Нядаўна ў СУП «Хажоваагра-2009» прайшлі раённыя «Зажынкі». У гаспадарцы адказна падышлі як да арганізацыі свята, так і да сёлетняга жніва.
– Да ўборачнай кампаніі падрыхтаваліся загадзя, – адзначыла дырэктар гаспадаркі Алена Халматава. – У дапамогу вадзіцелям і механізатарам удзельнікамі жніва сталі інжынерныя работнікі. Машына-трактарны парк таксама абнаўляецца. Сёлета ў гаспадарку паступіў збожжаўборачны камбайн. Ён ужо працуе на хлебнай ніве. Тэхніка, якая прыбывае да нас, энерганасычаная, высокапрадукцыйная.
Субяседніца падкрэсліла, што палявыя работы будуць весціся інтэнсіўна аж да лістапада. Напрамкаў дзейнасці шмат. Гэта жніво, корманарыхтоўка, уборка цукровых буракоў, падрыхтоўка глебы да сяўбы азімых культур, прасаванне саломы і іншае. Людзі разумеюць сваю адказнасць і працуюць з поўнай аддачай.
З гэтым згодны механізатар Канстанцін Шчансновіч. Хлебароб паведаміў, што многа сезонаў быў «тысячнікам». У мінулыя гады працаваў як у адным камбайнавым экіпажы са сваім сынам Аляксеем, так і з іншымі работнікамі. На яго думку, галоўнае, каб чалавек быў працавітым і ўраджай паспеў добры. Тады і поспех прыйдзе.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ