Калі ёсць сэнс у мастацтве
Кампазіцыя на ўездзе ў наш горад была ўстаноўлена дзесяць гадоў таму напярэдадні Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2011». Сама статуя Прасвятой Багародзіцы вышынёй 4,5 метра, вагой больш за паўтары тоны, адлітая ў бронзе — вынік творчасці скульптара Аляксандра Фінскага і архітэктара Армена Сардарава, які распрацаваў праект. Дарэчы, персанальная выстаўка творчых работ Аляксандра Міхайлавіча разгорнута цяпер у Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Сярод іх ёсць аўтарскі паўтор скульптуры Прасвятой Багародзіцы, толькі вышынёй 65 сантыметраў.Скульптура Прасвятой Багародзіцы вышынёй 65 сантыметраў, зробленая А. Фінскім, цяпер знаходзіцца на выстаўцы ў Мінскім абласным края-знаўчым музеі.
Кампазіцыя на ўездзе ў Маладзечна адна з самых высокіх у нашым раёне. Яна даўно стала своеасаблівым духоўным сімвалам горада. Аляксандр Фінскі, якому цяпер 67 гадоў (родам ён з Пухавіцкага раёна, а жыве ў Мінску), расказаў нашаму выданню аб тым, як працаваў над стварэннем скульптуры. Гэту творчую ідэю ўжо тады вопытны майстар абдумваў некалькі тыдняў. Каб ажыццявіць яе, спатрэбілася каля трох месяцаў.
— Спачатку робіцца эскіз, потым — рабочая мадэль, па якой павялічваецца памер скульптуры да неабходнага, затым варыцца каркас… — расказвае Аляксандр Міхайлавіч. — Урэшце ідэю трэба давесці да вобразнай выразнасці, у даным выпадку ў бронзе. Скульптура павінна ўспрымацца з любой кропкі агляду – з зямлі, неба, з бакоў.
Вобраз Прасвятой Багародзіцы Аляксандр Фінскі інтэрпрэтаваў, у ім схематычна абазначана графіка герба Маладзечна.
— Найперш мне хацелася стварыць адухатвораны аптымістычны вобраз, сугучны з маладосцю, — працягвае ён. — Хаця назва вашага горада пайшла ад іншага слова, але мне падалося, што такая статуя будзе да месца на ўездзе ў Маладзечна, тым больш што на той момант там пачалі будаваць новы мікрараён.
Скульптура Багародзіцы была адліта ў Мінску на мастацкім камбінаце.
— На мой погляд, радавых работ у сапраўдным мастацтве не бывае, інакш гэта ўжо халтура, — разважае творца. — Кожная работа мае сваю пластычную асаблівасць. Мажліва, Багародзіца простая ў руху, але ён не статычны, у ім адчуваецца натхнёны парыў.
Дарэчы, перш чым пачаць працаваць над стварэннем статуі, скульптар неаднойчы бываў у Маладзечне, потым прыязджаў на святочныя мерапрыемствы «Дажынак». Аднойчы ехаў праз наш горад з сынам. Той заўважыў ля скульптуры людзей і прапанаваў бацьку запытацца ў іх, ці ёсць у ёй сэнс. Аўтара вырашыў не прадстаўляць. І Аляксандру Міхайлавічу было вельмі прыемна пачуць у адказ: «Канечне ёсць! Яна ж створана для людзей…».Творца Аляксандр Фінскі.
Перавернутая шклянка…
Вырабам пастамента для скульптуры займаліся на мясцовым заводзе металаканструкцый. У архіве прадпрыемства захаваліся фотаздымкі таго часу, якімі падзялілася з намі намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і агульных пытаннях Алена Арцюх.
— Частка кадраў зроблена ў вытворчых цэхах, — заўважае яна. – Сфатаграфаваны і момант пагрузкі пастамента. Здымалі самі завадчане. Таксама на фота ёсць працэс мантажу кампазіцыі, але ім займалася ўжо іншая арганізацыя. Нашы сфатаграфавалі яго для архіва, бо ўстаноўка скульптуры сапраўды была падзеяй для горада.
Сярод тых, хто быў задзейнічаны на гэтым аб’екце і сёння працуе на заводзе, газарэзчык Генадзій Снапок. Сёлета ў яго паўвекавы працоўны юбілей.
— Я займаўся вальцоўкай конуса, — расказвае Генадзій. — Па сутнасці, гэта самая звычайная полая стальная труба, для жорсткасці ўзялі металічныя лісты таўшчынёй восем міліметраў. Дарэчы, падводныя лодкі робяць з «пяцёркі», праўда, і стальны сплаў там больш трывалы. Пастамент для Багародзіцы ўяўляе сабой два конусы, «складзеныя» адзін у адзін, зверху – таксама металічнае кальцо, а знізу – пляцоўка. Дзіўна прагучыць, але калі гэту канструкцыю перавярнуць, па форме яна будзе падобная на гранёную шклянку.
Генадзій Снапок гаворыць, што работа над пастаментам была не самай складанай за яго 50 працоўных гадоў. Чаго, напрыклад, не скажаш пра Нацыянальны Алімпійскі стадыён «Дынама», для якога разам з іншымі завадчанамі яму давялося вырабляць металаканструкцыі.Слесар-зборшчык Мікалай Васілевіч і газарэзчык Генадзій Снапок заўсёды ўважліва вывучаюць чарцяжы праектаў, над якімі працуюць.
— З іншага боку, пастамент для статуі Багародзіцы неабходна было зрабіць у вельмі сціслыя тэрміны – прыкладна за два тыдні, — успамінае ён. — Таму ў цэху работа літаральна кіпела. На здаецца звычайны працоўны працэс з цікавасцю прыходзілі паглядзець інжынеры і тэхнолагі нават з іншых участкаў. Пастамент цалкам быў сабраны на нашым заводзе, а таксама пафарбаваны і ў гатовым выглядзе дастаўлены ў вызначанае месца, куды таксама прывезлі і скульптуру для далейшага мантажу. Яго толькі засталося перавярнуць і ўстанавіць. Пастамент атрымаўся вышынёй больш за 10 метраў. Самыя высокія канструкцыі, што даводзілася мне вырабляць (а гэта 18 метраў), устаноўлены ля спартыўна-забаўляльнага комплексу «Мінск-Арэна».
Зборачнымі работамі пастамента для Багародзіцы займаўся слесар-зборшчык Мікалай Васілевіч. На заводзе ён ужо 44-ы год. Тады працаваў разам з Аляксандрам Радкевічам, які таксама быў слесарам-зборшчыкам. На жаль, яго ўжо няма. Як і Генадзій, Мікалай не лічыць работу над пастаментам складанай. Але той час яму запомніўся назаўсёды — не кожнаму выпадае магчымасць такім чынам дакрануцца да ўзвышанага – вечнага вобраза Багародзіцы, якая аберагае і наша Маладзечна.Пастамент «прыбыў» на вызначанае месца.
Ірына РАБУШКА.
Фота: АЎТАР, Аляксей ПЛАТКО, архіў ЗМК.