквы Божай. За бесперапыннае 60-гадовае паслушэнства на пасадзе настаяцеля Свята-Іосіфаўскай царквы вёскі Гарадзілава Мінскай вобласці карыстаецца заслужанай павагай з боку прыхаджан і духавенства. На пасадзе благачыннага на працягу многіх гадоў праявіў сябе дзелавым і старанным. Адзначаны высокімі патрыяршымі ўзнагародамі».

За адданае і руплівае служэнне Госпаду айцец Алексій быў узведзены ў сан протаіерэя, узнагароджаны мітрай і многімі іншымі царкоўнымі ўзнагародамі ад скуф’і і да патрыяршага крыжа. У 1960 годзе ён быў прызначаны членам Мінскай епархіяльнай рэвізійнай камісіі.

Завяршыў айцец Алексій сваё зямное жыццё 14 кастрычніка 1979 года. На яго помніку напісаны зварот да прыхаджан: «Я заўсёды маліўся за вас і клапаціўся пра могільнік. Цяпер вы, дарагія прыхаджане, успамінайце малітвай мяне і маю матушку Ніну і не пакідайце сваімі клопатамі нашу царкву і могільнік».

Барыс БАРОЎСКІ.
Фота: інтэрнэт-рэсурсы.