Новости Молодечно и Молодечненского района

У топе продажу рапсавы алей

  • 2025-04-02 06:31:55
  • Олег Беганский

Пра гэта паведаміла Вольга САЗОН, прадавец прадуктовага магазіна ТАА «Тангенс» у Хажове.

– У нашым магазіне шырокі асартымент тавараў, – расказала Вольга Анатольеўна. – Абсалютная большасць прадуктаў айчыннай вытворчасці. Сярод найбольш папулярных – рапсавы алей. Ён на паліцах у наяўнасці пастаянна.

Субяседніца адзначыла, што прадукт карыстаецца ў вяскоўцаў вялікім попытам. Купляюць яго тыя, хто імкнецца да здаровага ладу жыцця. Сярод пакупнікоў шмат пенсіянераў. Людзі хваляць рапсавы алей за смак і добрыя спажывецкія якасці. Стравы, прыгатаваныя на ім, смачныя і карысныя.

У тэму. Рапс уваходзіць у групу дзесяці найбольш каштоўных харчовых культур. У яго насенні змяшчаецца да 50 працэнтаў алею і 20-28 працэнтаў бялку, неабходных для жыццядзейнасці чалавека. Як высветлілі вучоныя, рапсавы алей з’яўляецца крыніцай вітаміну Е і шэрагу фітастэрынаў. Прадукт вельмі карысны для пажылых людзей: 20 грамаў рапсавага алею за суткі забяспечваюць паступленне ў арганізм неабходных у гэтым узросце поліненасычаных тлушчавых кіслот і не толькі.

Айчынны рапсавы алей – прадукт бяспечны. Кантроль якасці ажыццяўляецца на ўсіх этапах тэхналагічнага працэсу ад перапрацоўкі рапсу да разліву алею па бутэльках. Якасць адпавядае ўстаноўленым у Рэспубліцы Беларусь патрабаванням, што пацвярджаецца дэкларацыямі аб адпаведнасці ЕАЭС.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ