Новости Молодечно и Молодечненского района

У СУП «ЯхімоўшчынаАгра» падсумоўваюць вынікі года

  • 2020-12-31 08:26:37
  • Алег Бяганскі

Журналісты наведалі СУП «ЯхімоўшчынаАгра» разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімірам Саланенкам. Мэтай нашага візіту было даведацца, як ідуць справы ў гаспадарцы, адзначыць некаторых перадавікоў, паслухаць, чым жывуць аграрыі.

Уладзіміра Вячаслававіча мы засталі ў добрым настроі. І гэта не дзіўна: хутка Каляды і Новы год. А падставы для аптымізму работнікаў відавочныя.

— Сёлета ў гаспадарцы сабралі важкі ўраджай збожжавых і зернебабовых, — гаворыць Уладзімір Лазар. – Ураджайнасць гэтых культур склала 50,5 цэнтнера з гектара. Кармоў нарыхтавана больш за 35 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы (значна больш, чым летась). Пры гэтым шчыльнасць сельскагаспадарчых жывёл у нас адна з самых вялікіх у раёне.

Як падкрэсліў кіраўнік, жывёлагадоўлі ў «ЯхімоўшчынеАгра» надаецца павышаная ўвага. Галіна развіваецца комплексна. Каб мець добры вынік, пастаянна павялічваецца кармавая база. Высяваюцца высокаўраджайныя раяніраваныя кармавыя культуры, якія даюць некалькі ўкосаў за сезон.

Так, пад люцэрну ў гаспадарцы адведзена больш за 200 гектараў плошчаў. Добра паказаў сябе сорга-суданковы гібрыд. Дзякуючы аўсяніцы трысняговай не толькі папаўняецца рацыён грамадскага статка, але і ўключаюцца ў сельгасабарот пераўвільготненыя ўчасткі зямель. Да таго ж гэта трава ўмацоўвае глебу.

— Мэтанакіраваная работа дае вынік. Рэалізацыя малака ў гэтым годзе ў параўнанні з мінулым склала 124 працэнты. Гатункам «экстра» пастаўляецца палова малочнай прадукцыі, і гэта доля пастаянна павышаецца. Сярэднясутачны надой ад каровы вырас да 13,5 літра (да 17 літраў — на МТФ у Яхімоўшчыне). Вядуцца мадэрнізацыя і будаўніцтва аб’ектаў жывёлагадоўлі, — паведаміў Уладзімір Лазар.
Такім чынам, у гаспадарцы сапраўды ёсць падставы і для радасці, і для аптымізму.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.