Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Маладзечанскага гарадскога Савета дэпутатаў. Нядаўна калегі занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі павіншавалі былога кіраўніка з юбілеем, шмат цёплых слоў адрасавалі яму праз мясцовую газету.
Свой сярод калег
Віктар Аляксеевіч не адразу вызначыўся з будучай прафесіяй. Пасля школы закончыў чыгуначны тэхнікум. Служыў у 101-м атрадзе Паўночнага флоту на востраве Кільдзін у Баранцавым моры. Пасля тэрміновай службы прыехаў у Мінск, дзе вучыўся яго сябар Вячаслаў Карпаў. Вырашыў звязаць сваё жыццё з медыцынай. Шэсць гадоў асвойваў навуку на новым тады санітарна-гігіенічным факультэце медінстытута.
У 1970 годзе Віктар Белік па размеркаванні прыехаў у Маладзечна. Малады спецыяліст адразу быў прызначаны загадчыкам аддзялення гігіены працы санітарна-эпідэміялагічнай станцыі. Сустрэлі яго добразычліва. Канкурэнцыі паміж супрацоўнікамі не было, кадры цаніліся. З цеплынёй успамінае Віктар Аляксеевіч старэйшых, вопытных калег. На той час галоўным санітарным урачом горада працаваў Мікалай Булацкі. Аўтарытэтам карысталіся заслужаны ўрач, загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Еўдакія Драздова, урачы-эпідэміёлагі Ніна Коршак і Марыя Самычына, якая выяўляла асабліва небяспечныя інфекцыі, а таксама ўрач-паразітолаг Зоя Філіпенкава. У свой час Уладзімір Шулькін быў адным з лепшых бактэрыёлагаў вобласці. Шмат зрабіла для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы санітарна-гігіенічнай лабараторыі Ларыса Тамошкіна. Адданымі сваёй справе былі Павел Кепкал, які працяглы час загадваў аддзяленнем камунальнай гігіены, памочнік санурача Дзмітрый Масягін. У калектыве працавалі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.
Спецыялісты аддзялення гігіены працы разам са службай па тэхніцы бяспекі сачылі за захаваннем санітарыі на прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах горада і раёна. Абследаваліся ўмовы працы, праводзіліся неабходныя лабараторныя замеры. Сітуацыя дэталёва аналізавалася, складваліся прафесіянаграмы для праходжання медабследавання работнікамі, якія працавалі са шкоднымі рэчывамі, ядахімікатамі. Спісы падаваліся ў паліклініку ўрачам, замацаваным за прадпрыемствамі.
Супрацоўнікі Маладзечанскай СЭС у пачатку 1980 гадоў.
Загадчыца санітарна-гігіенічнай лабараторыі Аляксандра Багрыцэвіч (крайняя справа) са сваімі памочнікамі.
З маладога спецыяліста – у вопытныя кіраўнікі
У пачатку 1972 года Віктару Беліку прапанавалі ўзначаліць санітарна-эпідэміялагічную станцыю. Калектыў праводзіў прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на зніжэнне інфекцыйных захворванняў у арганізаваных калектывах горада і раёна. Строга кантраляваліся якасць вады, арганізацыя харчавання. Служба не заўсёды мела сучаснае абсталяванне, часта кіраўніку даводзілася вырашаць праблемы з тэхнічным забеспячэннем. Але моцным было жаданне перамагчы хваробы, пагрозу для здароўя людзей.
— Ці строгім вы былі кіраўніком? — пытаюся ў субяседніка.
— Больш правільна сказаць — патрабавальным. Калі бачыў, што чалавек нядобрасумленна ставіцца да сваіх абавязкаў ці не выконвае прадпісанні, вядома, прымаў меры,— адказаў ён.
На кіраўнікоў прадпрыемстваў спецыялісты складалі пратаколы аб санітарных парушэннях. Сумы штрафу маглі быць і дзесяць рублёў. Віктар Аляксеевіч аднойчы вырашыў не «рублём пакараць адказных асоб», а ўздзейнічаць маральна. Штрафы былі выпісаны мінімальныя: адзін, тры рублі. Лічбы, зачытаныя на гарадской нарадзе, выклікалі бурныя эмоцыі. Але галоўнае — парушэнні былі выпраўлены.
— У Маладзечне праводзіліся абласныя семінары з урачамі рэспублік СССР. Прыязджалі спецыялісты з Прыбалтыкі, Расіі, Украіны, Узбекістана... Урачы пастаянна ўдасканальвалі свае прафесійныя веды і навыкі, праходзілі перападрыхтоўку. Гэта садзейнічала своечасоваму
правядзенню супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Цэнтр пастаянна быў на лідзіруючых пазіцыях па стабільнай эпідсітуацыі ў раёне, — гаворыць субяседнік.
Ён з удзячнасцю ўспамінае сваіх калег. У іх ліку вопытныя супрацоўнікі бактэрыялагічнай лабараторыі Соф’я Паланейчык, Дар’я Бельская, Тамара Лукашэвіч, Любоў Дударава, Анастасія Бярозкіна, Людміла Ярмаловіч. Кожны адказна ставіўся да сваіх абавязкаў. Адданыя справе сапраўдныя прафесіяналы Міхаіл Грабоўскі, Сяргей Каравай, Людміла Ермачэнка, Юрый Дземідовіч, Галіна Мандрык, Таццяна Матусевіч, Людміла Міхасёнак, Зоя Касцюк, Ларыса Іванова, Лілія Жарая, Мая Ілюхіна, Наталля Шырко, Галіна Бялова. Добрыя словы Віктар Аляксеевіч адрасаваў Таццяне Малюш.
— Перад калектывам медустановы жыццё ставіла складаныя задачы. У 1986 годзе, пасля чарнобыльскай трагедыі, мы ўпершыню сутыкнуліся з нябачным і вельмі каварным ворагам – радыяцыяй. Разам са спецыялістамі аб’язджалі раён. Праводзілі радыелагічны кантроль. Даходліва інфармавалі жыхароў аб небяспецы забруджаных прадуктаў, дароў лесу. Цяжка пераацаніць значнасць службы і ў гэтым кірунку,— гаворыць Віктар Белік.
Віктар Белік, Павел Кепкал, Аляксандр Кобрусеў вывучаюць планіроўку і забудову мікрараёна.
Калі хочаш быць здаровым…
Віктар Аляксеевіч не выглядае на свой узрост. Ён прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, стараецца шмат рухацца, абавязкова робіць зарадку, пешыя прагулкі. Раіць усім умацоўваць імунітэт, правільна харчавацца, адмовіцца ад шкодных звычак. Старацца як мага менш прымаць лекі — яны таксама могуць нашкодзіць здароўю. А вось пазітыўныя эмоцыі і гумар будуць толькі на карысць, упэўнены вопытны медык.
Медыцына – невыпадковы шлях у нашага земляка. Жонка Віктара Аляксеевіча Зінаіда Фёдараўна, з якой разам па жыцці ідуць больш за пяцьдзясят гадоў, не адно дзесяцігоддзе адпрацавала ўрачом-гінеколагам у Маладзечанскім радзільным доме. Сын Аляксандр стаў стаматолагам, жыве ў Таліне. Другі сын Аляксей працуе ў Мінскім лагістычным цэнтры. Ганарыцца Віктар Аляксеевіч і новым пакаленнем: унучкі Надзея, Марыя і Ларыса, а таксама ўнук Мікалай радуюць сваімі поспехамі. Менавіта ім працягваць лепшыя сямейныя традыцыі, у тым ліку і здаровага ладу жыцця.
Фота: Аляксей ПЛАТКО, архіў Віктара БЕЛІКА.