Ідэя аб’яднацца ў групу з’явілася гадоў пятнаццаць таму ў работніц Гаеўскай фермы, якой на той час загадвала Любоў Бажко. Вакол яе і згуртаваліся галасістыя жанчыны, стварылі вакальны калектыў. Яго першапачатковая назва – «Груздаўчанка», бо большасць удзельніц жыла ў Груздаве. Любоў Сямёнаўна ўспамінае, што рэпеціравалі іншы раз прама ля фермы, а выступалі па ўсім наваколлі, удзельнічалі ў святах вёсак, раённых мерапрыемствах. Час ішоў, большасць жанчын выйшлі на пенсію, аднак з песняй не развіталіся. Касцяк калектыву застаўся, на яго аснове і стварылі «Сустрэчу». Да іх далучыліся такія ж апантаныя самадзейныя спявачкі з іншых населеных пунктаў. Цяпер сярод удзельніц групы Ала Аноп, Алена Тынкевіч, Ганна Сянько, Людміла Кандратовіч, Ніна Кавалеўская, Алена Мішчанка, Ірына Бараноўская, Любоў Бажко.
– Нізкі паклон нашаму акампаніятару Ганне Сянько, якая, не шкадуючы сіл і часу, вучыла нас правільна выконваць народныя, эстрадныя творы, – з удзячнасцю гаворыць Любоў Бажко. – Людміла Кандратовіч, вельмі вопытны работнік культуры, – аўтар выдатных сцэнарыяў нашых праграм.
Песні калектыву вельмі цёпла ўспрымаюць гледачы, шчыра дзякуюць за канцэрты «з дастаўкай на дом», запрашаюць прыязджаць яшчэ. Нягледзячы на тое, што жанчыны жывуць у розных вёсках, рыхтуючыся да чарговага выступлення, яны па два разы на тыдзень збіраюцца ў Палачанах на рэпетыцыі.
Іншы раз ад людзей маладога ўзросту можна пачуць, што, маўляў, цяперашняе імклівае жыццё патрабуе новых рытмаў і песень, новых крэатыўных выканаўцаў. Аднак у народных песнях – душа беларусаў, яны нам генетычна блізкія і родныя, іх словы запамінаюцца самі па сабе. Старэйшае пакаленне гэта выдатна разумее і стараецца данесці да моладзі, захаваць духоўную спадчыну. У бліжэйшы час выступленне групы «Сустрэча» можна будзе пачуць у Палачанах на выбарчым участку ў адзіны дзень галасавання.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА
Фота: архіў Любові БАЖКО