На працягу трох доўгіх гадоў Беларусь знемагала пад варожай акупацыяй. Гітлераўцы разрабавалі ўсе здабыткі беларускага народа. Спустошылі нашы вёскі і гарады. Няма ні адной сям’і, якая не пацярпела б ад карычневай чумы. Але беларусы не схілілі галовы, і народ не ўпаў духам у барацьбе з акупантамі.
У нас ёсць магчымасць сустрэцца з жывымі сведкамі генацыду беларускага народа. Дзякуючы іх аповедам мы і нашы нашчадкі будзем ведаць і памятаць праўдзівую гісторыю самай кровапралітнай вайны ў сусветнай гісторыі.
Успамін яе дзяцінства – гэта Вялікая Айчынная вайна. Жыхарка вёскі Красоўшчына Зінаіда Лавор нарадзілася ў 1930 годзе. Гаварыць пра польскую акупацыю і ваенныя гады для яе цяжка, але гэтыя ўспаміны патрэбны для маладога пакалення, яны дапамагаюць зразумець, якое вялікае шчасце – жыць пад мірным небам, быць удзячнымі і памятаць пра тых, хто цаной свайго жыцця абараніў і захаваў нашу родную Беларусь.
Лёс Зінаіды Міхайлаўны наканаваў ёй зведаць усе нягоды вайны. Дзяцінства нашай гераіні – гэта бамбёжкі, здзек і знявага акупантаў. Падлеткам стала яна сведкам таго, як у вёсцы Краснае фашысты сагналі ў хлеў яўрэяў і спалілі жывымі.
Многія падумаюць: што можа памятаць і расказаць 93-гадовая жанчына?
Наша гутарка пачалася з вершаў Коласа і Купалы. Зінаіда Міхайлаўна на памяць прачытала вершы вядомых беларускіх паэтаў. Таму з памяццю ў яе ўсё добра.
– Раскажыце, дзе вы нарадзіліся і як прайшло ваша дзяцінства?
– Нарадзілася я ў Красоўшчыне. І бацькі мае ўсё жыццё пражылі ў гэтай вёсцы. У 1930 годзе тут гаспадарылі палякі. Трэба было ў польскую школу хадзіць, а там выкладалі на іх мове. Цяпер гляджу: дзеткі ходзяць у школу акуратна апранутыя, прыгожыя. А мы жылі бедна, не было ў што абуцца, хадзілі босыя. Да вечара ступні патрэскаюцца, ногі распухнуць – усю ноч пакутуеш ад болю. А раніцай трэба было рана ўставаць, ісці наймацца да пана на працу. Памятаю, мне было гадоў восем, пайшлі мы з мамай бульбу капаць. Цэлы дзень працавалі, не памятаю, колькі дакладна сотак уладкавалі. Пад вечар прыехаў сам пан і, перад тым як расплаціцца з намі, усё поле пераараў – правяраў, як мы справіліся. Пры паляках працаваць даводзілася ўсім: дзецям, дарослым і старым. Пенсіі не плацілі – вельмі цяжка было. Палякі ставіліся да нас вельмі дрэнна, лічылі нас людзьмі другога гатунку. Лягчэй было тым, хто перайшоў на іх веру – прыняў каталіцтва. Мае ж бацькі засталіся праваслаўнымі – не здрадзілі сваім прынцыпам і традыцыям. Таму з вялікай цяжкасцю зводзілі канцы з канцамі. Мы вымушаны былі працаваць на панскай зямлі, была вызначана колькасць працоўных дзён, і з кожным разам іх станавілася ўсё больш. Вялікім святам было схадзіць у вёску Краснае. Там жылі яўрэі, у многіх былі свае харчовыя крамы. Памятаю, прыйдзеш да іх, яны накормяць свінымі галовамі, за гэта яшчэ і злотыя трэба было плаціць – во як мы жылі. Няма нічога добрага ўспомніць.
– Як змянілася вясковае жыццё пасля прыходу Чырвонай арміі?
– У 1939 годзе прыйшлі бальшавікі. Па іх падручніках сталі вучыцца. Завучвалі на памяць вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа: «Хто адрокся сваіх і стыдзіцца іх стаў, і прывык да чужых, каб ён свету не знаў»... І цяпер памятаю амаль усе вершы, што ў школе вучылі. Не скажу, што з прыходам савецкай улады жыць стала лягчэй, хутчэй за ўсё, людзі адчулі сябе больш вольна. Прыйшла новая ўлада, якая пачала ўстанаўліваць свае савецкія парадкі. Сталі арганізоўвацца калгасы. Усялякіх кіраўнікоў хапала: былі і добрыя гаспадары. Але мірнае жыццё было нядоўгім. Не паспелі мы пажыць пры савецкай уладзе, як прыйшлі немцы.
– Раскажыце, як жыла вёска ў час нямецкай акупацыі?
– Толькі пачало наладжвацца жыццё – і тут заявіліся гэтыя фашысты, усе людцы зноў хто куды. Вельмі жудасна было, носа з дома не высунеш. Ад бамбёжак хаваліся ў лесе. Што ў гэтых немцаў было ў галаве – ніхто не ведаў. Абыходзілі іх дзясятай дарогай. Страшныя былі салдаты: чорнае адзенне, стальныя шлемы. Адзін немец зайшоў у суседнюю хату. Не ведаю, што там адбылося, але ён застрэліў гаспадыню. Потым падышоў да нашага падворка і пачаў пагражаць мне і палохаць вінтоўкай. Каб супакоіць фашыста, мама пачаставала яго ежай, і, дзякуй Богу, ён сышоў. Пад вечар вёску абносілі дротам, і заходзіць за яго немцы не дазвалялі. Вакол хадзіў вартавы з гумовай дубінкай і, калі ўжо зловіць каго, то збіваў палкай. Баяліся нават падыходзіць да гэтых звяроў. Побач з вёскай немцы вартавалі ахоўвалі палонных рускіх салдат, вадзілі іх на працы. Мясцовыя жыхары насілі палонным ежу – дазваляліся толькі сырыя буракі. Але перад тым як пачаставаць палонных, неабходна было немцам прынесці сала, яйкі, малако. Наеўшыся, яны станавіліся лагоднымі. Запаляць свае цыбукі і нас не чапаюць. Ніколі не забуду, як немцы здзекаваліся з яўрэяў. Яшчэ да вайны ў Красным іх жыло шмат. Калі прыйшлі акупанты, яўрэяў сагналі ў гета. Хадзілі яны з нашытымі жоўтымі зоркамі на спіне. Нягледзячы на спякоту ці холад, немцы выводзілі людзей на цяжкія працы. Галодныя, абарваныя, бедныя людзі – так немцы іх не любілі. Аднойчы паліцаі сабралі ўсіх дзяцей і дарослых з нашай вёскі і павялі ў бок Краснага. Там нас паставілі ля пустога хлява. Мы глядзелі і не разумелі, што адбываецца. Затым у гэты барак пачалі заводзіць яўрэяў. Асабліва запомнілася, як мужчына, узяўшы за рукі сваіх дваіх малых дзяцей, вёў іх на пакутлівую смерць. Нам было жудасна глядзець на гэта, людзі адварочваліся, але фашысты сказалі, што калі будзем адводзіць погляды, то адправімся ўслед за яўрэямі. Потым хлеў падпалілі. З асаблівай жорсткасцю з людзей здзекаваліся нават не немцы – мы называлі іх «уласаўцамі». Па абмундзіраванні яны адрозніваліся ад нямецкіх салдат. Гэтыя карнікі насілі чорную форму і на плячы белую павязку. Размаўлялі яны на ўкраінскай мове. Вось яны і расстрэльвалі яўрэяў, ды і з нас здзекаваліся яшчэ горш, чым нямецкія салдаты.
– А калі вёску вызвалілі ад немцаў?
– У 1944 годзе фашысты пачалі адступаць. Ізноў пачаліся бамбёжкі, страляніна. Даводзілася шукаць небяспечны прытулак у лесе. Пасля вызвалення ў вёску зайшлі рускія салдаты. Людзі радаваліся, дыхаць стала вольна, нават не верылася, што гэты жах скончыўся: можна спакойна працаваць у полі, выходзіць на вуліцы і не баяцца за сваё жыццё. Здавалася, што гэта сон. Нават сонейка над вёскай засвяціла па-асабліваму радасна. Летам 44-га да нас у вёску заехалі рускія салдаты. Камандзір у суправаджэнні сувязісткі і некалькіх салдат размясціліся ў нашым доме – арганізавалі вузел сувязі. Бліжэй да вечара салдатка выйшла ў агарод, каб нарваць зеляніны і прыгатаваць для іх вячэру. Калі яна выходзіла з агарода з пучком зеляніны, камандзір спытаў у яе, ці дазволіла гаспадыня дома ёй рваць цыбулю. Сувязістка сказала, што не пыталася дазволу, і ён загадаў вярнуць усё. Мама пацікавілася ў салдат, хто гэты строгі камандзір. Ваенны адказаў, што гэта Георгій Жукаў.
– Немцы знішчылі ўсё, многія мужчыны не вярнуліся з фронту. Як аднаўлялася вёска пасля вайны?
– З нашай вёскі не вярнуліся дзевяць чалавек. Пасля вайны пачалі аднаўляць калгас. Мужчын было мала, таму ўсю цяжкую працу на свае плечы ўзвалілі жанчыны. Даводзілася і за плугам хадзіць, і самім запрагацца... Цешыла адно – што гэта праклятая вайна скончылася. У 1945-м пачалі вяртацца з фронту мужчыны – станавілася лягчэй. Канешне, не адразу ўсё наладзілася, усяго было. Пасля вайны ежы не хапала, немцы і бандыты ўсё барахло пазабіралі – апрануць не было чаго. Але паціху жыццё ў калгасе наладзілася. Пачалі з’яўляцца на свет дзеткі. Людзей у Красоўшчыне станавілася ўсё больш, дамы адбудоўваліся, вёска адраджалася. Мы былі маладымі, вясёлымі. Людзі былі вельмі добрыя. Жылі, як адна дружная сям’я. Гэта не жарты – такое гора разам перажылі і выстаялі. Пасля вайны я выйшла замуж. Так і засталіся з мужам жыць у вёсцы. Сорак гадоў адпрацавала ў калгасе – нават дэпутатам была. Даўно ўжо на пенсіі. Спачатку ўнукаў гадавала, цяпер з праўнукамі няньчуся.
– Што вы сказалі б маладому пакаленню?
– Дзеткі мае, я бачыла гора, жахі вайны . Не дай Бог вам такія выпрабаванні лёсу. Кожны дзень малю Госпада, каб гэтага не паўтарылася. Людзі цяпер добра жывуць – амаль у кожнага машына. Моладзь адукаваная, добра апранутая. Беражыце ўсё гэта! Я ведаю, што гавару. У нашага пакалення ёсць з чым параўнаць.
Алег ПАЦЭВіЧ
Фота: аўтар і архіў Зінаіды ЛАВОР