Новости Молодечно и Молодечненского района

Вучыцца новаму ніколі не позна

  • 2025-04-20 08:22:00
  • Олег Беганский

Лідзія САЛАМЯНКА – адна са старэйшых жыхароў вёскі Бортнікі. Яна не толькі захоўвае народныя традыцыі рукадзелля, але і асвойвае новыя прыёмы стварэння вырабаў.

– Нарадзілася я ў 1938 годзе, – гаворыць Лідзія Іванаўна. – Усё жыццё пражыла ў Бортніках. Сям’я наша была сялянская. Бацькі, Іван Сямёнавіч і Марыя Андрэеўна, трымалі сваю гаспадарку. У іх было трое дзетак (я і два мае браты). Калі пачалася вайна, бацьку мабілізавалі ў Чырвоную армію. Ён трапіў у палон, выпрабаваў усе жахі няволі. Калі вярнуўся на Радзіму, працаваў у мясцовай гаспадарцы.

Саму акупацыю субяседніца не памятае. Гаворыць, што ў памяць урэзаліся яе наступствы. Вёска ў час вайны гарэла. Потым сяляне нанова адбудоўвалі свае двары. Лідзія закончыла сем класаў Дубраўскай школы. Потым пачалася працоўная біяграфія. На Дубраўскім спіртзаводзе яна працавала на драбілцы для соладу, у мясцовай гаспадарцы вызначала тлустасць і іншыя параметры малака на жывёлагадоўчай ферме. Недалёка ад населенага пункта вяліся распрацоўкі торфу. Удзельнічала ў іх і Лідзія Іванаўна.

– Амаль 18 гадоў я адпрацавала паштальёнам, – працягвае субяседніца. – Абслугоўвала вёскі Бортнікі, Дубрава, Навасёлкі-1, іншыя населеныя пункты і хутары. Людзі тады масава выпісвалі перыёдыку, дасылалі пісьмы. Летам на рабоце вельмі выручаў веласіпед. Зімой многія кіламетры даводзілася пераадольваць пешшу. А зімы раней былі снежныя, таму маршрут даваўся цяжка.

З будучым мужам, Мікалаем Сцяпанавічам, Лідзія Іванаўна пазнаёмілася выпадкова. Яе бацька тады працаваў прыёмшчыкам малака ў насельніцтва. А хлопец прынёс здаваць гэты прадукт. Маладыя спадабаліся адзін аднаму. Згулялі вяселле. У іх нарадзілася пяцёра дзяцей (тры дачкі і два сыны). Цяпер у гераіні нашага аповеду 8 унукаў і 16 праўнукаў.

– Вёска паступова змяняецца, – заўважыла жанчына. – Карэнных жыхароў засталося мала. Дамы засяляюць дачнікі і прыезджыя. Але ваколіцы застаюцца такімі ж прыгожымі, як і раней. Бортнікі размешчаны побач з заказнікам мясцовага значэння. У «госці» да нас калі-нікалі наведваюцца дзікія насельнікі лесу – вавёркі, раней дзікі прыходзілі паласавацца жалудамі. Навокал шмат крыніц, якія даюць пачатак Заходняй Бярэзіне.

Аднак жанчына пакінутай сябе не лічыць. У вёску прыязджае аўтакрама. І тое ж Дубрава з магазінам і іншымі выгодамі побач. З маці жыве сын Андрэй. Часта прыязджаюць у госці і дапамагаюць іншыя дзеці, а таксама ўнукі і праўнукі. Субяседніца любіць кветкі: цюльпаны, астры, цыніі, ружы. Уся гэта прыгажосць расце на падворку. Па яе словах, у горадзе не адчуеш такога хараства!

Яшчэ да выхаду на пенсію Лідзія Саламянка асвоіла кравецкую справу. Шыла дзіцячыя паліто, фуфайкі, сукенкі для сваёй сям’і і знаёмых. Майстэрству яе навучыла мясцовая жыхарка. Яна шмат што ўмела і перадала веды нашай субяседніцы. Некалькі гадоў таму Лідзія Іванаўна вырашыла аднавіць заняткі рукадзеллем. І гэта ў яе выдатна атрымалася!

Пакоі ў доме жанчыны нагадваюць сапраўдны музей. У час своеасаблівай экскурсіі пенсіянерка прадэманстравала шматлікія саматканыя дываны, посцілкі, вязаныя рукавіцы, шкарпэткі, тапкі, іншыя вырабы. Вязанне кручком яна асвоіла гады тры таму. А яшчэ ёй спадабалася тэхніка алмазнай мазаікі. Пано, вырабленыя з яе прымяненнем, атрымліваюцца яскравыя, аб’ёмныя.

– Вязанне нервы супакойвае, дапамагае з хваробамі змагацца, – гаворыць Лідзія Іванаўна. – Узоры «падглядаю» ў газеце. Вязаныя вырабы раздаю сваякам. Упэўнена, што нягледзячы на ўзрост, любы чалавек у стане навучыцца нечаму новаму.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ