Новости Молодечно и Молодечненского района

Усiм дарэчы Калядныя сустрэчы

  • 2024-01-19 13:22:46

Беларусы любяць не толькі працаваць, але і добра весяліцца. Асабліва ў адно з самых любімых народных святаў – Каляды, багатае на традыцыі і абрады. На працягу цэлага тыдня спецыялісты дзіцячыга цэнтра культуры “Расток” ладзілі шэраг святочных мерапрыемстваў разам з выхаванцамі ўстановы: клуб беларускай гульні “Весялінка”, музычна-паэтычны клуб “Вытокі” і краязнаўчы клуб “Беларуская хатка”. Каляды ладзіліся як у самой установе, так і ва ўстановах адукацыі горада: сярэднія школы №1, №2 , №5, № 11, гімназія №3. Да свята далучыліся і маленькія выхаванцы дзіцячага сада №9, куды таксама завіталі Калядоўшчыкі з дзіцячага цэнтра культуры “Расток”. Весела бавіць час мелі магчымасць і жыхары горада, якія прыходзілі сем’ямі 12 студзеня на фальклорнае свята “На святкі свае парадкі”. Людзі старэйшага ўзросту сабраліся на вечарыну “Калядны фэст” у рамках дабрачыннай акцыі “Ад усёй душы”.

Як і мае быць на Каляды, усё ішло па даўно заведзенаму парадку: святочны стол з традыцыйнымі стравамі, добразычлівыя гаспадары, варожбы, для якіх калядныя вечары самыя спрыяльныя, шматлікія жарты і забавы.

Па традыцыі да гаспадароў завіталі Калядоўшчыкі, спявалі калядныя песні, услаўлялі гаспадароў, жадалі ўсім прысутным шчасця і дабра. Галоўнай у гурце была Козачка, якая запрашала гледачоў гуляць і танцаваць, бо нездарма ж у народзе кажуць: “Хто з Казою патанцуе, таму ў гэтым годзе пашанцуе”.

Не абыйшлося і без цыганак, якія завіталі на свята. Хоць і многа шуму нарабілі, але ўсіх добра павесялілі.

Госці ад артыстаў не адставалі: жартавалі, гулялі, на ўхваце каталіся, прыпеўкі спявалі, танцавалі, ігралі ў імправізаваным аркестры шумавых інструментаў.

Кожны мог знайсці сабе забавы па душы – і дарослыя, і дзеці. Дарослым Калядныя сустрэчы дазволілі вярнуцца ўспамінамі ў дзяцінства, калі ўся сям’я збіралася за святочным сталом, на якім пад абрусам ляжала сена, дзе смачна пахла Куцця – традыцыйная Калядная страва. А ў дзяцей была выдатная магчымасць праз гульні даведацца аб традыцыях святкавання Калядаў на Беларусі, каб захаваць іх, а потым перадаць сваім нашчадкам.

Адным словам, на святах усім было весела, цёпла і ўтульна. Спадзяёмся, што гасцям прыйшліся да смаку не толькі калядныя прысмакі, але і самі святы, якія падарылі ўсім цудоўны настрой.