Новости Молодечно и Молодечненского района

Універсальны малады спецыяліст

  • 2025-07-02 10:23:49
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Ліна ГОВАРАВА, бібліятэкар Радашковіцкай гарпасялковай бібліятэкі, – малады спецыяліст. І работа, і сам населены пункт ёй вельмі падабаюцца.


– Я нарадзілася і жыву ў Мінску, – гаворыць субяседніца. – Яшчэ ў школе захапілася літаратурай і мастацтвам. Гэта і прадвызначыла мой жыццёвы шлях. Спецыяльнасць набывала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. У Радашковічы трапіла па размеркаванні.

Гарадскі пасёлак Ліне спадабаўся: рытм жыцця тут спакойны, наваколле прыгожае, людзі цікавыя. Мясцовыя жыхары амаль усе адзін аднаго ведаюць. Бібліятэчныя мерапрыемствы праходзяць у камфортнай абстаноўцы. Маладому спецыялісту прыемна адчуваць запатрабаванасць сваёй работы.



У калектыве Ліну Говараву сустрэлі прыязна. Калегі заўсёды гатовы падказаць, падтрымаць, прыйсці на дапамогу. Ёсць магчымасць удасканальваць свае веды і навыкі, расці прафесійна, што мае немалаважнае значэнне.

– Бібліятэкару ў гарпасялковай бібліятэцы неабходна быць універсальным спецыялістам, – падкрэсліла субяседніца. – Падрыхтаваць мерапрыемства, правесці яго, выдаць чытачу кнігу… Работа разнапланавая. Такая школа і такі вопыт мне абавязкова спатрэбяцца ў далейшым.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ