Творчая жылка ў Віктара праявілася яшчэ ў чацвёртым класе. Родам ён з Валожыншчыны. І менавіта краявіды малой радзімы натхнілі на напісанне вершаў.
— Думкі, здаецца, самі сталі складацца ў паэтычныя радкі, — заўважае Віктар, які хоць і прывык да ўвагі да сваёй персоны, але ўсё ж саромеецца ўласнай паэзіі.
Штораз ён удакладняе:
— Я не пішу, а складаю. Пішуць вялікія людзі.
Яшчэ са школьных часоў Віктару падабаецца бываць на розных мерапрыемствах з удзелам паэтаў і пісьменнікаў. З дзяцінства ён беражлівае захоўвае кнігу з аўтографам Міхася Скрыпкі, які некалі прыязджаў на Валожыншчыну на сустрэчу з вучнямі. У больш сталым узросце Віктар ездзіў у Мінск у Дом літаратараў.
— Там праходзіла імпрэза з удзелам Артура Вольскага, Васіля Быкава, — успамінае субяседнік. — Гэта вялікія пісьменнікі ў айчыннай літаратуры, якімі немагчыма не захапіцца. Сустрэча з імі пакінула вельмі яркія ўражанні.
Віктар заўзяты аматар творчых конкурсаў. Яно і не дзіўна: у яго скарбонцы нямала перамог. Першыя спробы ў якасці канкурсанта былі ў школьным узросце. Потым, як сам заўважае, узяў тайм-аўт. І вярнуўся да творчых спаборніцтваў, калі яму было далёка за 40.
Увесь гэты час Віктар пісаў вершы «ў стол». Па старой звычцы і цяпер дробным почыркам занатоўвае іх у тоўсты сшытак.
— У мяне іх два, — працягвае творца. – Той, дзе запісаў больш, з песнямі. З цягам часу адчуў, што некаторыя радкі добра кладуцца на музыку.
Віктар выконвае іх пад уласны акампанемент. Першую гітару яму падарыла старэйшая сястра. Ён самастойна навучыўся іграць і на слых складае музычныя кампазіцыі. Вершы і песні любіць запісваць на мабільны тэлефон у аўдыё- альбо відэафармаце.
— Адсылаю запісы сябрам і калегам, якія цікавяцца маёй творчасцю, — усё з той жа сціпласцю ўсміхаецца аўтар. – Напрыклад, рамонтнікі, калі вязу іх на чарговае «месца дыслакацыі», любяць слухаць мае песні.
Віктар арганічна ўліўся ў прафсаюзнае жыццё «Камунальніка» і заўсёды ўдзельнічае ў конкурсах сярод самадзейных паэтаў і выканаўцаў, якія нярэдка ладзіць Мінская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў. Неаднойчы займаў прызавыя месцы. Цяпер маладзечанец чакае вынікаў конкурсу, прысвечанага Дню маці, што праводзіўся дыстанцыйна. Наш зямляк, як і іншыя ўдзельнікі, даслаў у аргкамітэт відэаролік, што зрабіў з дапамогай дачкі, якая таксама з павагай ставіцца да яго творчасці. Віктар прысвяціў чуллівы верш сваёй маці.
— На жаль, тры гады таму яе не стала, — гаворыць субяседнік. – А некалі менавіта яна была маёй першай слухачкай…
Увогуле, Віктар расказвае ў вершах пра тое, на што адгукаецца яго сэрца. Гэта тэмы вайны і міру, кахання, узаемаадносін паміж людзьмі, стаўлення да навакольнага свету. Падабаецца яму і філасофстваваць пра жыццё альбо прыдумваць жартаўлівыя вершы пра дзяцінства.
— У мяне па-ранейшаму ўсё само сабой складаецца, нават не магу патлумачыць, чаму адны словы выліваюцца ў беларускамоўныя радкі, іншыя – у рускамоўныя, — гаворыць Віктар. – Канечне, здараецца, што рыфма аніяк не ідзе! Вось нядаўна не мог прыдумаць два завяршальныя радкі ў вершы. У паэзіі галоўнае — злавіць хвалю…
Любіць Віктар чытаць друкаваныя кнігі, каб даведацца штосьці новае, натхніцца на творчасць. Падабаецца яму дакументальная літаратура пра ваенныя часы, але любімы жанр усё ж паэзія. Асабліва вылучае майстэрства Сяргея Ясеніна, Аляксандра Разенбаўма ранняга перыяду, Віктара Шніпа.
Найбольш блізкі па духу нашаму земляку Уладзімір Высоцкі.
Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА
Вершы Віктара Ліхтаровіча
***
Дождинки пляшут
по окошку лихо.
Я вглядываюсь молча
в темноту.
Ну, вот и всё, ушла ты
очень тихо,
Покинув лишь печаль и пустоту.
Ушла туда, где ждут тебя
и любят,
Где нет дождя и скудности стола.
Я не сержусь, пусть годы
всё рассудят,
Но часть души моей ты забрала.
А может, и не часть, а половину.
А может, сразу вовсе целиком.
Вместо души оставив паутину,
И вместе с паутиной в горле ком.
Когда весной распустится
черешня,
Водой из родника умоюсь я,
И ты ко мне придешь —
во сне, конечно,
Я снова буду твой, а ты моя.
***
Агонь і дым – ізноў прысніўся бой.
І зноў жа прахапіўся старшына.
А за акном зацішша і спакой.
Заснуў — а сніцца ўсё вайна.
«Рыхтуй гранаты, хлопцы,
злева танкі! —
Крычыць спрасонку старшына. – Заняць квадрат другі
ля той палянкі!».
Зноў прахапіўся,
зноў жа цішыня.
Там, на двары, цалуюць
ночку росы,
Рагаты месяц з неба пазірае.
І па лугах туман
прайшоўся босы,
А старшына спрасонку
ўсё страляе.
Прачнуўся, закурыў,
на ганак выйшаў,
Мо, з паўгадзіны, мо
і больш стаяў ён там.
І нібы толькі з бою выйшаў сам.
Ракетай раптам зорка
падалася,
Што на зямлю, згараючы,
ляцела.
Ды толькі паласа на небе
засталася,
А ў ветэрана сэрца зашчымела.
Вайна, праклятая вайна
У памяці людзей не прападае.
Крычыць сівы спрасонку
старшына,
Ізноў спрасонку старшына
страляе.