У Хоўхлаве гэта спрэчка вырашаецца з дапамогай касы або трымера. Выйграюць ад падобнага спаборніцтва ўсе. У гэтым я пераканаўся, калі наведаў аграгарадок.
Пра пакос травы і навядзенне парадку ў Хоўхлаве расказаў стараста аграгарадка Аляксандр Сянько. Ён адзначыў, што вяскоўцы дбаюць пра свае падворкі, наводзяць на іх парадак. Не застаецца па-за ўвагай і тэрыторыя за агароджай. Трава выкошваецца ад падворка да дарогі. У выніку населены пункт выглядае акуратна. Вуліцы, на якіх я пабываў, дагледжаныя, чыстыя.
– Людзі ставяцца да навядзення парадку з усёй адказнасцю, – адзначыў Аляксандр Аляксандравіч. – Ім не трэба лішні раз нагадваць пра добраўпарадкаванне. Калі гаспадар бачыць, што сусед абкасіў свой участак, сам бярэцца за справу. Адзінокія пенсіянеры наймаюць касцоў. Калі ўзнікае нейкае пытанне, звязваюся з сельвыканкамам або іншымі арганізацыямі, адказнымі за пэўны ўчастак работы.
Субяседнік дадаў, што мясцовыя жыхары дапамагаюць убіраць тэрыторыю вакол хоўхлаўскай славутасці – касцёла Найсвяцейшай Дзевы Мары. Гэты храм – адзін з самых старых драўляных касцёлаў на тэрыторыі Беларусі, помнік драўлянага дойлідства з рысамі барока.
– У Хоўхлаве жывуць людзі розных узростаў, – зазначыў Аляксандр Сянько. – Некаторыя працуюць у мясцовай гаспадарцы жывёлаводамі, механізатарамі. Сам аграгарадок газіфікаваны. Да яго падведзена цэнтральнае водазабеспячэнне. Жыхары дбаюць пра сваю малую радзіму і робяць усё, каб жыццё было камфортным.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ