Каб дасягнуць гэтага, усім удзельнікам «зялёнага жніва» неабходна праявіць максімум прафесіяналізму і арганізаванасці, улічыць усе аспекты кампаніі. Нагадаем, што ў давернае кіраванне Маладзечанскаму райаграсэрвісу перададзены тры гаспадаркі: ААТ «Заскавічы», ААТ «Дубрава-2013» і ААТ «Купала-Агра». Такім чынам, работы вядуцца ў розных умовах, на розных участках, рознымі калектывамі, пры гэтым скаардынавана пад агульным кіраўніцтвам.
-- Для паспяховага правядзення корманарыхтоўкі створаны два спецыялізаваныя звяны, -- адзначыў Яўгеній Іванавіч. -- Адно з іх абслугоўвае вытворчы ўчастак «Маркава» і ААТ «Заскавічы». Другое дзейнічае ў гаспадарках «Дубрава-2013» і «Купала-Агра». Усяго ў кампаніі задзейнічана пяць кормаўборачных камбайнаў. Да шаснаццаці адзінак тэхнікі перавозяць зялёную масу, на трамбоўцы занятыя чатыры адзінкі.
Субяседнік паведаміў, што зялёная маса, убраная ў першыя ўкосы, практычна ўся прызначана для закладкі ў сянажныя траншэі. Адначасова вядзецца нарыхтоўка сена. Надвор’е для гэтага якраз спрыяльнае. У сельгаспрадпрыемстве чакаецца яшчэ два ўкосы. Галоўнае для аграрыяў -- убраць зялёную масу без страт і ў аптымальныя тэрміны. Гэта ў спецыялістаў выдатна атрымліваецца. Усе пытанні вырашаюцца ў інтарэсах людзей і вытворчасці.
-- Масавая ўборка азімага ячменю стартуе на прадпрыемстве ў сярэдзіне наступнага тыдня, -- паведаміў Яўгеній Гінцяк. -- Затым надыдзе чарга ўбіраць азімыя рапс і пшаніцу. Паступова паспяваюць яравыя культуры. На жніве плануецца задзейнічаць 19 збожжаўборачных камбайнаў. Уся тэхніка, а таксама зернесушыльныя комплексы практычна гатовы да прыёму новага ўраджаю.
Як падкрэсліў Яўгеній Іванавіч, у гаспадарцы вырошчваюцца толькі традыцыйныя для нашага рэгіёна сельскагаспадарчыя культуры. Тэхналогія вырошчвання такіх раслін добра адпрацаваная. Гэта гарантуе стабільны ўраджай. Задача райаграсэрвіса -- выканаць дзяржзаказ і забяспечыць кармавую базу для грамадскага статка.
Можна не сумнявацца, што намечанае будзе выканана.
У ТЭМУ. У час палявых работ вырашальнае значэнне мае чалавечы фактар. Для хлебаробаў павінны быць створаны камфортныя бытавыя ўмовы. Людзей трэба забяспечыць спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай аховы, гарачым харчаваннем. На ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс» сацыяльным пытанням надаюць вялікую ўвагу. У гэтым пераканаўся ў час прафсаюзнага маніторынгу старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анатолій Фурс.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.