Спачатку перад навучэнцамі 10-11 класаў выступіў начальнік аддзела прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў падпалкоўнік Аляксандр Марчанка. Ён пазнаёміў будучых выпускнікоў з умовамі паступлення ў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, на ваенныя факультэты грамадзянскіх ВНУ, адказаў на шматлікія пытанні.
Агляд-конкурс пачаўся з праходжання атрадамі страявым крокам пад марш «Развітанне славянкі» перад членамі журы, вынасу Дзяржаўнага сцяга і выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
Удзельнікі спаборнічалі ў пастраенні, выкананні страявых каманд, камандзіры ўпэўнена здавалі рапарт. Выступленне па страявой падрыхтоўцы ацэньвалася па наступных крытэрыях: дысцыпліна строю, знешні выгляд, выкананне паваротаў на месцы, страявы крок, выкананне ваенна-патрыятычнай песні, дзеянні камандзіра.
Ацэньвала страявыя навыкі навучэнцаў кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі падпалкоўнік Аляксандр Марчанка (старшыня), настаяцель Палачанскай царквы іерэй Дзмітрый Папоў, дырэктар школы Павел Закружны, намеснікі дырэктара Наталля Шаціла і Наталля Карыцька, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Вольга Стужынская.
Няпроста было вызначыць каманду-пераможцу, бо ўсе вучні паказалі добрыя вынікі. У няпростай барацьбе першае месца заваяваў атрад «Танкісты» (11 клас, камандзір Павел Фалей), другое – атрад «Дэсант» (6 клас, камандзір Вікторыя Маскалевіч), трэцяе – атрад «Разведчыкі» (10 клас, камандзір Данііл Кушнір). Лепшым камандзірам прызнаны Уладзіслаў Бабей, які ўзначаліў атрад «Салдаты» 9 класа. У намінацыі на лепшае выкананне страявой песні пераможцам быў прызнаны атрад «Кацюша» 5 класа.
Юрый МЯЦЕЛЬСКІ,
кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Палачанскай СШ
Фота: архіў Палачанскай СШ