Новости Молодечно и Молодечненского района

Вёска зручная і прыгожая

  • 2025-06-21 14:35:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

З жыхаркай вёскі Плябань Галінай ЧАЕЎСКАЙ мы пазнаёміліся, калі жанчына рабіла пакупкі ў аўтакраме. Ля мабільнага магазіна сабралася даволі шмат вяскоўцаў.


– Аўтакрама прыязджае да нас двойчы на тыдзень: па аўторках і пятніцах, – гаворыць Галіна Іванаўна. – Для мясцовых жыхароў, асабліва пенсіянераў, гэта зручна. Выбар прадуктаў добры. Па іх не трэба ісці далёка.
Субяседніца расказала, што яна нарадзілася ў Плябані. Вёска ёй вельмі падабаецца. Асабліва прыгожая яна вясной і летам. Зручна, што практычна побач знаходзіцца чыгуначны прыпынак. Электрычка з камфортам давязе да Маладзечна або сталіцы. Мясцовыя жыхары задаволены добраўпарадкаваннем мясцовай царквы. Па святах у храме праходзяць набажэнствы, прыязджае бацюшка.
– Усё працоўнае жыццё я аддала медыцыне, – працягвае Галіна Чаеўская. – Спачатку працавала ў фельчарска-акушэрскім пункце, затым у Маладзечне, на станцыі хуткай дапамогі. Мне падабалася дапамагаць людзям. Высакародны, пачэсны занятак.
З «Маладзечанскай газетай» жанчына пазнаёмілася яшчэ тады, калі яна называлася «Святло камунізму». Ёй цікавыя раённыя навіны, іншая інфармацыя. Сяброўства з мясцовым выданнем прадоўжыцца.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ